Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіён сьвету кажа, што яго дыскваліфікавалі за палітыку і вышыванку


Юры Анікееў.
Юры Анікееў.

У сьвеце адной з самых распаўсюджаных інтэлектуальных гульняў, шашак, разгортваецца скандал. Чэмпіён сьвету па 100-клеткавых шашках, украінец Юры Анікееў адхілены Міжнароднай фэдэрацыяй шашак (IDF) ад спаборніцтваў на 3 гады — «за парушэньне этычнага кодэксу фэдэрацыі».

Паводле словаў Анікеева, дакладных прычын дыскваліфікацыі яму ніхто не назваў, але ў нефармальных размовах гаворка ішла пра незадаволенасьць кіраўніцтва IDF яго выказваньнямі пра палітыку і тым фактам, што Анікееў выступае на афіцыйных турнірах ва ўкраінскай нацыянальнай вопратцы — вышыванцы. Кіраўніцтва IDF ўсе абвінавачваньні адмаўляе, сьцьвярджаючы, што ніякай палітыкі ў яго дыскваліфікацыі няма.

IDF месьціцца ў Расеі, у Санкт-Пецярбургу, зь дзевяці членаў яе праўленьня сямёра — расейцы. Фэдэрацыя была створана ў 2012 годзе, аддзяліўшыся ад ФМЖД — Сусьветнай фэдэрацыі шашак, офіс якой знаходзіцца ў Нідэрляндах. Кіраўнік IDF Уладзімер Лангін распавёў Радыё Свабода, што прычынай расколу сталі спрэчкі аб статусе 64-клеткавых 100-клеткавых шашак — нібыта ФМЖД ўсяляк дыскрымінавала гульню на 64-х клетках («расейскія шашкі») і прасоўвала толькі 100-клеткавыя шашкі (іх часта называюць «міжнароднымі»). Прычына дыскваліфікацыі ўкраінскага спартоўца, паводле словаў Лангіна, ніяк ня зьвязана з палітыкай: Анікеева адхілілі ад спаборніцтваў за тое, што яго публічная крытыка на адрас IDF і нават «зьдзек зь яе сымболікі» адпуджвалі ад фэдэрацыі спонсараў.

Адхіленьне Анікеева ад спаборніцтваў на 3 гады зьяваілася ўслед за яго зьняцьцем з восеньскага чэмпіянату Эўропы па шашках-64, які праходзіў у Тбілісі. На сайце IDF апублікавана адпаведнае рашэньне праўленьня фэдэрацыі ад 15 кастрычніка, у якім напісана, што прычынай адхіленьня сталі «шматразовыя выпадкі публікацыі тэндэнцыйнай і недакладнай інфармацыі аб дзейнасьці IDF і выказваньняў, якія наносяць шкоду яе іміджу і іміджу шашак-64 у цэлым». У апублікаваным на гэтым жа сайце рашэньні аб адхіленьні Анікеева на 3 гады (яно датуецца 16 сьнежня) гаворыцца толькі, што ён «шматкроць парушыў» і пункты 2.2.4 і 2.2.8 «Этычнага кодэкса IDF». У першым з гэтых пунктаў гаворыцца пра «некарэктныя паводзіны», напрыклад, абразы, акты агрэсіі або дыскрымінацыі паводле любых прыкметаў судзьдзяў, удзельнікаў спаборніцтваў і іх арганізатараў. У другім — аб «паводзінах, якія накіраваныя на дыскрэдытацыю МФШ (IDF), яе мерапрыемстваў, арганізатараў, удзельнікаў, спонсараў».

У абарону Юрыя Анікеева выказаліся кіраўнік Украінскай фэдэрацыі шашак Анатоль Яцэнка, які назваў у гутарцы з Радыё Свабода дзеяньні IDF «спартовым тэрарызмам», а таксама міністар моладзі і спорту Ўкраіны Ігар Жданаў. Жданаў напісаў у фэйсбуку, што лічыць гэтае рашэньне «палітычным» і «выклікаючым агіду», і што яно зьяўляецца «зьвядзеньнем асабістых рахункаў» і «палітычнымі рэпрэсіямі супраць грамадзяніна Ўкраіны за яго публічную патрыятычную, праўкраінскую пазыцыю»

Юрый Анікееў, які нарадзіўся Іі вырас у Харкаве, вядзе адразу некалькі акаўнтаў у Сацыяльна сетках (у ЖЖ, Фэйсбуку, Твітэры, Укантакце) і нярэдка дае інтэрвію. Ён кажа, што сапраўды рабіў рэпост запісаў аб анэксіі Крыму і канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, аднак потым выдаліў большасьць зь іх. На просьбу Радыё Свабода ён даслаў некалькі спасылак на свае запісы на форуме shashki.com, у якіх, паводле яго ўласных словаў, «прыводзіў сьведчаньні расейскай агрэсіі і заклікаў яе спыніць». Пасьля адхіленьня яго ад чэмпіянату Эўропы ў Грузіі Анікееў разьмясціў пост у «Фэйсбуку», параўнаўшы IDF з расейскімі ўладамі і спартовымі чыноўнікамі, абвінавачанымі Сусьветным антыдопінгавым агенцтвам у выбудоўваньні дзяржаўнай сыстэмы прыёму допінгу:

У гутарцы з Радыё Свабода Анікееў адмаўляе, што калі-небудзь «глуміўся» над сымболікай IDF. Затое пра суперніцтва двух відаў гульні — «рускіх» і «міжнародных шашак» — Анікееў сапраўды піша часта.

Радыё Свабода распытала Юрыя Анікеева і кіраўніка IDF Уладзіміра Лангіна аб іх поглядах на тое, што адбылося.

Юрый Анікееў, чэмпіён сьвету 2016 году ў міжнародных шашках-100 у хуткай праграме, шматразовы чэмпіён Украіны па шашках-100 і 64:

— Я думаю, гэта вельмі несправядлівае рашэньне, для якога не было ніякіх падстаў, бо фэдэрацыя IDF не прывяла ніякіх аргумэнтаў. Проста дыскваліфікавалі, і ўсё, а чаму, за што — незразумела. Штосьці ім там не спадабалася, нейкія выказваньні, а якія канкрэтна... Папярэдне нічога не казалі мне, усё неяк расплывіста.

— Як вы даведаліся пра тое, вас што дыскваліфікавалі?

— Гэта ўжо другая дыскваліфікацыя. Спачатку мяне не дапусьцілі да чэмпіянату Эўропы ў Грузіі. На сайце было апублікавана рашэньне іх камісіі. Потым прайшоў час, я даваў пасьля гэтага нейкія інтэрвію, і ўжо, атрымліваецца, у гэтым годзе зьявілася рашэньне, хоць прынятае яно было ў сьнежні, што яны працягнулі дыскваліфікацыю, на тры гады яе зрабілі.

— Вы кажаце, што афіцыйна вам не паведамілі пра прычыны дыскваліфікацыі. Можа быць, у вас ёсьць атрыманая па нефармальным каналах інфармацыя пра тое, пра якія менавіта парушэньні ідзе гаворка, у чым вас абвінавачваюць? Што гэта за выказваньні, пры чым тут вышыванка?

— Там цэлы комплекс. Пра вышыванку таксама праскоквала ў нефармальных размовах, што, маўляў, чаму я зьяўляюся на фотаздымках заўсёды і ўсюды ў вышыванцы. Мабыць, для расейскага абывацеля гэта нешта страшнае, бандэравец нейкі. Плюс у мяне пазыцыя праўкраінская, і я яе выказваў у сацыяльных сетках увесь час, можа быць, гэта таксама нейкую ролю адыграла. Але прама ж ня могуць гэта паказваць. І наогул, фармальна ніякага абгрунтаваньня няма, яны проста пішуць: за парушэньне этычнага кодэксу, за выказваньні. А якія канкрэтна — не прыводзіцца.

— Анатоль Яцэнка, кіраўнік украінскай Фэдэрацыі, кажа, што вас маглі дыскваліфікаваць за выказваньне пра Ўладзіміра Пуціна. Аб якім выказваньні можа ісьці гаворка? Я вывучыў вашы сацсеткі і не знайшоў ніводнага вашага выказваньня аб расейскім прэзыдэнце.

— Ня ведаю. Я там рабіў розныя рэпосты, можа быць, яны не захаваліся. Рэпост артыкулаў на гэтую тэму. Пазыцыя мая відавочная, а нейкага канкрэтнага выказваньня не было. Пасьля таго як пачалася ўся гэтая гісторыя з Крымам, з Данбасам, мая пазыцыя простая: Украіна адзіная, гэта ўкраінскія тэрыторыі, і ўсё, што адбываецца, — гэта агрэсія з боку Расеі.

— У чалавека, які гуляе ў шашкі, чэмпіёна, гросмайстра вашага ўзроўню ёсьць магчымаьсць гуляць на турнірах пад эгідай іншых фэдэрацый? Або Міжнародная фэдэрацыя, якая месьціцца ў Пецярбургу і якую ўзначальваюць двое расейцаў, валодае манаполіяй на правядзеньне такіх спаборніцтваў?

— Не, манаполіі няма. Ёсьць яшчэ фэдэрацыя ФМЖД, сусьветная, у іх офіс у Галяндыі. IDF фактычна адкалолася ад ФМЖД і стала самастойнай. Таму альтэрнатыва ёсьць, так. Я і зараз выступаю ў ёй.

Уладзімір Лангін, прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі шашак (IDF), член прэзыдыюму Фэдэрацыі шашак Расеі:

— Ёсьць Сусьветная фэдэрацыя шашак, ФМЖД, якая была ўтворана ў 1947 годзе. Яна займалася рознымі відамі шашак, у асноўным прыярытэт у іх быў — 100-клеткавыя шашкі. Доўгія гады яны лічыліся міжнароднай гульнёй, і толькі як малая сэкцыя, на птушыных, можна сказаць, правах, там былі шашкі-64. Паступова ў сьвятле разьвіцьця шашак 64-клеткавыя шашкі занялі пануючае становішча ў сьвеце, і пераважна ў сьвеце гуляюць на клясычнай дошцы ў 64 клеткі. Сэкцыі 64-клеткавых шашак стала цесна ў рамках ФМЖД, таму што галяндскае кіраўніцтва гэтай фэдэрацыі праводзіла відавочна дыскрымінацыйную палітыку да шашак-64. Таму была створана Міжнародная фэдэрацыя, IDF, і яна пачала працаваць паралельна з ФМЖД. Зараз у фэдэрацыі каля 60 краін-членаў, вельмі шмат праходзіць спаборніцтваў на вельмі высокім узроўні, паводле паказчыкаў IDF шмат у чым ужо апярэдзіла ФМЖД. Усе апошнія гады многія стаклетачнікі ўмелі гуляць у шашкі-64, але тым ня менш, яны лічылі, што толькі ФМЖД зьяўляецца прыярытэтнай і галоўнай арганізацыяй. Адным з такіх стаклетачнікаў быў Юры Анікееў, які ў стаклеткавых шашках выступае досыць пасьпяхова, і тым ня менш, яму хацелася прыйсьці і ў IDF і атрымліваць пэўныя прэфэрэнцыі, добрыя прызавыя і гэтак далей. Многія стаклетачнікі такім чынам перайшлі на абедзьве гульні і сталі выступаць у абедзвюх арганізацыях.

