Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Тамару Сяргей пазбавілі правоў кіроўцы за штраф


Суд Цэнтральнага раёну Менску пазбавіў каардынатарку ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» Тамару Сяргей правоў кіроўцы. Суд адбыўся бязь ведама праваабаронцы і ў яе адсутнасьць яшчэ 28 кастрычніка на ініцыятыву судовых выканаўцаў — за нявыплачаны штраф.

Тамара Сяргей была аштрафаваная судом Цэнтральнага раёну Менску на 40 базавых велічыняў за ўдзел у пікеце на плошчы Свабоды 31 сакавіка, які праводзілі актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры».

Праваабаронца назвала пакараньне незаконным і несправядлівым і адмовілася выплачваць штраф. Каб спагнаць яго, судовыя выканаўцы спрабавалі трапіць у яе кватэру, каб апісаць маёмасьць, а калі гэтага зрабіць не ўдалося, то на кватэру актывісткі быў накладзены арышт.

Як паведаміла Свабодзе Тамара Сяргей, грошы на выплату штрафу ў прымусовым парадку ўжо тры месяцы вылічваюць зь яе пэнсіі. Такім чынам, выкананьне судовага рашэньня аб сплочваньні штрафу распачалося і новая ініцыятыва аб дадатковым пакараньні ёсьць незаконнай. Тамара Сяргей абскардзіла рашэньне на адабраньне правоў, якое называе ціскам уладаў за яе праваабарончую дзейнасьць.

Таксама ў прымусовым парадку грошы на аплату штрафаў за тыя ж вулічныя пікеты пачалі вылічваць у менскай актывісткі ініцыятывы Вольгі Юнкевіч, а таксама жыхаркі Бабруйску Валянціны Каваленкі.

Чальцы ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» цягам 2015–2016 гадоў зладзілі некалькі пікетаў на плошчы Свабоды ў Менску, пасьля дзясяткаў безвыніковых спробаў трапіць на прыём да кіраўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG