Свой аповед Міхальчанка пачаў з працэдуры арганізацыі наведваньня музэя: «Правілы яго наведваньня вельмі арыгінальныя. Трэба загадзя выслаць сьпіс удзельнікаў экскурсіі з указаньнем пашпартных дадзеных».
Не ставячы пад сумнеў неабходнасьць такога музэя, Міхальчанка ў той жа час лічыць, што «ў цяперашнім сваім выглядзе музэй чаканьняў не апраўдвае». «Вы не ўбачыце і паловы вядомых здабыткаў і дасягненьняў маладой Рэспублікі Беларусь. А тыя, што прадстаўленыя на стэндах, у масе сваёй не дасягаюць жаданага эфэкту», — сказаў аглядальнік.
На яго думку, «экспазыцыя павінна напаўняць гонарам сэрца грамадзянаў Беларусі і выклікаць павагу ў прыежджых».
«Усё пачынаецца з ксэракопіі найважнейшага дакумэнту — Дэклярацыі аб незалежнасьці. Калі ўжо копія, то чаму яе не зрабіць на ўсю сьцяну, каб кожную кропку і коску гісторыі можна было прачуць? Калі ў пачатку экспазыцыі выстаўленыя горкім напамінам купоны і карткі пакупніка, то чаму пад канец не дадаць актуальны стэнд аб золатавалютным рэзэрве краіны? Побач — вагі, падключаныя да кампутара. Стаў на іх турыст і бачыць на маніторы, колькі такіх, як ён, трэба для таго, каб зраўнавацца ў вазе з нашым залатым запасам. І пара-тройка вялікіх каштоўных зьліткаў не зашкодзіла бы экспазыцыі», — лічыць Міхальчанка. Некалькі стограмовых, паводле яго, з гэтай роляй відавочна не спраўляюцца.
«Дзіўнай чамаданам» у музэі сьціпла стаць паменшаная копія «беларускага касьмічнага спадарожніка», працягнуў аглядальнік ОНТ. «Адразу падумалася: яго б падвесіць, а лепш прымусіць рухацца на фоне зорнага неба», — сказаў Міхальчанка.
Моцна паменшаныя копіі «БелАЗа», лічыць ён, можна было б дапоўніць колам рэальных памераў — «і ўражаньні, і фотазона».
Гаворачы пра відэаматэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў музэі, Міхальчанка канстатаваў, што турыст ня ўбачыць у іх «ні легендарнай пераможнай шайбы ў вароты швэдаў, ні сочынскага трыюмфу Дар’і Домрачавай». «Але ж гэта былі б выдатныя ілюстрацыі да дзяржаўнай палітыкі падтрымкі спорту, — упэўнены аглядальнік. — Замест іх лыжны касьцюм Домрачавай на манэкене са „Жданоў“. Няўжо шматразовая алімпійская чэмпіёнка і Герой Беларусі не заслугоўвае сьціплай васковай фігуры ў натуральную велічыню? Тым больш прэзыдэнт Беларусі? Калі яны, вядома, ня супраць».
На думку Міхальчанкі, «экспазыцыя якога-небудзь Полацкага краязнаўчага музэя на парадак цікавейшая за тое, што зараз можна ўбачыць у Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці». «Дзе посьпехі транспланталёгіі, дзе касманаўт Навіцкі, які лунае ў бязважкасьці, зь беларускім сьцягам? Пытаньняў вельмі шмат», — канстатаваў аглядальнік ОНТ.