Анікееў быў адхілены ад аднаго спаборніцтва — чэмпіянату Эўропы ў Тбілісі — за дыскрэдытацыю нашай Міжнароднай фэдэрацыі, таму што ён усяляк — і ў СМІ, і ў інтэрвію — усюды выяўляў крайнюю непавагу да яе кіраўніцтва, наагул да такога віду спорту, як шашкі-64, у якія гуляе ўвесь сьвет. Таму ад аднаго спаборніцтва ён быў адхілены. Зь ім была праведзеная сур’ёзная гутарка, яму былі прапанаваны розныя шляхі выхаду з сытуацыі, яму былі прапанаваны вельмі добрыя ўмовы — што ён будзе дапушчаны да чэмпіянату сьвету ад пэрсанальнага месца IDF, яму была прапанавана аплата пражываньня і харчаваньня на адным з Кубкаў сьвету, што робіцца у выключных выпадках. Але ён не зрабіў адпаведных высноў і ў СМІ зноў выяўляў крайнюю непавагу, глуміўся над сымболікай IDF, пераходзіў на прамыя абразы як самой арганізацыі і яе кіраўнікоў, так і гульні. Таму, згодна з этычным кодэксам Міжнароднай фэдэрацыі, улічваючы яго вельмі непрыстойную ролю адносна шашак-64, Міжнародная фэдэрацыя прыняла рашэньне адхіліць яго ад спаборніцтваў, якія праводзіць IDF, на тры гады.

Хачу падкрэсьліць, што ніякай палітыкі тут няма і быць ня можа, нам вельмі непрыемна, калі ва ўсёй ўкраінскай прэсе мусіруецца пытаньне, што расейсцы яго адхілілі, таму што расейцы дрэнна ставяцца да Ўкраіны. Гэта поўнае глупства! На чэмпіянаце Эўропы ў Грузіі выступала шэсьць чалавек з Украіны, двум з іх мы цалкам аплачвалі пражываньне і харчаваньне, адна зь вядомых украінскіх шашыстак нават стала чэмпіёнкай Эўропы ў адной з праграм, іншая дзяўчынка, гросмайстар з Украіны, заняла трэцяе месца. Яны атрымалі і прызавыя вельмі сур’ёзныя, і мэдалі, кубкі. Так што гэта проста сьмешна!

Ён піярыцца ва ўкраінскіх СМІ, ён хоча, каб яго прадставілі да дзяржаўнай узнагароды Украіны, — калі ласка. Але навошта хлусіць? Анікееў ў многіх інтэрвію, ужо пасіля Грузіі, казаў, што ён ня ведае, за што канкрэтна яго адхілілі ад спаборніцтваў... Яго не дыскваліфікавалі. Калі б яго дыскваліфікавалі, ён ня мог бы гуляць у першынстве Ўкраіны. Яго адхілілі ад аднаго спаборніцтва, а цяпер адхілілі на тры гады. Ён кажа, што яго адхілілі за вышыванку, што прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі не падабаецца вышыванка. Шчыра магу сказаць, што да ўсяго таго, што адбылося, я наогул ня ведаў, што такое вышыванка. Я жыву ўсё жыцьцё ў Санкт-Пецярбургу, і гэта проста хлусьня, проста чалавек прыдумаў! І другая вэрсія — што яго адхілілі за яго выказваньні адносна Пуціна. Ды пры чым тут палітыка? Мы ніякага дачыненьня да палітыкі ня маем. Яшчэ ён кажа, што яго адхілілі як канкурэнта расейскім спартоўцам. Па-першае, зараз у многіх пазыцыях найлепшыя шашысты ў Беларусі, а не ў Расеі. Па-другое, гэта поўнае глупства, таму што Анікееў меў пэўныя посьпехі, але зусім у іншай гульню — 100-клеткавых шашках. У спаборніцтвах па шашках-64, якія разьвівае Міжнародная фэдэрацыя, ён ня ўдзельнічаў з 2008 году. За восем гадоў мінула чатыры чэмпіянату сьвету і пяць чэмпіянатаў Эўропы, Анікееў ні ў водным зь іх ня ўдзельнічаў. Таму казаць пра тое, што ён канкурэнт... Ну, напэўна, ён адзін зь вядучых, але ў якой ён форме і наколькі добра гуляе, гэта пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG