Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гомельскія бамжы сустракаюць Новы год


Міхась і Надзея - гомельскія бяздомныя
Міхась і Надзея - гомельскія бяздомныя

Навагоднія ялінкі, агні, музыка, сьвяточны стол, госьці, падарункі — усё гэта ў звычайнага чалавека непарыўна зьвязана з сустрэчай і сьвяткаваньнем Новага году і Калядаў. У Гомелі, аднак, багата людзей, якія нічога гэтага ня маюць — ні дома, ні сьвяточнага стала, ні падарункаў. Яны — гарадзкія бяздомныя.

28-гадовы Міхась чацьвёрты Новы год сустракае на вуліцы:

Новы год сустракаю на плошчы Леніна.

«Я сам з Гомеля, дзятдомаўскі. Дзесяць гадоў тут пражыў на вуліцы Жамчужнай у дзіцячым доме. Новы год сустракаю на плошчы Леніна. На плошчы ёлка стаіць, каля цырка ёлка стаіць, каля „Гідрапрываду“ таксама. У Навабеліцы іх тры. А што мне рабіць, куды яшчэ ісьці? Хоць на салюты пагляджу».

Міхаcь нарадзіўся ва Ўкраіне. Калі яму было тры гады, бацькі пераехалі ў Калінкавіцкі раён, на радзіму маці. У дзевяць гадоў хлопчык патрапіў у Гомель, у дзіцячы прытулак, што ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтру:

«Маці, цяпер ужо нябожчыца, разам з бацькам, калі я быў у дзетдоме, прадалі хату. Я зь дзіцячага дома выйшаў, мне ніякага жытла не далі. Вучыўся ў Мазыры ў вучэльні, а пасьля працаваў у Калінкавічах у ПМК-101 штукатурам-плітачнікам. У 2008 годзе звольнілі паводле артыкулу за пьянку».

З таго часу Міхаcь пасьпеў пабываць у Бабруйскай турме за рабаўніцтва, а цяпер — бадзяжнічае. Летам, канечне, лягчэй, а ўзімку асабліва складана:

Дзе-небудзь шукаем цёплы падвал ці пад’езд, каб пераначаваць. Там вось і выжываем з божай дапамогай.

«Дзе-небудзь шукаем цёплы падвал ці пад’езд, каб пераначаваць. Там вось і выжываем з божай дапамогай. А бывае, звоніш у дамафон. Пытаюцца: „Хто?“. Хітруеш ужо: „Участковы. Ці кажаш, што да Андрэя іду, а ў яго дамафон не працуе“. Так вось на начлег і заходзім».

«Гіпэрмаркеты» для бяздомных

Апошні дзень перад Новым годам у Міхася, як ён лічыць, склаўся няблага. Каля адзінаццатай гадзіны ён адначасова пасьнедаў і паабедаў:

«Сёньня, калі шчыра, то мы па сто грамаў сьпірту „на кропцы“ ўзялі і зьелі па кавалку хлеба».

Навагодні ж стол у бяздомнага маладога мужчыны залежыць ад таго, што ён здабудзе ў «гіпэрмаркеце» — так гарадзкія бадзяжнікі называюць кантэйнэры для сьмецьця, выстаўленыя ў дварах шматпавярховікаў:

Во гэтыя сьметнікі — мы іх і называем гіпэрмаркетамі з бескаштоўнымі абедамі.

«Што патрапляецца, тое й зьбіраем. Мы іх называем гіпэрмаркетамі, дзе ёсьць распродаж бясплатных абедаў. Во гэтыя сьметнікі — мы іх і называем гіпэрмаркетамі з бескаштоўнымі абедамі».

Калі ў «гіпэрмаркетах» не ўдаецца чым пажывіцца, бяздомныя ідуць прасіць міласьціну:

«Іншы раз ходзім па кватэрах: дапамажыце, чым можаце! Дзеля Хрыста, дапамажыце. Хто вопратку дае, хто паесьці вынесе. Так вось выжываем. Часам бутэлькі зьбіраем і здаём, макулятуру, жалеза, шклабой. А як нам, бамжам, выжываць яшчэ на вуліцы?!»

Міліярдэр заплаціць падатак на дармаедзтва

Гарадзкі бяздомны сьцьвярджае, што зь яго біяграфіяй на працу ніхто не бярэ. Апошнім часам ён ужо зарокся хоць куды зьвяртацца. Пра ўведзены падатак на дармаедзтва й думаць ня хоча:

Лукашэнка ж нібыта „бацька“, як усе яго называюць. Ён жа, дарэчы, ня першы тэрмін пры ўладзе. Ніводзін прэзыдэнт сабе такога ня можа дазволіць, а ён ужо пяты „сэзон“.

«Заплаціць Рыгор Аляксандравіч Лукашэнка (блытае імя і імя па бацьку), няхай ён плаціць. Ён міліярдэр у Беларусі, а мы — бамжы. І чаму б яму не зробіць які-кольвечы прытулак для бамжоў, каб прыйсьці туды й пераначаваць? Гэтак, як Менску — у іх там ёсьць такі прытулак. Зайшоў, пераначаваў у чыстай пасьцелі і раніцай сышоў. Чаму такое ў Гомелі не зрабіць? Ён жа нібыта „бацька“, як усе яго называюць. Ён жа, дарэчы, ня першы тэрмін пры ўладзе. Ніводзін прэзыдэнт сабе такога ня можа дазволіць, а ён ужо пяты „сэзон“. І свайго Колю рыхтуе».

З Надзеяй — пра надзею

Міхась не так даўно пазнаёміўся з 47-гадовай бяздомнай Надзеяй. Яна сама з Суражкага раёну Бранскай вобласьці. Расейка апавядае, што год сядзела ў турме ў расейскім горадзе Іванава за крадзеж пуховай хусьціны. Дома ў яе застаўся сын, якога даглядае старэйшая сястра, дырэктарка школы. У Гомель Надзея прыехала таму, што брат, калі яна вярнулася з турмы, нават на парог не пусьціў. Узімку жанчыне асабліва цяжка, бо пакутуе ад холаду на алергію. Твар заўсёды чырвоны, выглядае нібы пабітым.

У Гомелі ўдваіх з Мішам Надзеі выжываць ямчэй. Яны нават бяздомнага сабачку падабралі на вуліцы. Пашкадавалі. Зь ім так і ходзяць па горадзе.

Ні пра якую навагоднюю ёлку Надзея нават не загадвае. Думае пра цяпло, працу, сяброўства.

Хочацца цяпла і хоць нейкай утульнасьці. І каб сяброўства было — з Расеяй, Украінай. Каб усе людзі сябравалі, дапамагалі адзін аднаму, каб ня біліся й не ваявалі.

«Якая ёлка?! Нам каб якая кватэра і каб мы знайшлі працу. Хочацца цяпла і хоць нейкай утульнасьці. І каб сяброўства было — з Расеяй, Украінай. Каб усе людзі сябравалі, дапамагалі адзін аднаму, каб ня біліся й не ваявалі».

Міхась таксама марыць пра цёплы кут:

«Што я хачу на Новы год? Каб мне было дзе пераначаваць, каб не валачыцца па вуліцах. Вось гэтага найбольш хачу».

Спадарожніца Міхася, у сваю чаргу, дадае: «Каб чысьценькія былі, каб сьвежанькія былі, каб памыцца дзе было».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG