Прадстаўнікі выведнай супольнасьці пацьвердзілі на слуханьнях: з высокай ступеньню ўпэўненасьці можна сьцьвярджаць, што Расея мае дачыненьне да ўзлому сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША і электроннай перапіскі Джона Падэсты — дарадцы Гілары Клінтан.
Кіраўнік сэнацкага Камітэту ўзброеных сіл Джон Маккейн адзначыў, што зьвесткі амэрыканскіх спэцслужбаў аб датычнасьці Расеі да кібэратакаў ня ставяць пад пытаньне вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог рэспубліканец Дональд Трамп.
Дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клапэр-малодшы анансаваў выхад адкрытага дакладу аб умяшаньні расейскіх хакераў ў выбарчы працэс — у дадатак да дакладу, які атрымае прэзыдэнт. У дакумэнце ня будуць прысутнічаць дадзеныя, якія прадстаўляюць дзяржаўную тайну, але будуць апісаны матывы кібэратак супраць ЗША. Паводле Клапэра, хакерскія напады былі санкцыянаваныя высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі ў Расеі. Ён адмовіўся назваць канкрэтныя імёны.
Маккейн заклікаў распрацаваць захады контрапрапаганды для барацьбы з дэзінфармацыяй, якую пашырае Расея, а таксама сфармаваць палітыку ў галіне кібэрбясьпекі і сыстэму адказу на хакерскія атакі. Да «праціўнікаў», якія праводзяць кібэратакі на ЗША, сэнатар залічыў Расею, Кітай і Паўночную Карэю.
Джэймс Клапэр адзначыў, што супрацьстаяньне кібэрпагрозам не павінна ісьці на шкоду правам чалавека.
Кіраўнік выведкі пацьвердзіў, што з дапамогай кібэратакі Масква спрабавала паўплываць ня толькі на выбары, але і парушыць супрацоўніцтва паміж ЗША і Эўропай. Паводле яго, супрацу ў рамках НАТО ў супрацьстаяньні расейскім кібэрпагрозам пакуль нельга назваць пераканаўчаю.