Любоў Санкевіч была пакараная штрафам памерам 50 базавых велічыняў, альбо 1050 рублёў, за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту, якія актывісты правялі ў сакавіку і траўні гэтага году.
Любоў Санкевіч не прызнае пакараньні законнымі і справядлівымі. Акрамя таго, пэнсіянэрка ня ў стане выплаціць грошы і зьвярнулася ў прэзыдэнцкую адміністрацыю і мясцовыя органы ўлады па грашовую дапамогу, каб выплаціць спагнаньне. У адказ на звароты органы сацыяльнай дапамогі склалі акт абсьледаваньня жыльлёвых умоў пэнсіянэркі, а неўзабаве зьявіліся судовыя выканаўцы, каб апісаць маёмасьць. Любоў Санкевіч адмовілася пускаць іх у дом, але судовыя выканаўцы паабяцалі, што такія візыты будуць штотыдзень, а калі пэнсіянэрка і далей будзе адмаўляцца іх пускаць, то ў доме выламаюць дзьверы.
Пасьля візыту судовых выканаўцаў Любоў Санкевіч таксама атрымала пастанову, паводле якой сям’ю пэнсіянэркі пазбаўляюць паслуг электрасувязі — тэлефона і інтэрнэту. Адпаведнае распараджэньне, абавязковае для выкананьня, судовая выканаўца Ткачова накіравала прадпрыемству «Белтэлекам».
Каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» Тамара Сяргей называе гэтыя дзеяньні незаконнымі:
«Акрамя Любові Санкевіч, у яе доме жыве яе маці, інвалід першай групы, сын і дзьве непаўналетнія ўнучкі. Пазбаўленьне сям’і тэлефона і інтэрнэту — гэта незаконнае пакараньне ўсіх сямейнікаў. Акрамя таго, гэта яшчэ і небясьпека для жыцьця чалавека, які мае першую групу інваліднасьці, і патрэба выклікаць „хуткую дапамогу“ можа зьявіцца ў кожную хвіліну. Гэта новыя незаконныя формы ціску на грамадзян з боку ўладаў з мэтай запалохваньня і спагнаньня грошай».
Таксама з мэтай спагнаньня штрафу за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту судовыя выканаўцы намагаюцца апісаць маёмасьць яшчэ адной сям’і бабруйскіх пэнсіянэраў — Аляксандра і Валянціны Каваленкаў.