Гарадзенец Вадзім Фралоў узьняўся на самы высокі пункт Антарктыды з 4 на 5 студзеня 2017 году. Гара Вінсан — апошняя зь вяршыняў сьвету, якая не была скораная беларусамі.
Што беларусаў дагэтуль не было на вяршыні гары Вінсан (яе вышыня 4892 мэтры), Свабодзе пацьвердзілі ў Беларускай фэдэрацыі альпінізму. На астатніх самых высокіх пунктах усіх кантынэнтаў беларусы ўжо адзначаліся.
«Украінцы былі, армяне былі... У Антарктыдзе — усе былі, акрамя беларусаў, — сказаў Вадзім Фралоў Свабодзе. — Трошкі крыўдна было за радзіму».
Фралоў займаецца альпінізмам другі год. Але ўжо пасьпеў скарыць дзьве сусьветныя вяршыні: Кіліманджара ў лютым 2016 году і Вінсан — тыдзень таму. У ягоных плянах — узьняцца на вяршыні ўсіх сямі кантынэнтаў сьвету. Ніводзін беларус пакуль ня мае такога дасягненьня.
«Самым складаным будзе Эвэрэст, — сказаў Фралоў. — Там пасьля 8,5 тысячы мэтраў ідзеш па зоне сьмерці. Але гэта ў плянах. Цяпер яшчэ адыходжу ад Антарктыды».