Хто прыняў удзел у абмеркаваньні прапановы польскага міністра Вашчыкоўскага вяшчаць яе ў Беларусі, сам «Культуры» ніколі не глядзеў. А я гатовы крычаць: давайце хутчэй, я — за! Даволі працяглы час «Культура» была для мяне тым «промнем у цёмным царстве», акном у суседнюю Польшчу, у Эўропу.
Але нішто ня вечнае. Аднойчы канал адключылі. Палякі скасавалі на спадарожніку, пакінулі толькі ў кабэльных сетках, унутры Польшчы. Фіранкі — раз і зашморгнулі. Тлумачэньняў не было.
Калі было нешта цікавае, я глядзеў польскую «Культуру» літаральна кожны дзень. Зразумела, былі любімыя перадачы, якія стараўся не прапускаць. Любімыя — гэта пра кніжныя навінкі, пра літаратуру. Напрыклад, трое крытыкаў кожны тыдзень зьбіраюцца і сьцісла гутараць пра выбраныя для перадачы новыя выданьні. Які стыль, якая аргумэнтацыя! А потым ты ў Варшаве сам гартаеш гэтыя кнігі, нешта купляеш, пішаш рэцэнзіі. Для мяне гэта быў жывы працэс.
Затым гутаркі зь пісьменьнікамі, часта ў кавярнях. У сталіцы, у Лодзі, Кракаве, Вроцлаве. Штогадовы літаратурны фэст каля мора, у Гдыні. На пляжы пляцоўка, дзе запісваюць празаікаў і паэтаў, сваіх і замежных. Абавязковае абмеркаваньне новай літаратуры ў «Культурным тыдні». Размова пра кнігі і на іншыя тэмы ў ток-шоў, але інтэлектуальным, пад назвай «Заля адлётаў». Зьбіраліся толькі знаўцы, масоўкі не было. Перадачу вяла штотыдзень сама кіраўніца каналу Катажына Яноўская. Яна брала тэмы вострыя, у якіх адкрыта гаварылі пра польскіх «тараканаў». Памятаю перадачу, дзе ўзгадвалася кніга Катажыны Бонды, у цэнтры якой трагічная падзея — пасьля вайны на Беласточчыне «постакаўцы» зьнішчылі беларускую вёску разам з жыхарамі.
Фонам для польскай «Культуры» для мяне быў тады новы канал БТ «для сямейнага прагляду», у пэўным сэнсе адпаведнік. Нават на першым стала выглядаць не да месца адна прапагандысцкая перадача і яе прызначылі «для сямейнага прагляду». У перадачы актыўна не любілі Польшчу, Літву, Эўропу, Амэрыку. Бэсьцілі ўсё дэмакратычнае, людзкае. Хвалілі самых адыёзных замежных правадыроў. Жах! Да слова, для каналу бралі напачатку некаторыя перадачы з расейскай «Культуры», якую адключылі, але потым і яны зьніклі.
Пазьней паявілася «Культура» ад БТ. Ледзь знайшоў, усіх астатніх «клонаў» было па пяць, трапляліся на кожным кроку. Глядзеў нават адзін час перадачу пра мову. Але: ледзь нейкі вастрэйшы момант і адразу — усё мікшыруецца, быццам беларуская — як сыр у масьле. Канал існуе і цяпер, людзі стараюцца, але ён ня мог і ня можа мне даць таго, што давала польская «Культура». Хоць зразумела, што яна не для масавага гледача. Я зусім ня ўпэўнены, што людзі з картай паляка (хто меў талерку) пагалоўна глядзелі «Культуру». Іначай навошта было яе адключаць?
Калі шчыра: я сябе заўсёды ўяўляў адзіным гледачом у горадзе, мне заўсёды здавалася, што іншыя ня ведаюць аб «Культуры». Ніводзін іншы яе глядач мне ня быў вядомы. Калі я часам пачынаў распавядаць аб яе праграмах, на мяне глядзелі празрыстымі вачыма: аб чым гэта я? Ну, напрыклад, калі ў мяне выклікаў захапленьне італьянскі фільм «Рабочая кляса крочыць у рай».
Зразумела, што каб глядзець, трэба разумець, аб чым гавораць. Але і вельмі важна хацець разумець. Тым, хто валодае беларускай, гэта значна лягчэй, чым тым, хто зацяўся ў савецкім шкарлупіньні мовы старэйшага брата. Зразумела, што нам, у Горадні, аб гэтым лягчэй гаварыць. Аднак калі палякі прапанавалі сваю «Культуру», адмаўляцца было ня варта. Іншая рэч, каб не замест «Белсату». «Белсат» спрыяе беларускай культуры, што для беларусаў, зразумела, патрэбна значна больш. Пераадолець савецкую дэнацыяналізаванасьць — вельмі цяжкая справа.
Але нават калі ня будзе польскай «Культуры» (не дадуць паказваць на нашай тэрыторыі), мне асабіста яна ўжо дала шмат. Я глядзеў перадачы каля дзесяці гадоў. За апошнія некалькі напісаў мноства рэцэнзій на польскія кнігі альбо на пераклады на польскую. У прыватнасьці, у праграме «Варта». Езьдзіў у Варшаву дзеля рэпартажаў з кніжных фэстаў, пісаў іншыя тэксты на польскія тэмы. У пэўным сэнсе я мог адчуваць сябе прыватным паслом польскай культуры. Хаця ні разу мяне не запрасілі, напрыклад, на польскія літаратурныя сустрэчы ў Менску, а сам я нікуды сваіх публікацый не пасылаў, каб зьвярнуць на сябе ўвагу.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.