На Гомельшчыне сёлета за дзесяць месяцаў выяўлена 607 новых выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі. Як адзначаюць у аддзеле прафіляктыкі ВІЧ/СНІД абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, асноўным шляхам распаўсюду небясьпечнага вірусу сталі неабароненыя полавыя кантакты — 94%. Людзі легкадумна ставяцца да свайго здароўя: практычна ва ўсіх выпадках заражэньне можна было прадухіліць, бо ўсе магчымыя шляхі і мэханізмы перадачы вірусу даўно вызначаны.
Амаль палова новазарэгістраваных ВІЧ-пацыентаў — гэта мужчыны і жанчыны, узрост якіх сорак і больш гадоў. Дзевяць інфікаваных — падлеткі, яны маюць ад нараджэньня толькі чатырнаццаць гадоў ці нават крыху меней.
Зарэгістравана таксама 108 цяжарнасьцяў сярод жанчын зь ВІЧ. У такіх мацярок нарадзілася 98 дзяцей — немаўляты атрымліваюць прафіляктычнае лячэньне.
226 асобам пастаўлены дыягназ СНІД. Яшчэ больш як дзьве сотні ВІЧ-інфікаваных пацыентаў сёлета з розных прычынаў памерлі.
Паўднёва-ўсходні рэгіён найбольш праблемны ў Беларусі, што да распаўсюду небясьпечнага вірусу імунадэфіцыту чалавека. З 15 тысяч чалавек зь ВІЧ-станоўчым статусам, зарэгістраваных у краіне, 6,7 тысячы жыве на Гомельшчыне. Асабліва шмат іх у Сьветлагорскім, Жлобінскім, Акцябрскім раёнах. Паказьнік распаўсюджанасьці на Гомельшчыне складае 472 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва, або ў 2,9 раза болей, чым у сярэднім па краіне.
1 сьнежня адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІДам, усталяваны ён паводле рэзалюцыі ААН дваццаць восем гадоў таму з тае прычыны, што распаўсюд СНІДу прыняў на плянэце маштабы глябальнай пандэміі. Паводле статыстыкі Ўсясьветнай асацыяцыі аховы здароўя, на зямлі жыве больш як 35 мільёнаў чалавек, якія інфікаваныя вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), і штодзённа гэтая лічба павялічваецца яшчэ на 14–15 тысяч. ВІЧ-інфэкцыя займае ў сьвеце пятае месца сярод прычынаў сьмяротнасьці.
Сёлета тэма Ўсясьветнага дня прафіляктыкі — «Паскарэньне мераў дзеля выкараненьня СНІДу».