Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі дасягнула амаль 3 мільярдаў даляраў, а зьнешні доўг Беларусі складае ўжо 13,5 млрд даляраў.
Згодна з дадзенымі Міністэрства фінансаў, зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі паводле стану на 1 лістапада склаў 13,5 млрд даляраў, павялічыўшыся з пачатку году на 8,2%. Унутраны дзяржаўны доўг склаў 9,8 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку году на 0,1 млрд.
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што памер дзяржаўнага доўгу ўжо дасягнуў небясьпечнай рысы.
«Справа ў тым, што ўсе ігнаруюць загады Аляксандра Лукашэнкі — і ён таксама ігнаруе тое, што сам кажа. Ён кажа, што трэба жыць па сродках, трэба зацягваць паясы. Гэтыя паясы зацягваюць у насельніцтва, у малога бізнэсу, але ня ў органаў дзяржаўнага кіраваньня і буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія як трацілі грошы падаткаплатнікаў і крэдытораў, так і працягваюць гэта рабіць. У сытуацыі, калі эканоміка падае на 3%, а доўг за 10 месяцаў вырас больш як на мільярд даляраў, мы атрымліваем, што амаль 50% ВУП — гэта агульны дзяржаўны доўг. Гэта ўжо далёка за межамі так званай рысы эканамічнай і даўгавой бясьпекі, а таксама блізка да сытуацыі, калі абавязкі дзяржавы ня могуць быць выкананыя. Мы ўжо наблізіліся да зоны дэфолту. Дэфолт яшчэ ня можа быць агульнакраінавым, але калі далей так будзе працягвацца, то сытуацыя можа пагоршыцца да такога стану, што тэхнічныя дэфолты могуць быць у камэрцыйных структураў, якія проста ня змогуць разьлічыцца са сваімі абавязаньнямі», — сказаў Раманчук у размове са Свабодай.
Адначасова адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі за студзень-кастрычнік 2016 году склала 2 млрд 965,1 млн даляраў ЗША, паведамляе БелаПАН. Усяго за кастрычнік яно павялічылася на 545,5 млн даляраў.
Зьнешнегандлёвы абарот краіны за дзесяць месяцаў гэтага году склаў 41 млрд 514,3 млн даляраў, да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2015 году ён зьнізіўся на 12,4%. Экспарт тавараў склаў 19 млрд 274,6 млн даляраў (мінус 14,5%), імпарт — 22 млрд 239,7 млн (мінус 10,4%).
Зьнешнегандлёвы абарот з краінамі ЭАЭС за студзень-кастрычнік 2016 году зьнізіўся на 7,5% (з Расеяй — мінус 6,9%), з краінамі Эўразьвязу — на 22,9%. Пры гэтым у гандлі з ЭАЭС сальда было адмоўнае і склала 3 млрд 448,7 млн даляраў, а ў гандлі з ЭЗ — станоўчае, 474,7 млн даляраў.
Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў інтэрвію Свабодзе сказаў, што адмоўнае сальда па гандлі таварамі — звычайная справа для Беларусі.
«Па таварах у нас заўсёды было адмоўнае сальда. Яно звычайна перакрывалася станоўчым сальдам па паслугах, таму ў цэлым па гандлёвым балянсе ў нас быў плюс. Ці перакрыецца зараз паслугамі мінусавае гандлёвае сальда — ня ведаю. Чаму назіраецца такое рэзкае павелічэньне адмоўнага сальда ў кастрычніку? Думаю, тут адыграла ролю скарачэньне паставак нафты на нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы — Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, бо не дамовіліся з Расеяй па газе і нафце. Таксама, відаць, паўплывалі нізкія цэны на сусьветным рынку па нафце і па ўгнаеньнях, бо па каліі ў нас другая экспартная пазыцыя. Гэта дзьве асноўныя прычыны. Магчыма, адыграла ролю і абмежаваньне паставак нашай мяса-малочнай прадукцыі на расейскі рынак, якое ўводзіў Рассельгаснагляд. Праўда, усе гэтыя фактары пачалі дзейнічаць даўно, і чаму менавіта ў кастрычніку так рэзка павялічылася адмоўнае сальда — да канца імі патлумачыць усё ж нельга», — кажа ён.