Чаму Лукашэнка вырашыў скараціць пасаду намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі па ідэалёгіі. Удзельнічаюць: Сяргей Навумчык, Алег Грузьдзіловіч, Віталь Цыганкоў.
Грузьдзіловіч: Дык што, ідэалёгія ўжо непатрэбная? З большага адразу прызнаю, што пытаньне можа выглядаць рытарычным, калі ўлічыць, што асноўныя ідэалягічныя структуры са скасаваньнем у адміністрацыі пасады намесьніка па ідэалёгіі засталіся ў нязьменным выглядзе. Засталася ўправа па ідэалёгіі з яе аддзеламі, засталася сетка намесьнікаў па ідэалёгіі ва ўладнай вэртыкалі, Лукашэнкавы «камісары» працягваюць сядзець у кабінэтах на хлебных пасадах на ўсіх буйных прадпрыемствах, ВНУ і гэтай далей. І нібыта працаваць.
І ўсё ж калі гэтаму арганізму фармальна адсякаюць галаву, гэта значыць як найменей, што яна непатрэбная. Зрабілася непатрэбная ці і была такой?
Два гады таму, калі Ігара Бузоўскага ўзялі з кіраўніцтва БРСМ у адміністрацыю прэзыдэнта на пасаду намесьніка па ідэалёгіі, падавалася, што вось улада нарэшце канчаткова вызначылася зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Што час гэтак званай «сацыяльнай дзяржавы» зь няпэўнай ідэалягічнай абгорткай закончыўся і цяпер уся ідэалягічная структура пачне нагадваць такі больш сталы, але БРСМ. На новым узроўні пачнуцца акцыі ў стылі БРСМ кшталту таго, як гэтая арганізацыя змагалася з Газпрамам ці расейскім тэлеканалам НТВ, калі той наехаў на бацьку.
Але нічога такога не адбылося. Больш за тое, цягам гэтага году контрапрапагандысцкія высілкі аслабелі, дзяржаўны ідэалягічны апарат пачаў працаваць меней агрэсіўна, нават гнутка. Цяпер калі і не назіраецца пэўная лібэралізацыя палітычнага жыцьця, гэтак і не зарэгістравалі, прыкладам, БХД або прафсаюз прадпрымальнікаў «Салідарнасьць», але нікога і не закрылі. Лейцы сапраўды крыху адпусьцілі, у тым ліку і ідэалягічныя, нездарма нават БРСМ надзеў вышыванкі.
То бок, на маю думку, патрэба ў асобным намесьніку кіраўніка адміністрацыі па ідэалёгіі зьнікла не таму, што гэтыя паўнамоцтвы вельмі даспадобы Натальлі Эйсмант, прэсавай сакратарцы Лукашэнкі, і не таму, што новага першага намесьніка адміністрацыі Максіма Рыжанкова няма чым загрузіць, бо толькі спортам і культурай кіраваць — гэтага будзе яму замала. Галоўная прычына скасаваньня пасады — крызіс той ідэалягічнай мадэлі, за якую трымаўся Лукашэнка апошнія 10 гадоў. Што гэта за мадэль, ён учора сам нагадаў. Такое беларускае трыадзінства: культура, спорт, ахова здароўя. Гэта такая афіша сучаснай беларускай дзяржавы, зь яе нацыянальным балетам, перамогамі Домрачавай і Азаранкі, зь яе малапатрэбнымі лядовымі палацамі і нібыта бясплатнай мэдыцынай.
Наперадзе цунамі беспрацоўя, павелічэньне праблем флягманаў беларускай прамысловасьц, далейшае падзеньне прыбыткаў простых людзей
Але наперадзе — жорсткія часы эканамічных узрушэньняў, да якіх Лукашэнка рыхтуецца ў тым ліку і празь зьмены кіраўніцтва сваёй адміністрацыі. Наперадзе цунамі беспрацоўя, павелічэньне праблем, калі не банкруцтва флягманаў беларускай прамысловасьці МАЗ, МТЗ і Гомсяльмашу, далейшае падзеньне прыбыткаў простых людзей, непапулярная пэнсійная рэформа. Карацей, наперадзе нас чакае ў пэўным сэнсе крах гэтай дэкляраванай ідэалёгіі, гэтага «трыадзінства», адмова ад дзяржаўнай падтрымкі цэлых галінаў жыцьця грамадзтва. Таму Лукашэнка і скасоўвае пасаду, якая цяпер выглядае непатрэбнай. Пры гэтым падаецца, што Лукашэнка наўрад ці ведае, якая ідэалягічная мадэль яму спатрэбіцца ў блізкай будучыні. Нездарма ён нібыта мімаходзь сказаў пра будучыя паўнамоцтвы адказных за ідэалёгію: «Вы там самі паглядзіце...»
Але, мяркую, чыноўнікам ягонай адміністрацыі добра зразумела, што ў вызначэньні ідэалягічных прыярытэтаў вырашальным будуць ня столькі інтарэсы краіны, народу, пэўных сацыяльных груп, колькі інтарэсы самога Лукашэнкі. Якая яму вось цяпер для захаваньня ўласнай улады патрэбна ідэалёгія, такая і будзе абвешчаная як дзяржаўная. Дзейснасьць гэтага правіла мы бачылі цягам 22 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, і нават цяперашняя лібэралізацыя не дае падстаў спадзявацца, што цяпер нешта зьменіцца.
Цыганкоў: Можна толькі пагадзіцца, што дзяржаўная ідэалёгія была заўсёды вельмі важным і істотным чыньнікам цяперашняй улады. Была пабудаваная цэлая сыстэма нейкіх галоўных лёзунгаў, стратэгічных ідэалягічных падыходаў, якія адносна вытрымліваліся на працягу гэтых гадоў. І ў стаўленьні да савецкага мінулага, і да Другой сусьветнай вайны, і да нейкіх сацыяльных зьяваў, а менавіта сацыяльнай структуры сёньняшняй беларускай дзяржавы і яе эканомікі. Непрыманьне прыватызацыі, жорсткага эканамічнага лібэралізму і г. д.
Аляксандар Лукашэнка магчыма ў разгубленасьці, як перабудоўваць ідэалягічную машыну і наколькі.
Сапраўды цяпер надыходзіць такая і замежнапалітычная сытуацыя, і эканамічная, калі асновы гэтай ідэалёгіі ў пэўным сэнсе размываюцца — і ў бок адносна абвешчанай беларусізацыі, з пункту гледжаньня патрыятызму, традыцый, усталяваньне хай папсы, але сваёй беларускай і г. д., і ў бок эканамічны. Магчыма, насельніцтва паступова ўжо варта рыхтаваць да пэўных эканамічных зьменаў, таму што, па-першае, будзе больш капіталізму і менш сацыяльнай падтрымкі, а па-другое падзеньне даходаў насельніцтва. Больш за тое, павелічэньне розьніцы паміж даходамі. Бедныя бяднеюць, а багатыя багацеюць. На ўсё гэта дзяржаўныя ідэолягі, якія ёсьць на кожным прадпрыемстве, у кожным выканкаме, павінны рэагаваць, прымаць да ведама. Аляксандар Лукашэнка магчыма ў разгубленасьці, як перабудоўваць ідэалягічную машыну і наколькі. Канешне, хацелася б, каб заставалася ўсё па-старому, але жыцьцё прымушае рэагаваць і ідэолягаў. І вось адгалоскі гэтых рэаліяў мы бачым у гэтых зьменах, у падыходзе да ідэалягічных кадраў.
Навумчык: Пагаджуся, што дзяржаўная ідэалёгія ва ўсе 22 гады панаваньня Аляксандра Лукашэнкі абапіралася на некалькі вельмі простых тэзаў, прычым рудымэнтарных. Гэта «СССР была вялікай дзяржавай», «Без Расеі нам не пражыць» (тут і «саюзная дзяржава» і іншае), Вялікая Айчынная Вайна. Прычым не сусьветна прыняты тэрмін «Другая сусьветная вайна», а менавіта «ВАВ», якая пачалася ні днём раней, а толькі 22 чэрвеня 1941 году. Пра тыя два гады, калі Cавецкі Саюз быў на баку Гітлера ў той час, калі Гітлер бамбаваў Лёндан, калі ён захопліваў Францыю, Бэльгію — пра тыя два гады неяк ня лічаць неабходным узгадваць.
Тут можна крыху паразважаць і пра дэфініцыі. Увогуле паняцьце «дзяржаўная ідэалёгія» ў нармальным дэмакратычным грамадзтве не павінна існаваць. Існуюць пэўныя нормы дэмакратыі, канстытуцыйнасьці, правы чалавека, а вось дзяржаўная ідэалёгія звычайна існуе толькі ў таталітарных дзяржавах. У выпадку зьмены дзяржаўнага ладу, прыходу дэмакратыі, што магло б замяніць яе? Толькі адно: усьведамленьне важнасьці нацыянальных каштоўнасьцяў. Гэта мова, культура, але культура ня так, як яе разумеюць цяперашнія ўлады, а ва ўсёй яе шматграннасьці, напрыклад, і андэрграўнд, і моладзевая культура. Падтрымка беларускіх літаратараў. Нарэшце, сапраўдная гісторыя Беларусі, якая налічвае шмат стагодзьдзяў, а не пачынаецца з 1944 году.
Паняцьце «дзяржаўная ідэалёгія» ў нармальным дэмакратычным грамадзтве не павінна існаваць.
Тая мадэль дзяржаўнай ідэалёгіі, якая была ў Лукашэнкі, пацярпела крах. А на яе месца нічога іншага ў іх няма. Хаця вось у Віцебску функцыі ідэолягаў выконваюць мясцовы праваслаўны герарх і ягонае атачэньне, арыентаваныя менавіта на «рускі мір». Улады выконваюць іх пажаданьні. Толькі ў некаторых выпадках, як у выпадку зь меркаваным узьвядзеньнем Сафійскага сабору ў цэнтры гораду, актывістам удаецца неяк супраціўляцца.