Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленшчына — прарасейская Вандэя ці воўк у авечай скуры?


Літоўцы занепакоеныя, што на Віленшчыне павялічваюцца прарасейскія і прапуцінскія настроі. Авангардам «русского мира», паводле сацыёлягаў, зьяўляюцца мясцовыя палякі.

Паводле віленскага Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы і кампаніі «Baltijos Tyrimai/Gallup», 64,6% літоўскіх палякаў ацэньваюць Уладзіміра Пуціна добра і вельмі добра, а 39% перакананыя, што Расея легальна анэксавала Крым.

Чаму калісьці самая няскораная частка Расейскай імпэрыі набывае імідж прапуцінскага анкляву ў Эўразьвязе?

Агнешка Філіпяк
Агнешка Філіпяк

«Таму што мясцовыя палякі ня любяць Літву — гаворыць шматгадовая карэспандэнтка польскай „Газэты Выборчай“ у Вільні Агнешка Філіпяк. — Вялікая частка літоўскіх палякаў так і не знайшла свайго месца ў незалежнай Літве. Яны глядзяць пераважна расейскую тэлевізію і сьвядома ігнаруюць літоўскія каналы. TV Polonia, адзіны бясплатны польскі тэлеканал, гэта слабая канкурэнцыя расейскім СМІ».

Два гады таму дасьледаваньне віленскага Ўнівэрсытэту Міхала Ромэра паказала, што ажно 52,1% літоўскіх палякаў глядзяць расейскую тэлевізію. Апрача багатай і відовішчнай праграмы, расейскія каналы прапануюць і адпаведна сфармаваны вобраз сьвету. Уплыў расейскай культуры праяўляецца нават у побыце. Дасьледаваньні гаворкі віленскай моладзі, праведзеныя ў 2006 годзе паказалі, што русіцызмы складаюць ажно 84% іх слоўнікавага запасу. Ад 1996 году гэты паказьнік вырас на 10%.

«Таму ў вачах літоўскіх палякаў Пуцін — гэта моцны і эфэктыўны лідэр, а Крым — гэта частка Расеі, — гаворыць Агнешка Філіпяк, — зрэшты, пра „расейскі Крым“ яны чуюць нават ад мясцовых польскіх палітыкаў, якія супрацоўнічаюць з пракрамлёўскімі расейцамі ў Літве».

Вялізны скандал у Літве некалькі гадоў таму выклікала зьяўленьне лідэра польскай партыі AWPL (Выбарчая акцыя палякаў Літвы) Вальдэмара Тамашэўскага на Антокальскіх могілках з георгіеўскай стужкай на пінжаку. Сам палітык тлумачыў, што лічыць стужку сымбалем рыцарскага духу. Мясцовая эліта тлумачыла зьдзіўленым варшаўскім журналістам, што гэта быў тактычны крок у польска-літоўскай палітычнай гульні, каб здабыць прыхільнасьць расейскамоўных выбарцаў у Літве.

Дамінік Вільчэўскі
Дамінік Вільчэўскі

«У савецкія часы палякаў і літоўцаў адных супраць другіх эфэктыўна разыгрывала Масква. Спрэчка стала глыбейшай пасьля атрыманьня Літвой незалежнасьці, — гаворыць Свабодзе Дамінік Вільчэўскі з „Пшэглёнду Балтыцкего“. — У Саюдзісе на палякаў глядзелі без сымпатыі. Таму частка зь іх, якая не магла разьлічваць на падтрымку Варшавы, зьвярнулася ў бок Масквы. Не без удзелу савецкіх уладаў узьнікла канцэпцыя польскай аўтаноміі на Віленшчыне. Літоўцы надоўга запомнілі паводзіны тых палякаў, якія былі праціўнікамі незалежнасьці, але і забыліся пра тых, хто іх падтрымліваў».

У мясцовых палякаў яшчэ ад савецкіх часоў засталося перакананьне, што ўлады Літвы ставяцца да іх варожа. З расейцамі было прасьцей. За скрыню гарэлкі і кілбасу можна было шмат што вырашыць.

Віленскі польскі журналіст, рэдактар парталу wilnoteka.pl Валенты Вайніла адкідае абвінавачаньні ў неляяльнасьці віленскіх палякаў да Літвы і лічыць, што ў Літве наўмысна хочуць зьляпіць з палякаў вобраз крыніцы пагрозы. Гэтыя абвінавачаньні, паводле Вайнілы, павялічваюцца прапарцыйна росту папулярнасьці польскіх палітыкаў у Літве. Ён з жалем канстатуе, што цягам 25 гадоў незалежнасьці Літвы моўная і мэнтальная русыфікацыя спрычыніліся да яшчэ большага спусташэньня Віленшчыны, чым 45-гадовая саветызацыя.

«Сярод літоўскіх палякаў няма русафобіі, але гэта яшчэ ня значыць, што яны прапуцінскія. Так, Пуцін ім імпануе як лідэр. Але калі спытаць у мясцовых наконт стаўленьня да Лукашэнкі, то я думаю, што лічбы былі б яшчэ лепшыя. Многія ж езьдзяць на Беларусь і бачаць: паабапал літоўскай дарогі — бур’ян, а ў Беларусі — уробленыя палі».

Але гэтае захапленьне Пуціным, паводле Вайнілы, не азначае, што палякі хочуць, каб «яго хлопцы» вярнуліся ў Вільню.

Валенты Вайніла
Валенты Вайніла

«На хвалі адраджэньня 1988-91 гадоў палякі ня сталі на бок Масквы, не дазволілі стварыць на Віленшчыне новае Прыднястроўе ці Карабах. У выпадку рэальнага канфлікту можа аказацца, што менавіта нацыянальныя меншасьці будуць бараніць Літву. Бо ўздоўж усходняй мяжы яны сёньня большасьць. Маладыя літоўцы спраўна выкручваюцца ад войска, а вялікі працэнт маладых ужо даўно за каналам Ля-Манш. Літва павінна адмовіцца ад нацыянальных комплексаў, бо калі палякаў будуць называць прапуцінскімі і неляяльнымі, то яны калісьці ў гэта павераць», — гаворыць Валенты Вайніла.

«Сымпатыя да Пуціна сярод літоўскіх палякаў сапраўды вялікая, але гэта ні ў якім разе ня значыць, што яны жадаюць, каб Віленшчына далучылася да Расеі» — пагаджаецца з Вайнілам Агнешка Філіпяк. Дарэчы, прабеларускія сымпатыі, як паказвае апытаньне, сярод палякаў Літвы яшчэ большыя. Ажно 96,4% літоўскі палякаў лічаць Беларусь прыязнай краінай.

А што на гэтую польска-літоўскую спрэчку ўласна мясцовыя беларусы? Паводле апошняга перапісу, у Літве жыве каля 40 тысяч беларусаў. Неафіцыйна гаворыцца нават пра 100 тысяч. Да якога сьвету ў Літве належыць беларуская меншасьць? Доктар гуманітарных навук, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч гаворыць, што зь беларусамі справа яшчэ горшая, чым з палякамі.

Аляксандар Адамковіч
Аляксандар Адамковіч

«Яны вельмі лёгка падпадаюць пад уплыў „русского мира“ і нават не спрабуюць захоўваць сваю ідэнтычнасьць. Асноўная мова іх камунікацыі ў сямʼі — расейская. Гэта аб тых беларусах, якія яшчэ лічаць сябе беларусамі. Значная ж частка лічыць сябе палякамі і запісваецца палякамі. Мова іх камунікацыі — так званая мясцовая польская гаворка. Але для ўсіх тэндэнцыя падобная — збольшага ўсе яны пад уплывам расейскамоўнай прэсы і папсы. Вельмі лёгка паддаюцца расейскім уплывам — з прыемнасьцю ходзяць на фэстывалі рускай песьні, шансону, на іншыя мерапрыемствы, што ладзяць расейскія арганізацыі. На беларускія ж — адзінкі, думаю, нават далёка да 1 %. Іх дзеці, народжаныя тут у Літве, а тым больш унукі — беларускай мовай за рэдкім выключэньнем не валодаюць».

Марыюш Антановіч
Марыюш Антановіч

«Праблема значна глыбейшая, чым проста вырашэньне пастулятаў нацыянальных меншасьцяў, — гаворыць Свабодзе выкладчык Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага Ўнівэрсытэту Марыюш Антановіч. — Апрача адукацыі, большасьць зь іх сымбалічная, што, вядома, не азначае, што іх ня трэба вырашаць».

Паводле яго, галоўная праблема гэтай зьявы — абыякавасьць літоўскай дзяржавы да нацыянальных меншасьцяў цягам апошніх 10 гадоў.

«У Літвы ня было ніякай палітыкі адносна нацыянальных меншасьцяў. Працаваў прынцып «мы не дыскрымінуем, але і не інтэгруем. Большасьць літоўскіх палітыкаў толькі ў 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму і расейскай вайны на Данбасе, зразумелі, што ў Літве жывуць нацыянальныя меншасьці і што зь імі трэба працаваць. Але пакуль пра гэта больш дыскусій, чым уласна дзеяньняў. Гэтая палітыка Літвы толькі ўзмацніла ўсе праблемы, якія меншасьці атрымалі ў спадчыну пасьля развалу СССР і адкрыла дзьверы для Расеі ў гэтым рэгіёне», — сказаў Антановіч.

Літоўскі палітоляг Нярыюс Малюкявічус гаворыць, што пасьля падзеяў ва Ўкраіне літоўскае кіраўніцтва зразумела небясьпеку выкарыстаньня меншасьцяў Крамлём у сваіх палітычных мэтах.

Нярыюс Малюкявічус
Нярыюс Малюкявічус

«У нашых меншасьцяў сапраўды ёсьць праблемы і сацыяльнага, і культурнага характару. Гэта спадчына СССР. У тых раёнах, дзе кампактна пражываюць палякі, раней не было польскіх школаў. Там былі расейскамоўныя школы. І людзі расьлі ў савецкай сыстэме. Да гэтага трэба дадаць эканамічны чыньнік. Цяпер гэтай сытуацыяй можа скарыстацца Крэмль, маніпулюючы незадаволенасьцю людзей. Але пакаленьні мяняюцца. Маладыя людзі ўжо дыскутуюць пра гэтае савецкае мінулае. Па публічных працэсах у Літве я бачу, што ўлада разумее сытуацыю. Наш новы ўрад абяцае, што будзе больш займацца праблемамі рэгіёнаў. І наш прэм’ер у выходныя акурат быў у Салечніках і сустракаўся зь мясцовым палякамі. Воля займацца гэтым пытаньнем ёсьць, і ёсьць разуменьне гэтай неабходнасьці. Але ні ў якім разе нельга абражаць гэтых людзей і адпіхваць іх ад Літвы. Менавіта гэтага і жадае Крэмль».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG