У Антарктыдзе ўсе былі, акрамя беларусаў. Трошкі крыўдна было за радзіму
Што беларусаў дагэтуль не было на вяршыні гары Вінсан (яе вышыня 4892 мэтры), Свабодзе пацьвердзілі ў Беларускай фэдэрацыі альпінізму. На астатніх самых высокіх пунктах усіх кантынэнтаў беларусы ўжо адзначаліся.
«Украінцы былі, армяне былі... У Антарктыдзе — усе былі, акрамя беларусаў, — сказаў Вадзім Фралоў Свабодзе. — Трошкі крыўдна было за радзіму».
Вадзім вырас у Гародні, але апошнія 10 год жыве ў Маскве — кіруе фірмай. Альпінізмам пачаў займацца два гады таму. За гэты час ужо скарыў дзьве вяршыні: Кіліманджара — у лютым 2016 году, і Вінсан — на пачатку студзеня 2017-га.
«Я даўно хацеў займацца альпінізмам, бо горы — самае прыгожае, што ёсьць на Зямлі, — кажа Фралоў. — Цяпер проста больш часу зьявілася, стаў трэніравацца».
Першай вяршыняй для Фралова быў самы высокі пункт Афрыкі — Кіліманджара. Гэты вулькан, кажа альпініст, вабіў яго яшчэ зь дзяцінства.
«Занзыбар, Калахары — усё гэта падавалася нечым накшталт фантастыкі. А насамрэч усё магчыма».
Да ўздыму на Вінсан Вадзім Фралоў рыхтаваўся паўгода. Каб разьвіць цягавітасьць, падымаўся пешкі на 17 паверх.
«Маратон людзі бягуць чатыры гадзіны, а ў Антарктыдзе пераходы па 7–8 гадзін».
У Антарктыдзе міжнародная група зь пяці расейцаў, двух палякаў, аднаго француза і аднаго беларуса прызямлілася 30 сьнежня 2016 году. Па дарозе, у базавым лягеры, яны сустрэлі Новы год: у намёце, зь беларускай каўбасой, якую перадаў Вадзіму бацька з Гародні.
Вадзім Фралоў зьбіраецца скарыць самыя высокія кропкі ўсіх кантынэнтаў
На гару Вінсан група ўзьнялася з 4 на 5 студзеня ў 1:35 уначы па беларускім часе. На вяршыні было —45 градусаў Цэльсія. Пасьля фатаграфаваньня ўсе спусьціліся ў штурмавы лягер, бо насоўваўся шторм.
«Калі мы ўжо сышлі, там пачаўся вецер да 100 км на гадзіну. Гэта несумяшчальна з жыцьцём», — кажа Фралоў.
Акрамя нізкай тэмпэратуры, складанасьць пераходу ў тым, што трэба цягнуць усе рэчы і правізію на сабе. У гэты час арганізм губляе вельмі шмат калёрый.
«Прыкладна сем тысяч калёрый я патраціў толькі ўзыходжаньне на Вінсан — апошні этап паходу», — кажа Фралоў.
Вінсан — ня самая высокая зь вяршыняў сьвету, але вельмі небясьпечная. У адрозьненьне ад большасьці гор, тут амаль увесь час альпіністы ідуць па ледавіках. А тыя могуць рухацца. Часам можна праваліцца ў расколіну. А яны сягаюць уніз да чатырох кілямэтраў.
«Каля базавага лягера, калі ішлі ў зьвязцы, пад намі такі трэск раздаўся, — узгадвае Вадзім. — Гэта мы апынуліся на сьнежным мосьце, пад якім была пустэча. Адразу ва ўсіх зьявіліся сілы, каб хутчэй уцячы адтуль».
Разам зь дзяржаўным сьцягам Вадзім Фралоў узяў з сабой на Вінсан сьцяг роднай Гародні. Кажа, для яго гэта было вельмі важна.
«На Кіліманджара сьцяг Гародні ня браў. Там ужо шмат беларусаў было. А Вінсан — больш сур’ёзны пункт у сусьветным маштабе».
І расейцы, і палякі, і французы ўжо неаднойчы скаралі вяршыню Антарктыды. Прыкладам, сярод тых, хто абышоў усе сем вяршыняў сьвету, — каля дваццаці палякаў. Толькі Вадзім у групе быў першым прадстаўніком сваёй нацыі на Вінсане. Вадзім зьбіраецца стаць першым беларусам, якія скорыць самыя высокія пункты ўсіх кантынэнтаў.
«Самым складаным будзе Эвэрэст. Там пасьля 8,5 тысяч мэтраў ідзеш па зоне сьмерці. Але гэта ў плянах. Цяпер яшчэ адыходжу ад Антарктыды».
Беларускаму альпінізму ўжо больш за 200 год
Як паведаміў Свабодзе Аляксандар Гадлеўскі, старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларуская фэдэрацыя альпінізму», сусьветныя вяршыні беларусы актыўна скараюць апошнія 20 год. У 1998 годзе Віктар Кульбачанка быў першым беларусам, хто ўзышоў на Эвэрэст. 30 траўня 2001 году Ірына Вяленкава ўзышла на гару Мак-Кінлі (самую высокую кропку Паўночнай Амэрыкі), а ў студзені 2004 году Сяргей Варывода дайшоў да вяршыні гары Аканкагуа ў Паўднёвай Амэрыцы.
Пра іншыя горы дакладных сьведчаньняў няма. Напрыклад, на Эльбрусе беларусы маглі пабываць яшчэ да Другой сусьветнай вайны. Шмат беларусаў даходзілі да вяршыні Кіліманджара, але хто быў першым — невядома. Гэтаксама і з гарой Касьцюшка ў Аўстраліі. Ірына Вяленкава ўзышла на яе 30 сьнежня 2009 году. Але ня выключана, што нага беларуса там была і раней. Гэта проста нідзе не зафіксавана.
Увогуле гісторыю беларускага альпінізму Гадлеўскі прапаноўвае лічыць з пачатку ХІХ стагодзьдзя — ад паходу Аляксандра Антонія Сапегі ў Альпы. Разьвіты альпінізм быў і за савецкім часам. Але чаму тады на сусьветныя вяршыні беларусы ўзыходзяць толькі апошнія 20 год? Гадлеўскі тлумачыць гэта тым, што за часамі СССР альпіністы не выяжджалі за межы краіны.
«У Савецкім саюзе было ўсё, — кажа Гадлеўскі. — Не было патрэбы ехаць за мяжу. Таксама гэта не было такім прэстыжным у той час».