Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі мінімум: вынікі зьнешняга гандлю за 2016 год


Belarus - The Exhibition "Belahra-2016", Minsk, 07jun2016
Belarus - The Exhibition "Belahra-2016", Minsk, 07jun2016

Чаму падае беларускі экспарт у Эўразьвяз і расьце дысбалянс на карысьць Расеі?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Экспарт беларускіх тавараў у ЭЗ за студзень-лістапад зьнізіўся на траціну, у той час як экспартныя пастаўкі ў Расею выйшлі ў плюс.

У Беларусі экспарт тавараў па выніках студзеня-лістапада падцягнуўся да ўзроўню мінулага года (мінус 13,3% супраць мінус 15,7% за дзевяць месяцаў), пры гэтым адмоўнае сальда па гэтай пазыцыі працягвае расьці — за месяц яно павялічылася адразу на 497 мільёнаў даляраў.

За адзінаццаць месяцаў гэтага года за межы краіны прададзена тавараў на 21.3 мільярды даляраў, у тым ліку пастаўкі ў Расею склалі 9,8 мільярдаў (рост на 2,1% да аналягічнага пэрыяду мінулага году), у краіны Эўразьвязу — 5,3 мільярды даляраў (мінус 32,8%).

сырая нафта і нафтапрадукты традыцыйна складаюць каля 60% беларускага экспарту ў Эўразьвяз

Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі па выніках студзеня-лістапада склала 3,453 мільярды даляраў. Нягледзячы на тыя заявы, якія апошнія гады актыўна гучаць з вуснаў прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, перш за ўсё самога прэзыдэнта Лукашэнкі, пра дывэрсыфікацыю экспарту, што трэба арыентавацца ня толькі на Расею, нягледзячы на тое, што нават быў прыняты афіцыйны дакумэнт на гэты конт, паводле якога экспарт павінны дзяліцца на роўныя тры часткі — расейскую, на Эўразьвяз і астатні сьвет — пакуль маем тое, што маем. А менавіта тым, што экспарт у Расею нейкім чынам трымаецца на ўзроўні, нават нязначна вырас — на 2%, але экспарт у Эўразьвяз упаў на 32%. Прычына ў тым, што з-за падзеньня сусьветных цэнаў зьнізіўся экспарт галоўных складнікаў беларускага экспарту — нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і нафты.

Варта сказаць, што сырая нафта і нафтапрадукты традыцыйна складаюць каля 60% беларускага экспарту ў Эўразьвяз. Нагадаем таксама, што ў выніку газавай спрэчкі Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь і гэта таксама паўплывала на зьніжэньне экспарту.

Але зьніжэньне беларускага экспарту ў гэтым паўгодзьдзі назіралася і па іншых напрамках. Да прыкладу, экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчаваньня скараціўся на 307,4 мільёнаў даляраў, або на 14% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Гэта таксама дысануе з шырокавяшчальнымі заявамі беларускага тэлебачаньня, якое ці не кожны тыдзень робіць праграмы пра тое, што беларускае малако пачынаюць закупляць на Захадзе, на Усходзе, а менавіта ў Кітаі, краінах Паўднёвай Азіі.

І тут вельмі важна адзначыць, што экспарт тавараў і паслугаў і валютная выручка Беларусі зьніжаюцца ўжо чацьвёрты год запар. Так, у 2013 годзе ў параўнаньні з 2012-м экспарт зьнізіўся на 15,1%, у 2014-м — на 1,7%, у 2015-м — на 24,2%, і вось па выніках 2016-га году гэта зноў будуць даволі сур’ёзныя лічбы падзеньня, як мінімум на 20%.

Адсюль можна зрабіць дзьве высновы. Па-першае, узрастае неабходнасьць далейшага атрыманьня замежных крэдытаў, так што можна прагназаваць, што супрацоўніцтва з МВФ будзе толькі пашырацца і Беларусь будзе больш лагоднай у перамовах.

Па-другое, падзеньне экспарту павялічвае імавернасьць дэвальвацыі беларускага рубля — ня зараз, але ў пэрспэктыве бліжэйшых гадоў. Ці да канца праядаць золата-валютныя запасы, якія і так на самай нізкай мяжы. Так што альтэрнатыва ў беларускай улады будзе не вельмі прыемная.

Дракахруст: Я згодны з вашай інтэрпрэтацыя сёлетняга драматычнага падзеньня экспарту ў Эўропу. Значную частку яго сапраўды складае экспарт сыравіны ці перапрацаванай сыравіны. Гэта аснова, і відавочна, што з гэтым ёсьць праблемы — і з-за цаны, і з-за палітыкі Расеі, з-за таго, што з сярэдзіны году скараціліся пастаўкі расейскай нафты, а як вядома, аб’ём гэтых паставак значна большы за патрэбы самой Беларусі. І зразумела, куды гэта ішло. Пераважна ў Эўропу. А зараз не ідзе. І вось з-за гэтага і адбылося амаль на 30% падзеньне. Магчыма, нейкія нават і палітычныя высновы беларуская ўлада з гэтага вельмі значнага падзеньня зробіць. Бо 2016 год быў «мядовым месяцам» у стасунках паміж Менскам і Брусэлем, у стасунках Беларусі з Эўразьвязам. Вось зьнялі санкцыі, вось пачалі езьдзіць міністры туды-сюды. Ну і гледзячы на тыя лічбы, якія вы, Віталь, агучылі, магчыма беларуская ўлада задасьць сабе пытаньне: і што мы з гэтага атрымалі? Якія нам новыя магчымасьці адкрыліся ў Эўропе, што нам далі, што ў нас купілі?

Магчыма, нейкія нават і палітычныя высновы беларуская ўлада з гэтага вельмі значнага падзеньня зробіць

Ну вось менш на траціну. Ну так, у нас з нафтай было складана, але мала іншага ў нас купілі, нічога асаблівага нам не зрабілі, каб мы грошы зарабілі. А вось зрабілі ці зрабілася на ўсходнім накірунку — плюс 2%. Гэта няшмат. Але так выглядае, што раней і экспарт у Расею падаў. Разам з усім. А вось зараз, гледзячы па ўсім, гэты рынак стабілізаваўся.

Ужо за кошт чаго — гэта, відаць, вельмі складанае пытаньне, гэта трэба размаўляць з адмыслоўцамі, але вось факт такі. Канешне, можна на гэта паглядзець так, як вы сказалі, што Лукашэнка абяцаў, што будзе прадавацца больш у Эўропу, у краіны трэцяга сьвету.

А можна паглядзець і інакш: а дзе нашы тавары купляюць, дзе хочуць купляць нашы тавары? Ну такія, якія ёсьць, зразумела, не хай-тэк. У Расеі.

Даволі важнымі могуць быць палітычныя высновы, якія прынамсі беларуская ўлада з вось гэтай даволі сумнай арытмэтыкі будзе для сябе рабіць і ў стасунках з Расеяй, і ў стасунках з Эўразьвязам.

Цыганкоў: Эўразьвяз не прымусіш купляць беларускія трактары і тэлевізары і лядоўні. Тут нават калі самыя лепшыя эканамічныя адносіны, самыя ільготныя тарыфы — цяжка можна ўявіць, што эўрапейскія спажыўцы пачнуць закупляць гэтыя тавары.

Дракахруст: Вы пераконваеце мяне ці Лукашэнку? Я сказаў, што так можа разважаць беларуская ўлада. Цыганкоў: Няма чаго купляць эўрапейцам у Беларусі, акрамя нафтапрадуктаў. Няма такіх тавараў, якія б яны хацелі купіць, нават пры самых лепшых палітычных адносінах. Гэта праблема беларуская, а не праблема адносінаў з Эўразьвязам.

Карбалевіч: Сапраўды назіраецца пэўны парадокс. Ужо трэці год ідзе працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўропай. У Менск адна за адной прыяжджаюць дэлегацыі з краінаў ЭЗ усё вышэйшага ўзроўню. Аднак гэтая інтэнсіўная дыпляматычная праца ніяк не канвэртуецца ў эканамічныя вынікі. Экспарт Беларусі ў краіны ЭЗ скараціўся, доля Эўразьвязу ў таварным экспарце Беларусі зьменшылася з 32,2% у 2015 г. да 25,3% за студзень-кастрычнік сёлета.

Адзін за адным праводзяцца інвэстыцыйныя форумы то ў Менску, то ў розных эўрапейскіх сталіцах, а заходні інвэстар упарта ня хоча ісьці ў Беларусь. Не зьявіліся новыя крыніцы атрыманьня крэдытаў. Перамовы з МВФ затармазіліся, нягледзячы на аптымістычныя прагнозы беларускіх афіцыйных асобаў.

Беларуская сацыяльная мадэль стварае жорсткія абмежаваньні на любыя «хацелкі» ўладаў

А вось доля Расеі, зь якою працягваецца востры канфлікт, у таварным экспарце Беларусі павялічылася за студзень-кастрычнік сёлета да 45,6%, хоць летась гэты лік складаў 39%. Як падлічыў эканаміст Яраслаў Раманчук, такой высокай таварнай залежнасьці ад Расеі не было за апошнія 20 гадоў.

То бок, нягледзячы на пагрозьлівыя ўказаньні, заклікі і патрабаваньні Лукашэнкі, стараньні ўраду дывэрсыфікаваць замежны гандаль і экспарт разьвівалася супрацьлеглая тэндэнцыя.

Гэтыя парадоксы тлумачацца вельмі проста. Уся праблема ўпіраецца ў неэфэктыўнасьць эканомікі. Беларуская сацыяльная мадэль стварае жорсткія абмежаваньні на любыя «хацелкі» ўладаў. Калі эканоміка неканкурэнтаздольная, то ніякая шматвэктарная замежная палітыка не ратуе. І пакуль ня будзе рэформы неэфэктыўнай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, рэальнай дывэрсыфікацыі ня будзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG