Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леанід Рашэтнікаў заявіў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б)». Пры гэтым ён спаслаўся на расейскую газэту «Правда» за 1926 год.
Аднак беларускія гісторыкі, якія вывучаюць адпаведны пэрыяд, заявілі, што Леанід Рашэтнікаў займаецца фальсыфікацыяй, бо такой пастановы не існавала.
Гісторык, кандыдат навук Уладзімер Ляхоўскі назваў заяву Рашэтнікава глупствам.
«Узгадаем тыя акты савецкай улады, якія прызнавалі беларускую мову за афіцыйную мову так званай Літоўска-Беларускай ССР у 1919 годзе. І згадаем першае абвяшчэньне БССР, там таксама беларуская мова лічыцца мовай дзяржаўнай. Можа ён меў на ўвазе менскую Акадэмічную канфэрэнцыю 1926 году? Але там была толькі канстатацыя патрэбы прадоўжыць урэгуляваньне правапісу і падобнае. Таму сказанае — абсалютнае глупства, чалавек недасьведчаны, гэта проста палітычны піяр. Да навукі і да ісьціны гэта ня мае ніякага дачыненьня».
Уладзімер Ляхоўскі сказаў, што ня ведае такога дакумэнту, пра які кажа дырэктар расейскага інстытуту.
«І на такія рэчы трэба менш зьвяртаць увагі», — раіць Ляхоўскі.
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская кажа, што дакумэнт, пра які кажа Рашэтнікаў, ёй ніколі не трапляўся.
«Калі ён мае на ўвазе „беларусізацыю“, то яна пачалася раней, з 1924 году. Яна пачалася зьверху і даволі імкліва разьвівалася. Тым больш што кіраваў рэспублікай на той момант нацыянал-камуніст Алесь Чарвякоў. А што тычыцца гэтай „пастановы“, то для мяне проста дзіўна: ён падае фармулёўкі, якіх не магло быць у прынцыпе. Я думаю, што гэта нейкая прыдуманая паперка. Такога дакумэнту не існуе. У кіраўніцтве ў 1926 годзе было шмат нацыянальна арыентаваных людзей. І раптам яны маглі выдаць такі дакумэнт. У тых умовах гэта было немагчыма. Гэта нейкі фальсыфікат».
Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, усё, што кажа Рашэтнікаў, «гэта лухта і ня варта займацца гэтым барахлом».
«Я ведаю адно, што ў расейскім перапісе 1897 году беларуская мова як мова народаў Расеі стаяла, і запісалася 6 мільёнаў чалавек. Няхай глядзіць расейскія кніжкі і ня дурыць нам галавы, няхай возьмуць перапіс 1897 году ў Расейскай імпэрыі. Нават шляхта запісалася, што родная мова беларуская. Уся Смаленская губэрня запісалася, што па-беларуску гаворыць. І толькі чатыры паветы напісалі, што на „вялікарускім нарэчыі“ гавораць».