Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 18 студзеня ў Беларусі пачнуць зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедзтве


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў супраць дэкрэту пра дармаедаў. Слонім, 8 траўня 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў супраць дэкрэту пра дармаедаў. Слонім, 8 траўня 2015 году

Агульнанацыянальную кампанію ініцыявалі Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і грамадзкая арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву».

На прэсавай канфэрэнцыі, якую 17 студзеня правялі арганізатары акцыі, карэспандэнт Свабоды спытаў іх, ці зьбіраюцца яны далучыць да збору подпісаў іншыя дэмакратычныя арганізацыі, найперш грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», якая ініцыюе Ўсебеларускі сход дармаедаў? На гэта старшыня РЭПу Генадзь Фядыніч адказаў так:

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

«Запросім. І ня толькі „Гавары праўду“. І АГП, і БНФ, і іншых. З нас капялюш не зваліцца. Хоць, шчыра кажучы, я ня веру ў посьпех гэтага сходу. Яго ідэя, як мне падаецца, ня грэе сёньня чалавека. Ды не ўяўляю, як зрабіць такі сход легітымным.

А чаму мы не зьвярнуліся да дэмакратычнай супольнасьці раней? Збор подпісаў будзе праходзіць у рэгіёнах. А там дэмакратычныя сілы звычайна працуюць разам. Для іх гэта прывычная зьява. Хоць, безумоўна, каардынацыя патрэбна і на рэспубліканскім роўні. Напрыклад, у нас у Лельчыцах няма ніякай структуры. Магчыма, там ёсьць актывісты зь іншых арганізацыяў. Так што будзем удакладняць».

Кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Воўчак расказаў, што цягам двух месяцаў кансультацыі пра тое, як паводзіць сябе з выплатай падаткаў на дармаедзтва, атрымалі болей за 10 тысяч чалавек. Амаль усе яны не зьбіраюцца выплочваць падатак:

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Людзі вельмі злыя. У мяне тэлефон не змаўкае да самай ночы. Часам даводзіцца быць ня толькі юрыстам, але і псыхолягам. А што рабіць, калі тэлефануе жанчына, якая тры гады ня можа ўладкавацца на працу, а зь яе патрабуюць падатак?! І яна плача і гаворыць, што кончыць жыцьцё самагубствам...».

У Менску, ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Салігорску, Бабруйску, Наваполацку, Воршы, дзе існуюць офісы РЭП, можна будзе паставіць свой подпіс за адмену дэкрэту. У іншых гарадах і райцэнтрах подпісы будуць зьбіраць актывісты. Ёсьць таксама магчымасьць падпісацца пад зваротам у электронным выглядзе. Кампанія будзе цягнуцца адзін месяц — да 18 лютага.

Арганізатары акцыі не абмяжоўваюцца толькі зборам подпісаў за адмену прэзыдэнцкага дэкрэту. Кожны ахвотны атрымае ўзоры заяў, каб людзі маглі зьвяртацца па тлумачэньні ў падатковыя інспэкцыі, а пры адсутнасьці зьмястоўнага адказу — і далей, у тым ліку ў пракуратуру.

Фядыніч і Воўчак заявілі, што будуць ад першага дня акцыі праводзіць яе маніторынг. Кожны тыдзень будуць падводзіцца папярэднія вынікі. Што рабіць далей, будзе найперш залежаць ад рэакцыі ўладных структур.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG