Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заклікаюць перагледзець фармат стасункаў зь Менскам


Ад агульных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў да галасаваньня супраць украінскай рэзалюцыі пра анэксаваны Крым, — такія дзеяньні з боку ўлады Беларусі ва Ўкраіне расцанілі вельмі нэгатыўна.

Больш за тое, у Кіеве чуваць галасы пра неабходнасьць перагледзець фармат стасункаў паміж Кіевам і Менскам. Першым такую думку выказаў пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімер Ельчанка, а за ім падобную ідэю агучыла і старшыня камітэту замежных спраў Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ганна Гапко.

Сумесныя вайсковыя вучэньні ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі на беларускай тэрыторыі, намеры Расеі разьмясьціць у Беларусі вайсковую авіябазу, галасаваньне Беларусі ў ААН супраць украінскай рэдакцыі рэзалюцыі пра Крым — падобныя дзеяньні Менску ў Кіеве ўспрынялі нэгатыўна.

У Кіеве баяцца нападу з тэрыторыі Беларусі

У 2016 годзе непадалёк ад мяжы Беларусі і Польшчы адбыліся сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя манэўры.

СМІ паведамлялі, што ўдзел у вучэньнях прынялі расейскія вайскоўцы з пскоўскай 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі — у свой час гэтая дывізія ўдзельнічала ў дзьвюх чачэнскіх войнах і ў анэксіі Крыму. У Кіеве і Варшаве выказалі здагадку, што расейцы «адпрацоўвалі» напад, адпаведна, на Польшчу і Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Праўда, народны дэпутат, вайсковы экспэрт Дзьмітры Цімчук, камэнтуючы правядзеньне Беларусьсю і Расеяй сумесных вучэньняў, адзначыў: Расея наўрад ці выкарыстоўвае Беларусь як пляцдарм для сухапутнага ўварваньня ва Ўкраіну. Бо балоты і лясы ўкраінскага Палесься непрыдатныя для перамяшчэньня войскаў і бранятэхнікі, лічыць экспэрт.

Дзьмітры Цімчук
Дзьмітры Цімчук

«Калі разглядаць нашы паўночныя і паўночна-ўсходнія рэгіёны як магчымы тэатар ваенных дзеяньняў, то я стаўлюся да гэтага скептычна. Наш паўночны напрамак — гэта Палесьсе. Нават у Другую сусьветную вайну баявыя дзеяньні там ішлі ў вельмі абмежаваных маштабах. Лясы і балоты не прызначаныя для дзеяньняў буйных злучэньняў. Але ёсьць і іншая пагроза. Яна заключаецца ў тым, што авіяцыйны ўдарны кулак Расеі ў Беларусі будзе нарошчвацца. Вось гэта ўжо сапраўды рэальная праблема, якая можа зьявіцца ў выпадку шырокамаштабнага ўварваньня з боку Расеі», — адзначае Цімчук у артыкуле для выданьня «Апостраф».

Беларусь знаходзіцца ў фарватэры Крамля, — экспэрты

Значна больш праблем, на думку спэцыялістаў, выклікаюць адкрыта антыўкраінскія крокі Беларусі на міжнароднай арэне. У якасьці прыкладу прыводзяць галасаваньне па «крымскай рэзалюцыі»: 15 лістапада Трэці камітэт Генэральнай асамблеі ААН, якая займаецца правамі чалавека, ухваліў праект рэзалюцыі з крытычнай ацэнкай становішча з правамі чалавека ў анэксаваным Расеяй Крыме. Сярод краін, якія галасавалі «супраць», была і Беларусь.

16 лістапада пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімер Ельчанка, камэнтуючы гэтае рашэньне, назваў пазыцыю беларускіх дыпляматаў «антыўкраінскай» і прапанаваў перагледзець ўкраінска-беларускія дачыненьні на міждзяржаўным узроўні.

Віцэ-сьпікер парлямэнту Ўкраіны, упаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны ў мірным урэгуляваньні сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях Ірына Герашчанка пазыцыю Беларусі назвала «нажом у сьпіну».

Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

«Што тычыцца пазыцыі Беларусі, то мы яе расцэньваем як нож у сьпіну. Мы дзякуем беларускаму боку за незалежную пляцоўку ў Менску, і мы цэнім гэта. Але незалежная пляцоўка павінна быць незалежнай ва ўсіх пазыцыях, а не ангажаванай у адзін бок. І таму мы зьвяртаемся да беларусаў з просьбай гэтак жа паважаць права Ўкраіны адстойваць нашу незалежнасьць і сувэрэнітэт і разумець, што наступным будзе Менск, калі сёньня Кіеў не абароніць нашу незалежнасьць», — адзначыла Герашчанка.

«24 гадзіны на суткі Масква апрацоўвае беларуса, робячы з украінца ворага»

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны нічога дзіўнага ў такой пазыцыі Менску ня ўбачыў — беларускія дыпляматы выконвалі ўказаньне Крамля. І гэта не адзінкавы падобны выпадак, кажа палітык. Да таго ж на тэрыторыі Беларусі свабодна гавораць расейскія СМІ, кругласутачна лаючы Ўкраіну і ствараючы з украінцаў вобраз «ворага-бандэраўца» для беларусаў.

Раман Бясьсьмертны
Раман Бясьсьмертны

«24 гадзіны на суткі Масква апрацоўвае беларуса, робячы з украінца „ворага“. Што тычыцца замежнапалітычных рэчаў, то Менск можа толькі ў той частцы дзейнічаць самастойна, якая не цікавіць Крэмль.

Што б зь Менску не тлумачылі, але іх дыпляматы атрымалі прамое ўказаньне з Масквы і выканалі яго», — растлумачыў Бясьсьмертны ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода.

У Менску ўжо два гады няма амбасадара Ўкраіны

Незалежныя экспэрты не выключаюць ўскладненьня стасункаў паміж Кіевам і Менскам, хоць менавіта сталіца Беларусі застаецца дыпляматычным цэнтрам перамоваў аб вырашэньні канфлікту на Данбасе і вяртаньні акупаваных тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласьцей пад кантроль Украіны. Варта таксама адзначыць, што ў Менску ўжо два гады няма амбасадара Ўкраіны і афіцыйнаму Менску фактычна няма з кім праводзіць кансультацыі на высокім дыпляматычным і палітычным узроўні, перш чым на міжнароднай арэне абмяркоўваць ўкраінскую праблематыку. Пра гэта ў размове з Радыё Свабода гаворыць беларускі палітоляг, які працуе ў Кіеве (аналітычны цэнтар «Украінскі інстытут будучыні») Ігар Тышкевіч.

«Што для Ўкраіны важней — пачуць ад беларусаў „Мы вас любім“ або каб яны дапамаглі? Бо эканамічныя кантакты ў розных галінах вельмі выгадныя для Ўкраіны. Так, украінскія вайскоўцы на парадзе да Дня Незалежнасьці былі апранутыя ў форму, пашытую ў Беларусі», — адзначыў экспэрт.

Паводле яго слоў, украінцам ня варта перажываць з прычыны вынікаў сумесных вучэньняў вайскоўцаў Расеі і Беларусі, паколькі ці не найлепшыя палігоны для падобных вучэньняў разьмешчаныя на беларускай тэрыторыі. Паколькі Беларусь і Расея маюць шэраг двухбаковых пагадненьняў аб сумеснай бясьпецы, то іх узброеныя сілы праводзілі, праводзяць і будуць у далейшым праводзіць сумесныя вучэньні на гэтых палігонах, кажа Тышкевіч.

Кіеў павінен ставіцца вельмі асьцярожна да выказваньняў ўкраінскіх палітыкаў, чыноўнікаў і экспэртаў у адрас Беларусі, адзначае палітоляг і гісторык Аляксандар Палій. Ня варта чакаць пагаршэньня або перафарматаваньня ўкраінскага-беларускіх дачыненьняў у цяперашніх умовах, калі Менск застаўся пакуль адзінай пляцоўкай шматбаковых перамоваў пра вырашэньне ваеннага канфлікту на Данбасе, адзначае спэцыяліст у гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аляксандар Палій
Аляксандар Палій

«У нас вялікі ўчастак мяжы з Беларусьсю, таму варта разумець, што ў любы момант гэтая мяжа можа стаць расейска-ўкраінскай», — кажа Палій.

Украіна не павінна супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі, — Бясьсьмертны

У цэлым, як адзначаюць экспэрты, Кіеў робіць памылку, спрабуючы дамаўляцца з адыёзным прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У сваю чаргу, украінскаму грамадзтву, патрыятычным палітычным сілам варта падтрымліваць беларускую палітычную апазыцыю і грамадзкі сэктар, лічыць Раман Бясьсьмертны.

«Украіна павінна была з самага пачатку і мае цяпер займаць пазыцыю: рэжым Лукашэнкі з пункту гледжаньня дэмакратычных каштоўнасьцяў, абвешчаных у якасьці прыярытэту, непрымальны. І таму ўсе гэтыя спробы нейкім чынам працаваць, супрацоўнічаць толькі працягвае агонію рэжыму Лукашэнкі», — растлумачыў Бясьсьмертны ў інтэрвію Свабодзе сваю пазыцыю.

Ня выключана, што ініцыятывы ў падтрымку беларускіх патрыётаў будуць ажыцьцяўляцца ў рамках «Балта-Чарнаморскай восі», пра стварэньне якой у Кіеве казалі 1 сьнежня, на форуме «Праз дыялёг да даверу», удзельнікі якога абвясьцілі галоўнай мэтай стварыць гуманітарную плятформу, якая аб’ядноўвае палітыкаў, журналістаў, мастакоў і грамадзтва для пошуку паразуменьня паміж Украінай, Беларусьсю, Польшчай і краінамі Балтыйскага рэгіёну.

Арыгінал публікацыі на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG