Шчучынскі суд прызнаў сямёх грамадзянаў Расеі, Беларусі і Малдовы вінаватымі ў арганізацыі каналу нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз празь Беларусь, перадае «Советская Белоруссия».
Яны атрымалі ад трох год да чатырох год двух месяцаў пазбаўленьня волі. У іх канфіскаваныя грошы, атрыманыя за перавод празь мяжу, а таксама два ўседарожнікі Volvo, на якіх вазілі нелегальных мігрантаў.
Паводле зьвестак праваахоўнікаў, злачынцы прывозілі мігрантаў у Беларусь з Масквы на аўтамабілях. Пасьля гэтага грамадзяне Чачні пешшу суправаджалі нелегалаў да тэрыторыі Літвы ў абыход пунктаў пропуску. Перавозіць мігрантаў дапамагалі беларусы, якія працавалі ў Расеі. Па дарозе адсочваліся пасты міліцыі, пра што папярэджвалі ўсіх удзельнікаў перавозу. З кастрычніка па сьнежань 2015 году злачынцы пераправілі празь беларускую мяжу ў краіны Эўразьвязу 56 віетнамцаў.
Летась каля 700 мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна пранікнуць празь Беларусь у краіны Эўразьвязу, былі затрыманыя непасрэдна на мяжы. Самым папулярным напрамкам у нелегалаў стала мяжа зь Літвой, сьледам ідзе мяжа з Латвіяй, далей — з Польшчай. Усяго за год нелегальных мігрантаў на тэрыторыі Беларусі было выяўлена каля 20 тысяч.