Супраць іх у Беларусі заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне міжнацыянальнай варожасьці групай асобаў), санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.
20 сьнежня на гэтую тэму выказаўся расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў, які заявіў:
«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаваньне брацкіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. А вось многае ёсьць на ўбіваньне кліноў. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі — шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і зьяўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як „недадзяржава“, „неданарод“ не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсьць дысгармонія ў пытаньнях свабоды слова, але ёсьць і пытаньне радыкалізму, разбурэньня міждзяржаўнай і брацкай дружбы».
Адказ Марыі Захаравай на пытаньне пра арыштаваных беларускіх аўтараў сайта «Регнум» зьмешчаны на сайце МЗС Расеі.
Расейскі журналіст з парталу «Регнум» задаў Марыі Захаравай пытаньне:
«У пачатку сьнежня ў Беларусі былі затрыманыя тры прарасейскія публіцысты, адзін зь якіх наш аўтар Ю.Паўлавец, С.Шаптэнка, імя трэцяга мне невядомае. Ім ставяць у віну распальваньне варожасьці, у той час як яны, наадварот, заклікалі да зьбліжэньня з Расеяй і перасьцерагалі ў сваіх артыкулах беларускае кіраўніцтва ад «заляцаньня» зь беларускім нацыяналізмам і руху ў бок Захаду, як гэта адбылося на Ўкраіне. Яны былі арыштаваныя і да гэтага часу знаходзяцца пад вартай. Хацелася б даведацца пазыцыю МЗС з гэтай нагоды, паколькі амбасадар Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў няясна выказаўся ў іх адрас, сказаўшы, што гэта беларускія грамадзяне і гэта справа Беларусі. Па факце яны зьяўляюцца нашымі суайчыньнікамі, і мне здаецца, Расеі варта было б зьвярнуць увагу на гэтую праблему.
Адказ Захаравай быў наступны:
«Я ня згодная, што наш амбасадар у Беларусі А.А.Сурыкаў даў незразумелы камэнтар, ён даў якраз разгорнуты камэнтар з нагоды гісторыі з затрыманьнем беларускіх грамадзян Ю.Паўлаўца, Д.Алімкіна і С.Шаптэнкі. Яны сапраўды супрацоўнічалі і працавалі з расейскімі выданьнямі, у прыватнасьці з агенцтвам «Регнум», таму амбасадар выказаў наш, расейскі пункт гледжаньня на гэтае пытаньне. Я хацела б сказаць, што мы падзяляем тое, што было сказана амбасадарам, што ўжываньне такіх слоў, як «неданарод» або «недадзяржава» ў дачыненьні да Беларусі і беларусаў — гэта недапушчальна. Вы гаворыце пра тое, што яны папярэджвалі Беларусь ад руху ў бок Захаду і «заляцаньня» з нацыяналізмам. Гэта была ваша цытата, і я не магу гэта камэнтаваць. Хачу сказаць, што «неданарод» і «недадзяржава» з вуснаў людзей, якія ўплываюць на грамадзкую думку — гэта проста непрыстойныя рэчы, таму што яны могуць спрыяць распальваньню міжнацыянальнай праблемы і ксэнафобіі. Такія выразы не спрыяюць стварэньню пазытыўнай атмасфэры ў беларускіх дачыненьнях, хоць вы кажаце, што менавіта на гэта і была нацэленая іх праца.
На ўдакладняльнае пытаньне журналіста, што Паўлаўцу, якія публікаваўся ў іх, гэтыя словы не належаць, Захарава падкрэсьліла:
«Гаворка ідзе пра трох журналістаў, таму я хачу сказаць, што мы далі вельмі выразную ацэнку тым словам і выразам, якія яны ўжывалі, прычым ужывалі, як я разумею, не ў прыватных размовах, а ў сваіх матэрыялах. Мы пацьвярджаем сваю абсалютную адданасьць свабодзе слова і неабходнасьці абароны правоў журналістаў і людзей, якія працуюць у якасьці прадстаўнікоў СМІ. Як вынікае з камэнтара амбасадара Расеі ў Беларусі А.А.Сурыкава, мы знаходзімся з гэтай нагоды ў пастаянным кантакце з нашымі беларускімі калегамі. Яшчэ раз паўтару, мы заяўляем пра поўную адданасьць і неабходнасьць абароны як свабоды слова, так і журналістаў. Думаю, што ў незахаваньні гэтых нормаў і няўвазе да лёсу журналістаў нас западозрыць вельмі складана, таму і лёс гэтых журналістаў, якія супрацоўнічалі і супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ, улічваючы вашы настойлівыя просьбы і запыты, якія мы атрымліваем, знаходзяцца ў сфэры нашай пільнай увагі».