Сяргей Касьпяровіч, начальнік упраўленьня вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, расказаў у інтэрвію «Настаўніцкай газеце», што студэнтам-платнікам ў Беларусі плянуецца даць права працаваць па размеркаваньні.
Чыноўнік адзначае, што ў новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі будуць прадугледжаны гарантыі працаўладкаваньня выпускнікоў, якія навучаліся ва ўстановах вышэйшай адукацыі за кошт уласных сродкаў. Такія выпускнікі (пры наяўнасьці жаданьня) змогуць атрымаць накіраваньне на працу і атрымаюць статус маладога спэцыяліста.
Старшыня Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіраваньня Крысьціна Мурашова заявіла, што яна зьдзіўлена такой заявай, бо «дзейнае заканадаўства і так дае магчымасьць выпускнікам-платнікам пайсьці працаваць па разьмеркаваньні». У адпаведнасьці з пунктам 5 артыкулу 84 Кодэксу аб адукацыі, «выпускнiкi, якiя атрымалi вышэйшую або сярэднюю спэцыяльную адукацыю ў дзённай форме за кошт сродкаў фізычных асобаў або ўласных сродкаў, зь іх жаданьня і пры наяўнасьці месцаў, якія засталіся пасьля разьмеркаваньня, накіроўваюцца на працу».
«Гэта незвычайная і даволі дзіўная сытуацыя, — кажа Крысьціна Мурашова. — Няма нічога новага ў тым, што платнікі змогуць добраахвотна пайсьці працаваць па разьмеркаваньні і мець статус маладога спэцыяліста. Гэтае права ўжо замацаванае ў Кодэксе аб адукацыі. Мяне ўвогуле зьдзіўляе наяўнасьць такіх прапаноў. У адпаведнасьці з дарожнай мапай далучэньня Беларусі да эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, Беларусь да канца 2016 года павінна была перагледзець разьмеркаваньне і пакінуць яго толькі для грамадзка значных прафэсій. Але ніякіх рэформаў у гэтым кірунку не анансавалася і не рэалізоўвалася».
Крысьціна Мурашова лічыць, што сытуацыя з рэформай разьмеркаваньня платнікаў зьяўляецца імітацый зьменаў, а ня іх рэалізацыяй.
Анансаваньне новых магчымасьцяў для платнікаў можна разглядаць як працяг імітацыі зьменаў у пытаньні разьмеркаваньня выпускнікоў. Варта задумацца над рэальнымі зьменамі, а не займацца перапісваньнем адной і той жа нормы рознымі словамі.
«Анансаваньне новых магчымасьцяў для платнікаў можна разглядаць як працяг імітацыі зьменаў у пытаньні разьмеркаваньня выпускнікоў. Пачатак „зьменам“ быў пакладзены 7 сьнежня 2016 году з прыняцьцем пастановы Савета Міністраў, у адпаведнасьці зь якой кампэнсаваць дзяржаве выдаткі замест адпрацоўкі разьмеркаваньня стала таньней прыблізна на 25-30%. Гэтая „зьніжка“ зроблена для таго, каб стымуляваць большую колькасьць адмоў ад адпрацоўкі і выплату грошай дзяржаве, якія вернуцца ў бюджэт. А цяпер яшчэ „інавацыйная“ прапанова з разьмеркаваньнем платнікаў. Што значаць такія крокі з боку дзяржавы? Ці не жаданьне паказаць прагрэс у правядзеньні рэформаў? Варта задумацца над рэальнымі зьменамі, а не займацца перапісваньнем адной і той жа нормы рознымі словамі».