Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: умяшаньне Расеі ў выбарчую кампанію ў ЗША было старанна падрыхтавана


Барак Абама
Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ўмяшаньне Расеі ў выбарчы працэс у Амэрыцы — не экспромт, а вынік плянаў, якія даўно выношваліся. Пра гэта гаворыцца ў інтэрвію прэзыдэнта ЗША, паказаным у нядзелю тэлеканалам ABC.

Гаворачы пра скептычнае стаўленьне Дональда Трампа да высноў амэрыканскіх спэцслужбаў пра расейскія кібэратакі, Барак Абама сказаў: «Я занепакоены тым, што многія рэспубліканцы заадно зь блізкімі ім аналітыкамі і тэлежурналістамі адчуваюць, падобна, больш даверу да Ўладзіміра Пуціна, чым да сваіх суайчыннікаў, толькі таму, што яны — дэмакраты».

Сустрэча абранага прэзыдэнта з кіраўнікамі амэрыканскіх выведных устаноў, якая адбылася ў пятніцу, не пахіснула ягонай думкі, што расейскія хакеры «ніяк не паўплывалі на вынік прэзыдэнцкіх выбараў». Як адзначыў Абама, «нашым вядучым палітычным партыям, нягледзячы на ўсе рознагалосьсі, варта нястомна нагадваць сабе, што абедзьве яны гуляюць у адной камандзе, а Ўладзімір Пуцін — у чужой».

Паводле Абамы, «калі Злучаныя Штаты не ўмацуюць належным чынам сваю кібэрбясьпеку, то здольнасьць замежных дзяржаў узьдзейнічаць на амэрыканскія выбары дасягне мяжы, якую нельга было ўявіць 30, 20 ці нават 10 гадоў таму». «Пад неаслабным прэсам дэзынфармацыі вера амэрыканцаў у свае асноўныя СМІ панізіцца настолькі, што яны любую прапанаваную ім навіна будуць успрымаць як у роўнай ступені праўдзівую або лжывую».

На пытаньне журналіста, ці не недаацаніў ён Пуціна, Барак Абама адказаў: «Ня думаю, што я яго недаацаніў. Чаго я недаацаніў, дык гэта таго ўплыву, які кібэрпірацтва і навінавыя фэйкі здольныя ў наш інфармацыйны век ва ўсё большай ступені аказваць на адкрытае грамадзтва, употай укараняючыся ў ягоную дэмакратычную практыку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG