Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска ў Бэрліне: Тэрарысты хочуць, каб мы ненавідзелі і баяліся адно аднаго


Экспэрт Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей
Экспэрт Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей

Экспэрт Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей, якая жыве Бэрліне, у інтэрвію Радыё Свабода расказвае пра магчымыя наступствы тэракту, ад якога загінулі прынамсі 12 чалавек, калі ўвечары 19 сьнежня грузавік урэзаўся ў натоўп людзей на калядным кірмашы.

— Па-першае, гэтага варта было чакаць пасьля тэрактаў у Францыі, пасьля таго як былі напады ў іншых нямецкіх гарадах. Тое, што гэта прыйдзе ў Бэрлін, было, бадай, пытаньнем часу. З другога боку, гэта вялікі горад, дзе больш за тры з паловай мільёны жыхароў, а гэта ўсё адбылася ў «турыстычнай» частцы, дзе шмат крамаў, гатэляў і офісаў. То бок большасьць людзей былі дома і пачулі пра гэта ў навінах.

Учора я была блізка ад таго месца, дзе ўсё адбылося — турысты, якія бадай былі без мабільнай сувязі, відавочна пра гэта ня ведалі. Звычайны вечар панядзелка, сьвяточная атмасфэра, бо хутка Раство. Усё было вельмі спакойна. Мяне гэта нават зьдзівіла, бо гэта было мэтраў за 500 ад той плошчы — хадзілі турысты, езьдзіў грамадзкі транспарт, ня быў перакрыты рух, шмат машын. Калі б ня ведала, што адбылося, дык было б немагчыма ўявіць.

— Ужо паведамляецца, што за рулём быў мігрант з Пакістану. Ці можна сказаць, паводле мясцовых мэдыяў і вашых асабістых кантактаў, як гэта адаб’ецца на стаўленьні да мігрантаў і да палітыкі цяперашняга ўраду?

Мэркель не адмовілася ад сваіх словаў, што «Мы з усім справімся», і не прызнала памылкай рашэньне прыняць вялікую колькасьць мігрантаў.

— Гэта відавочна паўплывае. Гэта відаць па сацыяльных мэдыях, дзе зьявіліся камэнтары: маўляў, калі адбываецца вялікі пажар, ці іншая вялікая бяда, дык адразу там зьяўляецца Мэркель, а дзе яна цяпер? Маўляў, гэта яна на нас такое наклікала. Бо Мэркель не адмовілася ад сваіх словаў, што «Мы з усім справімся», і не прызнала памылкай рашэньне прыняць вялікую колькасьць мігрантаў. І прадстаўнікі папулісцкай партыі AfD ужо кажуць, што ўсе сьмерці на гэтай плошчы на сумленьні Мэркель.

— Што кажуць нямецкія палітолягі? Ці падарве гэты напад яе шанцы на пераабраньне кіраўніцай краіны ў наступным годзе?

Мне здаецца, што нападаў на ўцекачоў будзе больш.

— Пры гэта вельмі цяжка казаць. Пакуль што яна застаецца безальтэрнатыўнай фігурай. Зразумела, што папулісты з AfD набяруць больш галасоў на выбарах у Бундэстаг. Але ў кааліцыі, якая падтрымлівае Мэркель, у любым выпадку пакуль што большасьць. Праблема ў тым, што вельмі цяжка прадказваць, што адбудзецца ў Нямеччыне і ў сьвеце да выбараў, якія, хутчэй за ўсё, пройдуць у верасьні. Немцам, зь іх нацысцкім мінулым, увогуле здавалася, што ў іх імунітэт да папулістаў, але ўрэшце выявілася, што гэта ня так. Апошнім часам рэгулярна адбываліся напады на прытулкі для ўцекачоў. І мне здаецца, што нападаў на ўцекачоў будзе больш, бо ў грамадзтве вялікая нэрвознасьць, і незразумела, што з гэтым рабіць і як сябе абараніць.

— Былы палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які цяпер жыве ў Бэрліне, ў інтэрвію Радыё Свабода скрытыкаваў нямецкую паліцыю. Паводле яго, яна не гатовая працаваць у экстрэмальных умовах. Алкаеў сказаў, што ў такіх сытуацыях трэба страляць і пасьля разьбірацца. «Гэта цалкам пешаходная зона, трапіць на транспарце туды можа толькі той, хто вельмі добра падрыхтаваўся і вывучыў шляхі, як туды можна пад’ехаць».

— Якая ж там пешаходная зона, калі там з двух бакоў вялікая дарога? Здаецца чатыры паласы, калі ня больш. Пешаходная зона на самой плошчы, але на гэтую плошчу можна трапіць з двух бакоў з дарогі.

Адрэагавалі яны выдатна.

Па-другое, я лічу, што ўчора, па вялікім рахунку, паліцыя і мэдыкі спрацавалі проста выдатна. Таму што перакрылі адносна невялікі ўчастак, не было створана панікі, усім аказалі дапамогу. Адрэагавалі яны выдатна. Я думаю, што адсутнасьць панікі гэта важна.

Сёньня пакуль рана казаць, што адбылося, бо дагэтуль няясна, ці гэта быў адзіночка, ці гэта было сплянавана групай. Але калі гэта сапраўды вар’ят-адзіночка, які застрэліў польскага кіроўцу, забраў яго грузавік і ўехаў на рынак, і калі гэта ўсё, на што здольныя тэрарысты, дык напэўна немцы нешта робяць правільна ў пляне прадухіленьня. Бо ёсьць рэчы, якія цяжка прадугледзець і прадухіліць.

Увогуле, дзеяньні тэрарыстаў скіраваныя на тое, каб людзі баяліся і ненавідзелі адно аднаго. Каб яны не вялі звыклы лад жыцьця, не хадзілі піць глінтвэйн на плошчы. Учора ў Цюрыху стралялі ў мусульман, а тут мусульманін забіваў немусульман. Чым больш будзе нянавісьці, чым больш будуць падпальваць тыя ж прытулкі для ўцекачоў, тым больш мусульмане будуць радыкалізоўвацца. Па вялікім рахунку, мэта любога нармальнага чалавека — не ісьці ў той бок, у які яны хочуць нас накіраваць. Бо яны хочуць, каб мы ненавідзелі і баяліся адно аднаго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG