Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Стужынская пра ток-шоў «Время покажет»: сьвядома нагнятаецца расейска-беларускі канфлікт


Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

24 лістапада на першым канале расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня паказалі ў жывым эфіры ток-шоў «Время покажет», у якім абмяркоўвалі, ці ня пойдзе Беларусь «украінскім шляхам».

Падчас прамоваў вядучага Арцёма Шэйніна на экране за яго сьпінай паказвалі кадры зь мітынгаў у Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Часам такія кадры былі на палове экрану, а на другой палове паказвалі мітынг на Майдане незалежнасьці ў Кіеве пад жоўта-блакітнымі сьцягамі. Пры гэтым гаварылася, што ў Менску, сьледам за Кіевам, мітынгоўцы скакалі пад лёзунгам: «Хто ня скача, той маскаль!»

У ток-шоў брала ўдзел беларускі гісторык Ніна Стужынская. Па вяртаньні ў Менск у інтэрвію карэспандэнту Свабоды яна падзялілася сваімі ўражаньнямі:

«Не магу апрытомнець, што называецца, Гэта быў проста жах. Я разумела, што будзе кепска. Але што настолькі.... Я ў нейкую дзікунскую сытуацыю патрапіла».

Паводле Ніны Стужынскай, падчас ток-шоў немагчыма было спакойна выказацца.

«Абсалютна штучна распальваецца супярэчнасьць паміж беларусамі і расейцамі. У мяне было адчуваньне, што гэта нейкая замова, гэта нехта замовіў. Маўляў, мы вось прагулялі Украіну і тут, у Беларусі, нам трэба быць пільнымі. Вы паглядзіце, што яны пішуць і так далей. Менавіта таму адчуваю пасьля гэтага трывогу. Там ёсьць такія „запісныя“ хлопцы, паводзіны якіх настолькі непрыстойныя, што адзін жах. Ёсьць гарлапаны. Бачна, што гісторыі Беларусі яны ня ведаюць і абсалютна не цікавяцца. У іх свой набор прапагандысцкіх клішэ. Украінка, якая была разам са мной, сказала, што трэба ехаць, глядзець ім у вочы і казаць, што думаеш, нягледзячы ні на што. Проста крычаць у гэты мікрафон і ўсё. Але я адчула страх, таму што нагнятаецца абсалютна сьвядома расейска-беларускі канфлікт. Гэта ўсё на роўным месцы».

Паводле Стужынскай, падчас перадачы паказвалі відэакадры, як моладзь у Менску падчас акцыі скакала.

«Я ім кажу, дык гэта ж не ў Маскве, а ў Менску. Яны ж ўсе дома. Гэта ў Менску і ў Кіеве, гэта ня тычыцца вас. Я ня ведаю, ці пайшло гэта ў эфір, бо яны ўвесь час вырывалі мікрафон. Наогул, уся гэта размова вакол падручнікаў па гісторыі закруцілася».

Ніна Стужынская распавяла, што дзьве папярэднія перадачы былі прысьвечаныя сацыяльным тэмам і навукоўцы «нармальна і спакойна выступілі».

«А тут мы не чакалі такога падвоху. Там было ўсё. Упікалі, што яны Беларусь утрымліваюць, што мы проста ямо зь іх рук. Я ім сказала, дзякуй Богу, што вы ад гісторыі да малака ўжо перайшлі. Вось такі жанр перадачы: нахабны, бессэнсоўны. Калі б былі хлопцы, то кінуліся б біцца».

Ніна Стужынская кажа, што беларускі бок яшчэ прадстаўляла нейкая дзяўчына Каця, якая сядзела побач.

«Яна пачала пагаджацца зь нейкімі фашыстоўскімі тэорыямі, зь небясьпекай, якая ідзе нібыта зь Беларусі. Я на яе глядзела і думала: яна беларуска ці хто. А потым яна ўжо мяне падтрымлівала, калі пачалі ўпікаць, што яны нас утрымліваюць. Я ўбачыла, што там ніякага навуковага выступу ня будзе, што там трэба агрызацца і ўсё. Таму я і сказала, што іх ня тычыцца ні наша гісторыя, ні наша моладзь, яны не ў Маскве, а дома і робяць тое, што хочуць. І няма ім чаго ўсюды кіраваць. Таму да навукі там справа не дайшла. То бок такі жанр перадачы быў: распаліць гэта ўсё, і яны проста перакрычалі нас».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG