Гэта сталася пасьля таго, як група міліцыянтаў і судовых выканаўцаў спрабавалі трапіць у ягоны прыватны дом, каб апісаць маёмасьць.
Аляксандар Каваленка і ягоная жонка Валянціна, таксама пэнсіянэрка, прынялі ўдзел у вулічным пікетаваньні на плошчы Свабоды ў Менску 12 траўня, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньня сваіх правоў і законаў чыноўнікамі дзяржаўных установаў розных узроўняў і немагчымасьці законным шляхам аднавіць справядлівасьць праз суд і пракуратуру. За ўдзел у пікеце кожны зь іх быў пакараны буйнымі штрафамі, якія пэнсіянэры адмаўляюцца выплачваць, бо лічаць пакараньне незаконным.
У Валянціны Каваленкі штраф распачалі вылічваць зь яе пэнсіі ў прымусовым парадку, Аляксандар Каваленка сваё пакараньне яшчэ абскарджвае ў судах. Тым ня менш судовыя выканаўцы наклалі арышт на іх прыватны дом, а таксама напярэдадні ў суправаджэньні міліцыянтаў спрабавалі гвалтоўна трапіць у жыльлё, каб апісаць маёмасьць. Пэнсіянэры сілавікоў у дом не пусьцілі, але пасьля іх візыту Аляксандру Каваленку стала дрэнна, мэдыкі канстатавалі ў яго перадынфарктны стан і шпіталізавалі.
Як паведаміла Свабодзе каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» Тамара Сяргей, у Аляксандра Каваленкі ўжо быў здарыўся інфаркт, калі яго незаконна асудзілі, цяпер зьявілася рызыка наступнага.
«Улады знарок псыхалягічна ціснуць на людзей, дзейнічаюць незаконна, і ня толькі для таго, каб спагнаць штрафы, якія і без таго ўжо спаганяюцца, але і каб грамадзка актыўных людзей фізычна даводзіць да гібелі», — падкрэсьліла праваабаронца.
Днямі міліцыянты і судовыя выканаўцы таксама спрабавалі трапіць у кватэру яшчэ адной бабруйскай пэнсіянэркі і актывісткі ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры», Любові Санкевіч. Пэнсіянэрка таксама была аштрафаваная за пікет у Менску, але не прызнае законнасьць пакараньня і адмаўляецца выплачваць штраф.
Тамара Сяргей таксама была аштрафаваная за ўдзел у пікеце, і на яе кватэру таксама накладзены арышт. Штраф з актывісткі вылічваюць зь яе пэнсіі ў прымусовым парадку, а днямі праз суд яе пазбавілі правоў кіроўцы.
Актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» цягам некалькіх гадоў праводзяць вулічныя акцыі пратэсту ў Менску, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньня правоў грамадзян і дзейнага заканадаўства чыноўнікамі розных узроўняў, а таксама судамі і пракуратурай.