Скрадзеная «пасьцель», цёплы падвал і юбілейны год
У красавіку магілёўскі бяздомны Альберт адзначыць васьмідзесяцігадовы юбілей. Жыве ён з таго, што знойдзе ў баках са сьмецьцем, ці зь міласьціны, якую нажабруе ля крамаў ці царквы. Жытло ў старога — пад гаўбцом аднаго з дамоў у мікрараёне Юбілейны.
Альберт неаднойчы быў героем свабодаўскіх рэпартажаў пра валацуг. Поркаючыся ў сьметніцы і ўгледзеўшы журналіста, паскардзіўся, што нехта прыняў з-пад балькона ягоную «пасьцель». Паведаміў навіну, што сваю 35-гадовую даўнюю сяброўку Натальлю адправіў да яе маці на вёску.
«Што яна тут будзе валачыцца, хворая, я і сам паміраю, бо з-пад гаўбца ўсе рэчы мае вынесьлі. Тры коўдры ў мяне было. Хто вынес і калі, ня ведаю. Прыехаў з царквы, а іх няма. На голым бэтоне холадна спаць. Пайду падвал які незамкнуты шукаць», — падзяліўся з журналістам Альберт.
За плячыма ў Альберта не адна адседка ў турме, няпростыя стасункі з родзічамі ды атрыманае ў аварыі калецтва. Кажа, што ён інвалід другой групы. Ходзіць на мыліцах. Колькі бадзяжыць, пэўна, ужо ня ведае.
«Для мяне сьвятаў няма. Усе дні аднолькавыя. Навагодзьдзе сустрэну, як пашанцуе: у падвале, можа, з чаркай ды ежаю. Людзі дабрэюць у гэтае сьвята, больш падаюць. Пасьля яго нямала выкідаюць з харчоў, таму грэх наракаць», — апавядаў Альберт.
«Два тыдні таму ў мяне памерла сястра, дык я, можна сказаць, стаў сіратой, — паведаміў навіну суразмоўца. — Пляменьнік мяне ў сестрыну хату не пускае. Акупаваў ён жытло. Пад гаўбцом улетку някепска, а ўзімку цяжка адшукаць цёплы прытулак».
Сумны юбілей — 15 гадоў бадзяжніцтва
Альбертаў аповед уважліва слухала ягоная спадарожніца. «Гэта журналіст. Ён пра такіх, як мы, піша», — адрэкамэндаваў жанчыне свайго знаёмца стары.
«Новы год адзначым ужо як-небудзь, — далучылася да гутаркі сяброўка Альберта. — Людзі дапамагаюць. На жыцьцё не наракаю. Той, хто часта са мной сутыкаецца, дык нават купляе мне харчы».
Суразмоўцы сорак два гады. «Бічую з 2002 году», — прызналася яна. Пытаньне, ці не спрабавала зьмяніць жыцьцё, яна пакінула без адказу.
«Цяпер падвалы ды пад’езды замыкаюць, дык перабываю дзе прыйдзецца, — казала далей яна. — Альберту дзякуй. Ён пускае пад балькон. Таму начуем, можна сказаць, на вуліцы».
Бадзяга з трубы: «Бог ведае, за што карае»
Магілёўскі бадзяга Юры Іванавіч кажа, што 31 сьнежня адзначыць семдзесят восем. Апошнія некалькі гадоў ён жыве ў бэтоннай трубе вадасьцёку. Узімку зрэдку выбіраецца, яе ён кажа, са свайго берлагу. Старым апякуюцца неабыякавыя да ягонага лёсу людзі. Перадачы яму закідваюць у трубу.
«Жыцьцё кепскае. Горш не бывае. Гэта не жыцьцё, а пакараньне Божае. Бог ведае, за што карае. Потым даведаюся», — выгукае з трубы Юры Іванавіч.
«Як буду адзначаць дзень народзінаў і навагодзьдзе, ня ведаю. Грошай няма ні капейчыны, — разам з параю даносяцца рэхам словы старога. — Можа, хто прыйдзе. Ня ведаю. У мяне недзе непадалёк жыве сын. Адрасу ягонага ня ведаю. Даўно ня бачыў. Прыносяць мне сюды і харчы, і гарбату».
З аповедаў Юрыя Іванавіча, ягонае жыцьцё надта пакручастае. Нарадзіўся ён у расейскай Пермі. Прыехаў да сына ў Беларусь, прадаўшы кватэру. Сын купіў яму дом, але стары, крыху пажыўшы ў ім, вярнуўся на Ўрал. А адтуль зноў у Беларусь. Апошнія дваццаць пяць гадоў бадзяжыць. Дакумэнтаў няма. Пэнсіі таксама.
«Такія, як я, да мяне рэдка прыходзяць. Я ж не выпіваю зь імі. Дык я тут, як мядзьведзь, які ўсю зіму сьпіць. Мне ў трубе ня дужа холадна, але як звонку маразы, дык і мяне даймаюць. Ад сьвятаў нічога ўжо не чакаю. Людзі мне кепскага ня робяць. Дапамагаюць: каб не яны, ужо б памёр», — казаў з трубы Юры Іванавіч.
Людзі і праўда заклапочаныя ягоным лёсам. Летась адна з жанчын знайшла старому прытулак на два месяцы ў прыватным доме. Знайсьці такое жытло на гэтую зіму пакуль не ўдаецца.
Псыхалёгія прыстасавалася да бадзяжніцтва
42-гадовы Ігар таксама з Расеі. Бадзяжыць два дзясяткі гадоў. Дакумэнтаў ніякіх.
«Будзе што выпіць — будзе Новы год. Ня будзе — значыць, і сьвята ня будзе. Наагул для мяне ўсе дні працоўныя і выхадныя адначасова. Я ж даўно бадзяжу, дык людзі мяне ведаюць і дапамагаюць. Да царквы не хаджу, бо веры няма. Я атэіст», — казаў Ігар пра свой перадсьвяточны настрой.
«Пасьля сьвятаў будзе чаго пад’есьці. Багата людзі выкідаюць харчоў. Выбраў зь іх, пад’еў, — працягнуў суразмоўца невясёлы свой аповед. — Усё зьбіраюся выбрацца на радзіму, але тое, што назьбіраю на дарогу, прапіваю. Не магу ўстрымацца. Дакумэнтаў у мяне няма. Трэба іх у Расеі атрымліваць».
Ігар ня утойвае: зьмяніць сваё жыцьцё ён ня можа.
«Псыхалёгія ўжо прыстасавалася пад цяперашні мой лад. Патлумачыць гэта цяжка. Трэба самаму пажыць гэтак, як я, каб адчуць зьмены. Бадзяжніцтва стала нормай майго жыцьця», — падсумаваў гутарку суразмоўца.
У 22 гады пачаў піць. Нядаўна «завязаў»
Тым часам Сяргей хваліўся сваёй пажываю. Саракапяцігадоваму валацугу ўдалося выбраць са сьметніцы вялікую папяровую скрынку макулятуры. «Мне і золата, і срэбра траплялася», — з непрыхаваным задавальненьнем апавядаў мужчына.
«Пакуль мяне прытулак далі, але гэта пакуль. Не бывае ў такіх, як я, сталага жытла. Усё часовае, — па-філязофску разважаў суразмоўца. — Такое жыцьцё ў мяне апошнія гадоў дзесяць. Так выйшла, што дакумэнты ў мяне былі, а прапіскі не было. На працу ня бралі».
Сяргей кажа, што ён сірата. Вучыўся ў Амсьціславе. Паводле разьмеркаваньня трапіў у Асіповічы. Мае навыкі цесьляра, муляра, тынкара. Пасьля звальненьня выдзеленае прадпрыемствам жытло забралі. Альтэрнатыўнага занятку знайсьці ў райцэнтры не ўдалося. Прыехаўшы ў Магілёў, перабіваўся з часовых працаў.
«Сышоўся быў з адной жанчынай, але злоўжываў алькаголем. У 22 гады пачаў піць. Нядаўна „завязаў“. Цяпер трымаюся. Цэлымі днямі зьбіраю макулятуру, каляровы мэтал, рызьзё. Рублёў па 7-8 выходзіць за дзень, — казаў Сяргей. — Новы год буду адзначаць як усе людзі. Гарэлка, шампанскае. Дарма што я ў „завязцы“, можна ж і „разьвязацца“! Калі ў мяне няма дакумэнтаў і я нідзе не працую, дык што, я горшы за астатніх людзей? Я чужога не бяру і не краду. Што зьбяру, з таго і пражыву».
Недаедкаў на сьметніках хапае
Бяздомныя і тыя, хто рэгулярна аглядае бакі са сьмецьцем, пастаянна на вачах у сьмецяроў. Дворнікі няблага вывучылі гэтых людзей і амаль беспамылкова вызначаюць, хто зь іх хто. На думку сьмецяроў, пераважаюць на сьметніках тыя, хто зьбірае другасную сыравіну.
«Такія людзі не валацугі. Яны маюць свае кватэры, але грошай на жыцьцё ім не хапае, таму ідуць да бакаў, — выказваецца адзін з дворнікаў. — Ёсьць і такія, хто выбірае са сьметніцы ежу, але іх, здаецца, болей ня стала. Але недаедкаў у баках хапае. Хлеба шмат выкідаюць, каўбасу, таму пакуль ня голад у нас. І валацугі пракарміцца могуць».
Што да бадзягаў, то яны памаладзелі, заўважае суразмоўца.
«Цяпер можна пабачыць ля бакаў і трыццацігадовых, але нячаста. Больш тых, каму пад трыццаць, — кажа ён. — Гэтыя людзі недаверлівыя. У многіх няпросты лёс. Жыцьцё іх паламала. Хто праз турму прайшоў, хто сьпіўся, хто з розных прычынаў страціў жытло. Разам з тым трэба быць асьцярожнымі зь імі, бо ўсе яны зладзеяватыя людзі».