Берасьцейскі абласны суд адмяніў пастанову Баранавіцкага суду, паводле якой актывіст Рыгор Грык быў пакараны штрафам у 1050 рублёў за правядзеньне перадвыбарчага пікету.
Справу Рыгора Грыка накіравалі на новы разгляд у Баранавіцкі суд.
3 лістапада Рыгор Грык быў аштрафаваны судзьдзёй Баранавіцкага суду Аксанай Копач за тое, што быццам бы праводзіў несанкцыянаваную масавую акцыю. Актывіст на сваім судзе не прысутнічаў, кажа, што быў у замежжы, таму позва яму не была ўручаная.
Акцыя, за якую пакаралі актывіста, адбылася 8 верасьня ў цэнтры Баранавічаў. Рыгор Грык, будучы даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міколы Чарнавуса (старэйшага), зладзіў пікет. Аднак пасьля выбараў на актывіста склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі.
Спадар Грык накіраваў скаргу ў Берасьцейскі абласны суд, таму што ён ня згодны з тым, што парушыў закон, бо праводзіў пікет у межах выбарчага заканадаўства.
Як распавёў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, у справе Рыгора Грыка ён бачыць падмену выбарчага заканадаўства законам аб масавых мерапрыемствах:
«Пікет праводзіўся згодна выбарчаму заканадаўству. Было паведамлена мясцовым уладам аб правядзеньні пікету ў вызначаным месцы. Але ўжо чамусьці пасьля выбараў гэты пікет прыгадалі і пакаралі Рыгора Грыка штрафам за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. Я лічу, што гэта ўжо такая пашыраная практыка — падмяняць паняцьці, каб прыцягнуць актывіста да адказнасьці,» — кажа Ўладзімер Вялічкін.