Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве маці героя Майдану несьлі на крэсьле, каб паказаць аўдыторыю імя сына


Помнік Міхаілу Жызьнеўскаму ў Кіеве
Помнік Міхаілу Жызьнеўскаму ў Кіеве

Бацькі героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага — Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскія — вярнуліся з Кіева, дзе бралі ўдзел у адкрыцьці на вуліцы Беларускай памятнай дошкі загінулым беларусам. На новым мэмарыяле выгравіраваныя імёны Міхася Жызьнеўскага — ён загінуў 22 студзеня 2014 году на Майдане падчас рэвалюцыі Годнасьці й Свабоды, а таксама ваяроў-добраахвотнікаў Алеся Чаркашына і Віталя Ціліжэнкі, якія загінулі ў баях на Данбасе.

Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага Ніна і Міхаіл
Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага Ніна і Міхаіл

«Нас ва Ўкраіне заўсёды прымаюць зь вялікай увагай і пашанай, быццам раднейшых людзей у іх і няма. І ня важна, куды запрашаюць — на прыём да прэзыдэнта Ўкраіны ці на адкрыцьцё помніка сыну. Ня трэба нам клапаціцца ні пра начлег, ні пра транспарт», — кажа Ніна Жызьнеўская.

На адкрыцьці мэмарыяла на вуліцы Беларускай адбылося і ўручэньне Жызьнеўскім адмысловага знаку «Ганаровы герой-кіяўлянін Міхась Жызьнеўскі» — з падзячнай граматай бацькам ад мэра Кіева Віталя Клічко і гарадзкога савету. «Шаноўныя родныя і блізкія, нізкі паклон і падзяка за героя-кіяўляніна Жызьнеўскага Міхася. Вечная памяць і гонар героям. Героі не паміраюць», — напісана ў падзячным лісьце.

На адкрыцьці адкрыцьці памятнай дошкі загінулым беларусам у Кіеве
На адкрыцьці адкрыцьці памятнай дошкі загінулым беларусам у Кіеве

«Нас зь Міхаілам Пятровічам, — працягвае Ніна Васільеўна, — запрасілі таксама ў Нацыянальны спартовы каледж алімпійскага рэзэрву імя Івана Паддубнага, дзе абсталёўваюць аўдыторыю імя нашага сына. Яна на чацьвёртым паверсе. Мне з маімі хваробамі падымацца па лесьвіцы цяжка. Бачачы мае высілкі, навучэнцы каледжу прынесьлі крэсла і ўчатырох мігам даставілі мяне на патрэбны паверх. Мне, з аднаго боку, няёмка было, што мяне нясуць, і сьлёзы наварочваліся, бачачы такую ўвагу. Дай Божа хлопцам здароўя і спартовых рэкордаў у гонар Украіны».

Як распавяла Жызьнеўская, у аўдыторыі, дзе праходзяць заняткі па сусьветнай літаратуры, — вялікі партрэт Міхася. Выкладчыкі патлумачылі бацькам, што яны пры кожнай зручнай нагодзе распавядаюць навучэнцам пра мужнасьць і адвагу абаронцаў Майдану.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Міхася Жызьнеўскага ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, які асабіста перадаў бацькам у сваёй рэзыдэнцыі ў Кіеве. Абяцалі пры адпаведнай зьмене заканадаўства прысвоіць Жызьнеўскаму найвышэйшую ўзнагароду — званьне «Герой Украіны». Вырашаецца таксама пытаньне, каб надаць адной з вуліц украінскай сталіцы імя Міхася Жызьнеўскага.

Міністэрства сацыяльнай палітыкі Ўкраіны зацьвердзіла таксама пастанову «Аб пажыцьцёвай стыпэндыі памяці М. Жызьнеўскага». Бацькі беларускага рыцара ўкраінскага Майдану будуць атрымліваць пажыцьцёва дапамогу — па 3250 грн кожны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG