Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьпела падаражаньне бэнзіну, — экспэрт прагназуе рост цэнаў на 10%


Ілюстрацыйнае фота. У 2010-2011 гадах шэраг падаражаньняў бэнзіну выклікаў у Беларусі акцыі пратэсту «Стоп-бэнзін»
Ілюстрацыйнае фота. У 2010-2011 гадах шэраг падаражаньняў бэнзіну выклікаў у Беларусі акцыі пратэсту «Стоп-бэнзін»

Аптовыя цэны на паліва ў Расеі гэтай зімой растуць, замест звыклага сэзоннага падзеньня. Ці чакае і Беларусь рост цэнаў на паліва?

Экспэрт у нафтагазавай галіне інтэрнэт-выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак кажа Свабодзе, што ў Расеі наўрад ці будзе нейкі недахоп паліва, ды й расейскім нафтавым кампаніям рэкамэндавана ў якасьці перастрахоўкі зьнізіць экспарт бэнзіну. Таксама рэкамэндавана адкласьці капітальны рамонт аднаго з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў — Маскоўскага НПЗ.

Але Манёнак лічыць, што ў Беларусі сытуацыя насьпела да таго, каб падвысіць цэны на бэнзін, і ня бачыць іншага выйсьця для беларускіх НПЗ:

«Сытуацыя ў Беларусі насьпела да таго, каб падвышаць цэны на бэнзін. Некалькі разоў летась такія прапановы ўносіў і галіновы канцэрн „Белнафтахім“, і нафтаперапрацоўчы завод „Нафтан“, якому складана праводзіць сваю мадэрнізацыю. І сытуацыя на Мазырскім НПЗ пагоршылася, бо зьнізіліся аб’ёмы нафтаперапрацоўкі.

Я так разумею, ва ўрадзе таксама насьпела такое рашэньне, а цяпер чакаюць, калі на гэта пагодзіцца прэзыдэнт. Паводле маёй інфармацыі, гэтая прапанова падтрыманая. Раней нафтавікі зыходзілі з таго, што ў Беларусі цэны на бэнзін павінны быць каля 1 даляра за літар, бо менавіта гэтыя цэны дазваляюць нафтаперапрацоўчым заводам праводзіць мадэрнізацыю і падтрымліваць сваю дзейнасьць.

Тым больш вядома, што па выніках году на 18-20% зьнізяцца пастаўкі расейскай нафты, а значыць, зьнізіцца аб’ём перапрацоўкі. І экспарт нафтапрадуктаў павінен зьнізіцца. Але галоўнае, што цэны на нафтапрадукты зьнізіліся — гэтая сытуацыя нэгатыўна ўзьдзейнічае на НПЗ, падштурхоўвае да таго, каб урад хутчэй прыняў падвышэньне цэнаў на бэнзін. Акцызы летась былі адразу падвышаныя на 50%, гэта таксама нэгатыўна ўзьдзейнічае на НПЗ.

Было прынцыповае рашэньне, калі ўносілася прапанова аб павышэньні акцызаў, не павышаць цэны на бэнзін. Гэтыя цэны стрымлівалі вельмі доўга, таму становішча ў НПЗ пагоршылася. „Нафтан“ настолькі закрэдытаваны, што ня можа больш браць крэдыты на працяг мадэрнізацыі. Таму ўрад ужо мусіў адцягнуць тэрміны мадэрнізацыі на год-два.

Цэны на бэнзін доўга не расьлі ў Беларусі, а інфляцыя ў мінулым годзе была большай за 10%, таму, я так разумею, што гэта можа быць аргумэнтавана ня як падвышэньне цэнаў, а як індэксацыя ў сувязі з інфляцыяй. Наколькі я ведаю, пакуль разглядаецца прапанова падвысіць цэны на дызэльнае паліва і бэнзін менавіта на 10%».

На момант публікацыі літар бэнзіну АІ-92 каштаваў у Беларусі каля $0,57, АІ-95 — каля $0,61, АІ-98 — каля $0,67 цэнтаў, дызэльнага паліва Эўра-5 — каля $0,63.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG