Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа пракарміць сьметніца. Карэспандэнт Свабоды парыўся ў сьмецьцевым баку разам з бамжамі


Агледзіны бакаў са сьмецьцем для немалой колькасьці абяздоленых людзей — занятак, які дапамагае выжыць. Колькі такіх людзей — падлічыць немагчыма. Ня ўсе яны бяздомныя. Хто яны, што змусіла іх прыйсьці да кантэйнэраў са сьмецьцем і што кажуць яны пра дабрабыт людзей па тым, што тыя выкідаюць.

Магілёўцу Генадзю шэсьцьдзесят адзін год. У яго сваё жытло і, як сам цьвердзіць, ён не галадае, аднак кожны дзень аглядае кантэйнэры са сьмецьцем. Адтуль выбірае патрэбныя яму рэчы і харчы. На пытаньне, навошта старому такі занятак, не адказвае. Наракае, што апошнім часам людзі сталі менш выкідаць са сьмецьцем харчоў, асабліва мясных:

«Раней маглі і палову куры выкінуць ды, як кажуць на вёсцы, цэлыя сьвіныя плечы. Цяпер жа такога няма, — з сумам зазначае Генадзь. — Хлеба, як раней, выкідаюць зашмат. Цэлымі булкамі, троху зацьвілымі. Для мяне, як чалавека, які рос у галодныя часы — гэта дзіка».

Генадзь
Генадзь

Суразмоўца дастаў з кантэйнэру прыхаваную ад журналіста торбу, наладаваную выбранай са сьмецьця спажываю. Пагадзіўся паказаць, што ў ёй.

«Два пакеты грэцкіх круп, дзьве булкі хлеба, — перабіраючы ў торбе яе зьмесьціва, кажа Генадзь. — Пачаты слоік грануляванай распушчальнай кавы, шмат слоікаў спэцыяў, сталовыя фужэры...».

Спажыва Генадзя
Спажыва Генадзя

«Во, бачыце, як цяпер людзі жывуць і што выкідаюць. Відаць багатыя», — з усьмешкай падсумоўвае пэнсіянэр.

Наступны суразмоўца таксама магілёўскі пэнсіянэр. Пытаньню, ці не бяздомны ён, не зьдзівіўся. Кажа: у яго шмат хто цікавіцца гэтым, бо лічаць, што толькі бамжы могуць поркацца ў сьмецьці. У Віктара свой дом. Як выйшаў на пэнсію, апавядае стары, купіў курэй, а карміць іх трэба, дык і наважыўся зьбіраць адкіды ў баках са сьмецьцем:

«Выбіраю толькі курам яду ды сабакі яшчэ ёсьць у мяне, а так не прыглядаюся, ці багацей людзі па сьмецьці сталі жыць, ці бядней, — адрываючыся ад кантэйнэра зазначае суразмоўца. — Шмат хлеба выкідаюць. Абутку, які можна было яшчэ насіць. Раней больш выкідалі і хлеба, яшчэ нямала знаходзіў макароны, але цяпер меней усяго. Прайдуся па кантэйнэрах ды й троху панавыбіраю пакуль яшчэ ёсьць з чаго».
Віктар прызнаецца, што няпроста было наважыцца на такі не шанаваны людзьмі занятак, як порканьне ў сьмецьці.
«Кепскага мне нічога ніхто не казаў пра гэта. Некаторыя людзі самі падносяць мне мяшэчкі з хлебам, ці крупамі. Куры даюць па два дзясяткі яек на дзень. На пэнсіі, во так, і знайшоў сабе занятак. Красьці ж ня пойдзеш. Я ў маладосьці ня краў, бяз бацькі жыўшы».

«Правяраць бакі ня добрая справа, — кажа на разьвітаньне Віктар.— Жонка на мяне крычыць, каб ня йшоў, але карміць жа свойскае нада».

На корм куркам
На корм куркам

Двое наступных суразмоўцаў, мужчына і жанчына, выбіралі са сьмецьця макулятуру. Жанчына адрэагавала на пытаньні журналіста незычліва. Заявіла, што адказваць будзе толькі калі ёй заплацяць, але не прамінула пацікавіцца: колькі незнаёмец зарабляе і ці ня бэнээфавец ён. Ейны жа прыяцель пагадзіўся на гутарку без ваганьняў:

«Цяпер адна бедната, — ахарактарызаваў цяперашні дастатак людзей па сьмецьці мужчына. — Раней выкідалі куды болей рэчаў. І цяпер выкідаюць лядоўні, тэлевізары, але гэта адзінкі. З такіх людзей мы і жывём».

«На мой розум, раней было больш сераднякоў, — дадае суразмоўца. — Цяпер жа альбо багацеі, альбо бедната. Сераднякі амаль усе зьвяліся. А на серадняках жа сьвет трымаецца».

«А вы, відаць, сабе можаце дазволіць і пячонкі купіць, і мяса, і якіх яшчэ далікатэсаў, — зьедліва ўмяшалася ў гутарку жанчына. — Мы вось такога сабе дазволіць ня можам. Галадаем, без прытулку».

Мужчына прыкрыкнуў на прыяцельку, каб тая сунялася.

«Такіх, як мы пры баках цяпер становіцца болей, — працягнуў суразмоўца. — Што дзівіць, дык бальшыня такіх з пэнсіянэраў. Сядзелі б яны па дварах на сваёй пэнсіі, дык лазяць па баках. Мо дзецям пэнсію аддаюць, а самі потым глядзяць, што ў сьмецьці».

Сьмецьцешукальнікі
Сьмецьцешукальнікі

Апошняе пытаньне выклікала ў суразмоўцаў спрэчку. Колькі можна зарабіць на сабранай у сьмецьці другаснай сыравіне, цікаўлюся ў іх. «Ды як пашанцуе. Можна і пяцьдзесят тысяч, калі патрапіш на лядоўню выкінутую, ці тэлевізар», — адказвае мужчына.

«Ды ня брашы ты, — запярэчыла ягоная прыяцелька. — Калі такое было, каб пяцьдзесят тысяч ты меў за дзень? Досыць ужо мятлою месьці», — накінулася яна на мужчыну. Той ня стаў пераконваць яе, толькі журналісту шапнуў: «Злая яна ў мяне».

Наступнаму суразмоўцу Мікалаю няма яшчэ і сарака. Яго пераняў непадалёк ад прыёмнага пункту другаснай сыравіны з пакункам макулятуры. Сьпяшаючыся, ён апавёў сваю гісторыю, якая прывяла яго да бакаў са сьмецьцем.

«Патрабуюць на біржы працы здаваць макулятуру, вось і даводзіцца хадзіць па сьметніках ды зьбіраць, як не дамовісься зь якой крамаю, каб далі скарыстанай упаковачнай паперы, — тлумачыць Мікалай. — А куды падзенесься. Працу шукаю, дык, каб паставілі на ўлік, трэба здаць макулятуры. Мне трэба здаць яе больш за сорак кіляграмаў. Дык хаджу зьбіраю».

Такі занятак Мікалаю не па душы, але ён зазначае: калі ўзяўся, дык ня кідаць жа.

Дворнікі, зь якімі ўдалося пагутарыць, пацьвердзілі, што людзей, якія шукаюць у баках са сьмецьцем сабе спажыву, паболела. Узрост тых, хто наважыўся рэгулярна аглядаць кантэйнэры, сьмецяры пэўна не акрэсьлілі. Некаторыя, каб быць больш пераканаўчымі ў сваіх довадах, заяўлялі: «Цяпер жа крызіс, але пакуль не асабліва яшчэ ён прыціснуў. Што будзе далей — і думаць баімся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG