Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Бандарэнку ў турме паставілі на прафіляктычны ўлік: схільны да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Праваабаронцу Андрэю Бандарэнку не ўдалося праз суд скасаваць рашэньне адміністрацыі Шклоўскай калёніі № 17 аб пастаноўцы яго на прафіляктычны ўлік. Паводле гэтага рашэньня ў характарыстыцы асуджанага пазначана, што ён схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і цывільных асобаў.

У сьвятле распачатай супраць Бандарэнкі крымінальнай справы за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі Магілёўскай турмы № 4 гэтая акалічнасьць будзе ўскладняць яго абарону.

16 студзеня Шклоўскі раённы суд не задаволіў скаргу Андрэя Бандарэнкі на неправамерныя дзеяньні адміністрацыі калёніі. Ён дамагаўся, каб яго зьнялі з прафіляктычнага ўліку. Да звароту ў суд Бандарэнка гэтага ж дамагаўся ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, абласной ды Генэральнай пракуратуры, але марна.

Паводле адваката асуджанага Вадзіма Мушынскага, пра пастаноўку на прафіляктычны ўлік Бандарэнка даведаўся 17 сьнежня 2015 году на судзе ў калёніі, калі разглядалася справа аб пераводзе яго на турэмны рэжым як злоснага парушальніка. Як тады высьветлілася, на ўлік яго паставілі яшчэ ў кастрычніку, але яму пра гэта не паведамілі.

«Ніхто яго не інфармаваў, што ён пастаўлены на ўлік. На камісію яго не выклікалі, і для яго гэта было нечаканасьцю, — казаў у судзе адвакат. — Хоць пастаноўка і не зьяўляецца спагнаньнем, тым ня менш яна нэгатыўна адбіваецца на характарыстыцы асуджанага».

Паводле Вадзіма Мушынскага, катэгорыя, да якой далучылі падабароннага, не адпавядае ягонай асобе. Адвакат прызнаў, што Бандарэнка мае дысцыплінарныя спагнаньні за парушэньні рэжыму, але парушэньні мелі бытавы характар, а спагнаньні абскарджваюцца.

«Хуліганскіх дзеяньняў, а пагатоў намераў напасьці на адміністрацыю, ці спробаў захопу закладнікаў у Бандарэнкі ніколі не праглядалася», — казаў ён.

Хуліганскіх дзеяньняў, а пагатоў намераў напасьці на адміністрацыю, ці спробаў захопу закладнікаў у Бандарэнкі ніколі не праглядалася

Фармулёўка «Пастаўлены на прафіляктычны ўлік» засталася ў характарыстыцы асуджанага і тады, калі яго перавялі на турэмны рэжым.

«Дадзены від прафіляктычнага ўліку, як і ягоныя парушэньні, уплывае на прававое палажэньне асуджанага: выкарыстаньне ў адносінах да яго ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, замены пакараньня, амністыі альбо ўмоваў, якія б паляпшалі ягонае знаходжаньне ў зьняволеньні, — сказаў Вадзім Мушынскі. — Незразумела, навошта гэты прафіляктычны ўлік быў на яго накладзены. Спадзяюся гэта пачуць ад прадстаўніка адміністрацыі калёніі. За ўвесь час знаходжаньня яго ў калёніі № 17 ніякіх захадаў выхаваўчага характару не рабілася».

Прадстаўнік адміністрацыі папраўчай калёніі № 17 Сяргей Суткаленка не патлумачыў, чаму Бандарэнку паставілі на ўлік. Ён сказаў падчас разгляду справы, што асуджаны пратэрмінаваў вызначаны час на абскарджаньне рашэньня аб пастаноўцы на прафіляктычны ўлік.

Прадстаўнік калёніі прасіў суд пакінуць скаргу Бандарэнкі без задавальненьня.

Судзьдзя Сьвятлана Баранцава ў сваім рашэньні спаслалася на тое, што Бандарэнка пратэрмінаваў час на абскарджаньне, таму ягоны пазоў не задаволены.

31 сакавіка Андрэя Бандарэнку павінны вызваліць. Аднак цяпер з прычыны распачатай супраць яго крымінальнай справы тэрмін зьняволеньня яму могуць падоўжыць яшчэ на два гады.

Ён адмаўляе абвінавачваньні ў злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі Магілёўскай турмы № 4 і лічыць іх вынікам правакацыяў. Крымінальную справу ўжо перадалі ў пракуратуру.

У турме Бандарэнка адзін у камэры.

12 жніўня 2014 году Бандарэнка быў асуджаны за хуліганства і атрымаў 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней у сувязі з амністыяй тэрмін скарацілі да 3 гадоў. 22 сьнежня 2015 году былога праваабаронцу перавялі са шклоўскай калёніі ў магілёўскую турму № 4.

Андрэй Бандарэнка ня мае статусу палітвязьня. Праваабаронцы заяўляюць, што палітвязьнем ён стане пасьля таго, як супраць яго будзе ўжыты 411 артыкул.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG