Агульная задача цяперашніх пакаленьняў беларусаў — зьберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасьля іх. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 студзеня на цырымоніі ўручэньня прэміяў «За духоўнае адраджэньне», спецпрэміяў дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп».
Лукашэнка падкрэсьліў, што незалежнасьць няпроста здабыць. Але яшчэ больш складана адстаяць і абараніць. «А нашаму народу сілы духу не займаць! Беларусы перажылі кровапралітныя вайны, здолелі выстаяць у самыя цяжкія пасьляваенныя часы, аднавілі краіну з руін, а ў нашы дні на скрыжаваньні дарог, культураў і гістарычных лёсаў адстойваюць сувэрэнітэт роднай краіны», — цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба.
Разам з тым Лукашэнка заявіў, што і цяпер знаходзяцца тыя, хто спрабуе прадставіць беларусаў людзьмі бяз роду і племені. «Зьяўленьне такіх галасоў зусім не выпадковае. Незалежная Беларусь, якая жыве сваім розумам і працай, не па душы многім. Пакліканьне сапраўднага творцы супрацьстаяць любой хлусьні, любому фальшу і крывадушнасьці. Тым больш калі гаворка ідзе пра Айчыну, пра родную зямлю. Менавіта тут і ёсьць поле духоўнай бітвы за Беларусь, за нашы каштоўнасьці, ідэалы і традыцыі. І выйграць гэтую бітву, выйграць яе ў душах людзей — вось сапраўднае, вялікае пакліканьне ўсіх тых, каго мы ўшаноўваем сёньня, і тых, хто сабраўся ў гэтай залі».
Прэміі прэзыдэнта Беларусі «За духоўнае адраджэньне» атрымалі настаяцель Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Наваградзкай эпархіі ігумен Яўсеві, загадчык катэдры архітэктуры жылых і грамадзкіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Сяргей Сергачоў, калектывы Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтру для дзяцей-інвалідаў і Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Названыя таксама ляўрэаты спэцыяльнай прэзыдэнцкай прэміі дзеячам культуры і мастацтва: калектывы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, Палацу культуры Маладэчна і іншыя. Узнагароджаныя таксама мастак Канстанцін Вашчанка і кіраўнік аматарскага калектыву Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі Салігорскага раёну Раіса Раманеня.