Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякага рэфэрэндуму Лукашэнка цяпер не плянуе, яму гэтага ня трэба»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Ці сапраўды ўлада плянуе правесьці рэфэрэндум і навошта гэта можа быць патрэбна Аляксандру Лукашэнку? Якія пытаньні могуць быць вынесеныя на ўсенароднае галасаваньне?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік парталу Tut.by Арцём Шрайбман і палітоляг Юры Чавусаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Пачатак дыскусіі пра магчымы рэфэрэндум даў сам Лукашэнка, які, выступаючы перад Нацыянальным сходам 7 кастрычніка, цьмяна намякнуў на неабходнасьць зьменаў у Канстытуцыю.

Потым 23 лістапада Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі выступіла з заявай, што яна ініцыюе правядзеньне ў 2018 годзе адначасова з выбарамі дэпутатаў у мясцовыя Саветы рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі. ЛДПБ прапануе павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі з 5 да 7 гадоў, павялічыць тэрмін паўнамоцтваў беларускіх парлямэнтарыяў з 4 да 5 гадоў, а таксама перайсьці на выбары дэпутатаў усіх узроўняў паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы.

Ці патрэбны ўладзе рэфэрэндум, чаго яшчэ сёньня не хапае Аляксандру Лукашэнку на пасадзе кіраўніка дзяржавы?

Шрайбман: Калі казаць пра ЛДПБ, то гэта не абавязкова можа азначаць нейкую замову з боку ўлады. Гэтая партыя вядомая тым, што спрабуе дакладна ўгадаць, на што сёньня запыт з боку ўладаў, і пад гэта праштурхнуць свае ініцыятывы. У іх даўно ёсьць ініцыятыва наконт прапарцыйна-мажарытарнай выбарчай сыстэмы. Яны лічаць, што пры такой сыстэме, калі будуць партыйныя сьпісы, яны пашыраць сваю ролю ў беларускім палітычным полі. Таму яны вырашылі прычапіць пытаньні, якія спадабаюцца, на іхнюю думку, уладзе — наконт павелічэньня прэзыдэнцкага тэрміну.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Таму зусім не абавязкова мы павінны бачыць у прапановах ЛДПБ прамую замову з боку Адміністрацыі прэзыдэнта. Хоць і такое магчыма — што з дапамогай ЛДПБ вырашылі прамацаць глебу наконт грамадзкага стаўленьня да гэтай ідэі.

Што ж тычыцца ўлады, то я ня бачу, што рашэньне пра зьмены ў Канстытуцыю прынята. Больш за тое, я не лічу, што Лукашэнка ўсурʼёз хоча гэтым займацца. Ён кансэрватар, і калі сыстэма працуе, то няма патрэбы яе мяняць. Мне падаецца, убачыўшы розныя апытаньні, у тым ліку на Tut.by, дзе людзі на 95 працэнтаў супраць ідэі павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін, а 70 працэнтаў — супраць пераходу на зьмяшаную выбарчую сыстэму — улада цалкам можа адмовіцца ад таго, каб бударажыць народ непапулярнымі ініцыятывамі. Бо любы рэфэрэндум, дзе можна западозрыць уладу, што яна хоча павялічыць свае паўнамоцтвы, — гэта моцны раздражняльнік. Асабліва цяпер, калі рэйтынг улады моцна ўнізе.

Цыганкоў: Але можна знайсьці такія пытаньні на рэфэрэндум, якія могуць, наадварот, узьняць рэйтынг Лукашэнкі. Чаму б і цяпер не знайсьці такія тэмы і так іх паставіць, каб яны былі падтрыманыя большасьцю?

Шрайбман: Я не разумею, як гэта можа падвысіць ягоны рэйтынг. Усе будуць выдатна разумець, што ключавое пытаньне, якое выклікае раздражненьне, зьвязанае з сыстэмай улады ў краіне. Я ўвогуле не разумею, навошта Лукашэнку мяняць сыстэму? Ёсьць нейкія палітычныя складанасьці? Не. У чым сэнс лішніх выдаткаў, у чым сэнс бударажыць грамадзтва і палітычную сыстэму? Я думаю, што прапагандысцкая кампанія ў СМІ можа са значна меншай рызыкай павялічыць ягоны рэйтынг, чым нейкія спрэчныя ініцыятывы.

Чавусаў: Канечне, уладзе не патрэбны ніякі рэфэрэндум. Лукашэнка, выступаючы перад дэпутатамі, выказаўся за зьмены ў Канстытуцыю. Пра рэфэрэндум ён нічога не казаў. Хоць павярхоўныя аналітыкі адразу пачалі зьвязваць гэтыя два розныя паняцьці. Так што калі мы кажам пра рэфэрэндум — мы найперш кажам пра ініцыятыву ЛДПБ, ня больш.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Я, аднак, мушу адрэагаваць на тое, што казаў тут спадар Шрайбман наконт непапулярнасьці працягненьня паўнамоцтваў прэзыдэнта. У 2004 годзе, напярэдадні таго рэфэрэндуму, які зьняў адзінае канстытуцыйнае абмежаваньне для ўлады Лукашэнкі, усе апытаньні сьведчылі пра шалёную непапулярнасьць гэтага кроку. Але ўлады правялі рэфэрэндум так, як ім захацелася.

Сёньня ніякай патрэбы рабіць такія радыкальныя крокі няма. Таму я ўспрымаю заяву Лукашэнкі перад парлямэнтам як тыя заявы пра неабходнасьць палітычнай рэформы, што рабіліся ім у 2011–12 гадах. Але гэта не прывяло ні да якіх зьменаў. І мне падаецца, што тыя словы, якія зараз сказаў Лукашэнка, акурат сьведчаць пра тое, што рэальных канстытуцыйных пераменаў Лукашэнка не плянуе.

Красамоўны прыклад — у нас у Канстытуцыі па-ранейшаму фігуруе такая пасада, як старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду. Гэтыя суды былі ліквідаваныя прэзыдэнтам, але гэтая норма ў Канстытуцыі засталася, і нікому яна не перашкаджае. Беларусь не жыве паводле Канстытуцыі. Гэта дэкарацыя, якая нічога не вырашае. Тыя дэкарацыі ці іншыя. Але сутнасьць улады — гэта аднаасобная ўлада прэзыдэнта.

Цыганкоў: Сярод самых фантастычных вэрсіяў гучаць і такія, што зьмены Канстытуцыі патрэбныя, каб увогуле адмяніць усенародныя выбары прэзыдэнта і абіраць кіраўніка дзяржавы ў парлямэнце. Я дык сумняюся, што Лукашэнка захацеў бы, каб яго абіралі дэпутаты, а ня ўвесь народ. Але на гэта кажуць, што такі варыянт ён рыхтуе ўжо не для сябе...

Сыстэма працуе — і няма ніякіх прычынаў яе мяняць

Чавусаў: Я думаю, што гэтая вэрсія не падмацаваная ніякімі сыгналамі з боку ўлады. Гэтыя прапановы сапраўды ня ў духу той сыстэмы ўлады, якую пабудаваў Лукашэнка. Як слушна сказаў Арцём, сыстэма працуе — і няма ніякіх прычынаў яе мяняць.

Чаму ў Беларусі дагэтуль праводзяцца тыя мерапрыемствы, якія прынята называць выбарамі? Бо ўлады чэрпаюць легітымнасьць з народнага волевыяўленьня. У свой час былі інсынуацыі пра пераход «Белай Русі» ў партыю ўлады. Але ўрэшце ўсё гэта кладзецца на стол Лукашэнку, і ён такія прапановы блякуе, бо яму пэрсанальна гэта нявыгадна.

Сыстэма пабудаваная, яна працуе. Пабудаваць сыстэму «пераходу трона ў спадчыну» значна прасьцей, чым калі парлямэнт будзе выбіраць прэзыдэнта.

Цяпер мы маем справу з палітычнымі інсынуацыямі вакол туманнай заявы Лукашэнкі, значнасьць якой ня большая, чым ягоныя заявы пра палітычныя рэформы, што гучалі ў 2011–12 гадах. Лукашэнка як бы сказаў — давайце зьбяром юрыстаў, і хай яны паглядзяць, што трэба зрабіць у Канстытуцыі. На мой погляд, наадварот, у словах Лукашэнкі ёсьць яскравае сьведчаньне, што ніякага рэфэрэндуму Лукашэнка цяпер не плянуе, яму гэта ня трэба.

Цыганкоў: Арцём, як вы ацэніце магчымыя варыянты рэфэрэндуму, якія цяпер абмяркоўваюць экспэрты?

Шрайбман: Пра абраньне прэзыдэнта парлямэнтам — гэта голая кансьпіралёгія, Юры цалкам дакладна сказаў, у гэтай вэрсіі няма ніякіх падставаў.

Што тычыцца магчымай адмены сьмяротнага пакараньня, дык тут цікавы варыянт. Паколькі ўлада заўсёды апэлюе да «меркаваньня народу», то калі ўлада пажадае задумацца пра адмену сьмяротнага пакараньня, то яна захоча правесьці такі рэфэрэндум. Зрабіць патрэбны вынік ня будзе складана для нашай выбарчай сыстэмы.

Але я ня думаю, што Аляксандар Лукашэнка ўжо дасьпеў да адмены сьмяротнага пакараньня. Аднак, паўтаруся, рэфэрэндум па гэтым пытаньні калі-небудзь у прынцыпе магчымы. Бо гэта цалкам працягвала б лёгіку ўладаў, што сьмяротнае пакараньне ў нас існуе толькі таму, што гэтага жадае народ.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG