Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй хоча падаць у суд на аглядальніка ОНТ. За прапанову паставіць васковую фігуру Лукашэнкі


Фрагмэнт экспазыцыі Музэю сучаснай беларускай дзяржаўнасьці
Фрагмэнт экспазыцыі Музэю сучаснай беларускай дзяржаўнасьці

Нацыянальны гістарычны музэй заступіўся за свой філіял пры Адміністрацыі і патрабуе выбачэньняў ад журналіста ОНТ, які раскрытыкаваў экспазыцыю.

Адміністрацыя Нацыянальнага гістарычнага музэю ў адкрытым лісьце пагражае судом аглядальніку ОНТ Аляксею Міхальчанку, калі не атрымае ад яго публічных выбачэньняў за крытычныя выказваньні пра Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, што ў будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Гэты музэй — філіял Нацыянальнага гістарычнага музэю.

14 студзеня ў аўтарскім відэаблогу «Як ёсьць» Аляксей Міхальчанка выказаў асабістыя заўвагі адносна экспазыцыі, якая, як можна зразумець зь відэаблогу, ня ўразіла яго і ягоных замежных сяброў падчас нядаўняга наведваньня.

Гэтак, на думку аглядальніка ОНТ, копію дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі варта было б паказваць значна маштабней, як і копію беларускага спадарожніка, які, дарэчы, так і не даляцеў да арбіты Зямлі. Яшчэ журналіст прапаноўваў разьмясьціць у музэі сапраўднае кола кар’ернага велікагруза «Белаз», каб стварыць для наведнікаў удалую «фатазону», ды раіў дэманстраваць наведнікам вялікія зьліткі золата, каб паказаць наяўнасьць у краіне рэальных золатавалютных рэзэрваў. Бадай што самым сьмелым крокам па прывабліваньні наведнікаў, паводле Аляксея Міхальчанкі, было б усталяваньне ў музэі васковых фігур вядомых спартоўцаў, у тым ліку знакамітай біятляністкі Дар’і Домрачавай і кіраўніка краіны, вядомага аматара хакею Аляксандра Лукашэнкі — «калі тыя ня будуць супраць».

Але ўсе гэтыя прапановы журналіста ня толькі не спадабаліся супрацоўнікам музэю, але і выклікалі ў іх абурэньне. Частку прапановаў журналіста адміністрацыя Нацыянальнага гістарычнага музэю назвала ў лісьце «абсурднымі», іншыя — «некарэктнымі» альбо несумяшчальнымі з клясычным характарам Музэю сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, роля якога, на думку аўтараў ліста, — «адукоўваць, а не забаўляць».

«У выпадку адмовы Аляксея Міхальчанкі даць публічныя выбачэньні Нацыянальны гістарычны музэй пакідае за сабой права зьвярнуцца ў суд для абароны гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі музэю паводле арт.153 Грамадзянскага кодэксу», — цытуе БелаПАН ліст Нацыянальнага гістарычнага музэю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG