На пачатку лютага стартуе першы міжнародны кінапраект «Зроблена ў Беларусі», паведамілі 13 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску члены здымачнай групы. Над стварэньнем фільма працуюць кінэматаграфісты Беларусі, Італіі, Лібану, Расеі і Сырыі.
Карціну «Невядомы салдат», якая будзе зьнятая паводле аднайменнай кнігі італьянскага пісьменьніка і журналіста Джыані Перэлі, плянуюць прадставіць ужо восеньню на Вэнэцыянскім кінафэстывалі. На думку ініцыятараў праекту, гэты фільм дазволіць беларускаму кінэматографу заявіць пра сябе ў сьвеце. Адзін з прадусараў фільму Анжэла Сконда адзначыў, што сёньня ў сьвеце ніхто ня ведае пра беларускае кіно.
«Беларусь ніколі не ўдзельнічала ў такіх сур’ёзных форумах, як Вэнэцыянскі кінафэстываль, і гэта — выдатная магчымасьць для прэзэнтацыі краіны ў сьвеце кіно», — сказаў ён.
Прадусар адзначыў, што Беларусь была абраная ў якасьці асноўнай здымачнай базы карціны, таму што «кінэматаграфічная тэхніка і пэрсанал адпавядаюць эўрапейскім стандартам для вытворчасьці такога фільма», паведамляе БелаПАН.
Каардынатар кінапраекту ў Беларусі Аляксандр Левянчук растлумачыў, што лэйбл «Зроблена ў Беларусі» азначае, што фільм будзе зроблены юрыдычнай асобай — кінакампаніяй «Орбат-сінема», — зарэгістраванай у Беларусі, усе падаткі таксама будуць плаціцца тут.
Асноўныя здымкі намечаны на красавік—травень. Яны пройдуць у Беларусі, Сырыі і Чачні. На тэрыторыі Беларусі будуць здымацца эпізоды, зьвязаныя зь беларускай і расейскай прыродай і архітэктурай. Нейкія вуліцы будуць паказваць Маскву, у іншых кадрах будуць паказаны вядомыя месцы Беларусі, паведаміў Левянчук.
У здымках возьмуць удзел беларускія акторы. Асноўны кастынг пройдзе ў лютым.
Бюджэт фільма — 5,5 млн. эўра, ён фармуецца шэрагам краінаў, сярод якіх Беларусь, Эгіпет, Лібан, Расея, Сырыя, Турэччына. Паводле Левянчука, беларускіх дзяржаўных грошай у фільме няма, але любой дапамозе з боку ўладаў кінакампанія будзе рада.
Карціна расказвае аб барацьбе з тэрарызмам на прыкладзе гісторыі аднаго расейца італьянскага паходжаньня, які ў разгар сырыйскага ваеннага канфлікту трапіў у палон. Асноўны пасыл фільма, паводле аўтараў, — барацьба з гвалтам і імкненьне да міру і любові.