Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да маці героя Майдану Ніны Жызьнеўскай двойчы выклікалі «хуткую»


Ніна Жызьнеўская, архіўнае фота
Ніна Жызьнеўская, архіўнае фота

Да шасьцідзесяцігадовай жыхаркі Гомеля Ніны Жызьнеўскай, маці беларускага героя ўкраінскага Майдану Міхася Жызьнеўскага, двойчы прыяжджала хуткая мэдычная дапамога, але ў шпіталь яе так і не паклалі.

«У чацьвер, 15 сьнежня, я страціла прытомнасьць, упала ў пакоі дачкі, — кажа Ніна Васілеўна. — Хатнія выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. Двое мэдыкаў прыехалі, прывялі мяне ў прытомнасьць. І раяць дачцэ й мужу: „Адмаўляйцеся ад шпіталізацыі, бо мы яе ня вынесем з кватэры“. Бачыце, вага ў мне вялікая. Прапанавалі зьвярнуцца да ўчастковага лекара. Я, крыху ачомаўшыся, падпісала адмову».

Муж Міхаіл датэлефанаваўся да ўчастковага лекара. Той зьдзівіўся, што калегі не даўмеліся паклікаць на дапамогу яшчэ адну брыгаду мэдыкаў, каб адвезьці Жызьнеўскую ў шпіталь. Ён прызначыў таблеткі і наказаў 19 сьнежня праз выклік хуткай дапамогі ехаць у Касьцюкоўскі шпіталь на стацыянарнае лекаваньне.

«Сёньня хуткая дапамога завезла мяне ў тую Касьцюкоўку, што ў рабочым пасёлку шклозаводу, — распавяла Ніна Жызьнеўская. — Дзьве гадзіны чакала там, пакуль мяне агледзяць, паслухаюць, ціск памераюць. Лекарка Яўгенія Аніскавец запісала аналізы з ранейшага эпікрызу і кажа мне: „З такім дыягназам трэба лекавацца амбуляторна“. І адправіла мяне дадому. А ў мяне букет хваробаў: галава баліць, сэрца баліць — я ж раней апэрацыю на сэрцы перанесла. Дый участковы лекар раіў кропельніцы зрабіць, каб выйсьці з перадінсультнага стану. А тут нá табе — дадому. З Навабеліцы праз увесь горад затарабаніць на „хуткай дапамозе“ — і дарма».

Ніна Васілеўна праз мабільнік стала шукаць знаёмых з аўтамашынай, каб забралі яе з Касьцюкоўкі. Бо выпраўляцца на грамадзкім транспарце ў зваротны шлях за два зь лішнім дзясяткі кілямэтраў яна не рызыкнула.

25 чэрвеня Ніне Жызьнеўскай з Гомеля, маці беларускага героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, споўнілася 60 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG