Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква не зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі адбыўся дэфолт»


Ці сапраўды Беларусь падышла да мяжы дэфолту?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч.

Глод: Нацыянальны банк Беларусі афіцыйна паведаміў, што напрыканцы кастрычніка абʼём міжнародных рэзэрвовых актываў і ліквіднасьці ў замежнай валюце складае 5 мільярдаў 273 мільёны даляраў. Гэта найгоршы паказьнік сярод усіх краін СНД і Ўсходняй Эўропы. Нават у ваюючай Украіне абʼём наяўных актываў у шэсьць разоў перавышае абʼём выдаткаў, якія неабходна сплаціць на працягу наступнага году. Для параўнаньня — у Беларусі рэзэрваў толькі крышку болей, чым трэба сплаціць па даўгах. А з улікам патэнцыйна магчымых выплат — валютныя выдаткі могуць нават перавысіць наяўныя валютныя актывы. Зыходзячы з гэтага, некаторыя эканамісты пачалі казаць, што дэфолт ужо грукае ў нашы дзьверы.

Выйсьце экспэрты бачаць толькі адно — тэрміновы прыток валюты.

Выйсьце экспэрты бачаць толькі адно — тэрміновы прыток валюты. Зразумела, што пры сёлетнім падзеньні беларускага экспарту на дадатковыя грошы разьлічваць не давядзецца. Таму ўсе спадзяваньні выключна на новыя замежныя крэдыты. Невыпадкова ўлады Беларусі цяпер тэрмінова шукаюць любую магчымасьць пазычыць валюту. А тут да ўсіх бед дадаецца сытуацыя з аплатай расейскага газу і скарачэньнем паставак расейскай нафты. Пра гэта мы ўжо не адзін раз казалі ў «Трайным удары». Зараз я ня буду паўтарацца. Толькі асьвяжу адну лічбу — раней мы казалі пра газавую запазычанасьць спачатку ў памеры 200 мільёнаў даляраў, пасьля — 300 мільёнаў, зараз жа яна нібыта ўжо дасягнула паўмільярда даляраў.

Дзе ўлады спадзяюцца разжыцца крэдытамі? Гэта, вядома ж, і Міжнародны валютны фонд, і Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, і непасрэдныя крэдыты з Расеі, Кітая, Азэрбайджану. Але ж тут галоўнае — наколькі рэальныя такія спадзяваньні.

Сёньня ў Кіеве ўпэўнена заяўляюць: бліжэйшым годам ніякіх асьцярог дэфолту ў краіне няма.

Цяпер жа становішча ў Беларусі нагадвае падзеі гадавой даўніны ва Ўкраіне. Тады нашы паўднёвыя суседзі фактычна падышлі да дэфолту — немагчымасьці выплат па сваіх зьнешніх абавязацельствах. Неабходныя выдаткі рабіліся непад’ёмнымі. Што выратавала тады Ўкраіну? А тое, што крэдыторы пагадзіліся на рэструктурызацыю даўгоў і адцягваньне іх выплат на больш доўгі пэрыяд. Трэба аддаць належнае нашым суседзям. Пры ўсёй складанасьці яны здолелі за год павялічыць свае замежныя актывы і адначасова скарацілі выплаты па даўгах. Сёньня ў Кіеве ўпэўнена заяўляюць: бліжэйшым годам ніякіх асьцярог дэфолту ў краіне няма.

Калі працягваць параўнаньне, то ўзьнікаюць як мінімум два пытаньні. Першае: ці пагодзяцца замежныя крэдыторы Беларусі на рэструктурызацыю запазычанасьці? І другое: ці здолеюць беларускія ўлады хутка выправіць сытуацыю?

І тут патрэбна вярнуцца да нядаўніх прыкладаў. Максымальны абʼём замежных актываў Беларусі, іх гістарычны пік быў зафіксаваны ў першай палове 2012 году. Тады аб’ёмы перавышалі 11,5 мільярды даляраў. Гэта ўдвая болей чым цяпер. Тагачасны ўсплёск адбыўся дзякуючы тром галоўным фактарам. Першы — продаж «Газпрому» другой паловы «Белтрансгазу»; другі — вяртаньне валюты ў банкаўскую сыстэму пасьля фінансавага крызысу 2011 году; трэці — значны заробак валюты праз так званую «распушчальна-змазачную» схему пры экспарце нафтапрадуктаў.

Дарэчы гэтая схема дзейнічала па ліпень 2012 году. Менавіта з тых часоў і пайшоў зваротны працэс: абʼём замежных актываў пачаў скарачацца. За 3,5 гады праелі больш за 7 мільярдаў даляраў. Цікава, калегі, што могуць яшчэ прыдумаць улады, каб выкруціцца з цяперашняй складанай сытуацыі не дапусьціць дэфолту?

Гурневіч: Эканамічныя навіны, якія даводзіцца чытаць апошнія тыдні, не даюць ніякіх падставаў да аптымізму. Наадварот, сытуацыя пагаршаецца з кожным днём і нейкага прасьвету ва ўсім гэтым ня бачна. Вось і сёньняшняя навіна: абʼём дзяржпадтрымкі эканомікі зьнізіўся больш чым у 3,5 разу. А ўявіце, пра колькі рэчаў мы ня ведаем, колькі ад беларусаў хаваюць. Уявіце маштаб маніпуляцыі статыстыкай. Пры ўсім пры гэтым карціна, якую мы бачым, і так вельмі сумная. А якая ж праўда?

Адказ на пытаньне пра дэфолт ведаюць толькі ва ўрадзе і Адміністрацыі прэзыдэнта. Пра пагрозу тэхнічнага дэфолту ў пачатку 2016 года казалі летась эканамісты: Леанід Злотнікаў і Віктар Цярэшчанка.

Злотнікаў тады заявіў, што дэфолт рэальны пры ўмове, што ня будзе прытоку валюты. Альбо ў форме крэдытаў, альбо ў выглядзе прыватызацыі. Аднак дэфолт не адбыўся. Ідучы лёгікай згаданых эканамістаў, значыць улады знайшлі чым залатаць дзіркі. Ці знойдуць цяпер? Прынамсі трэба канстатаваць, што яны шукаюць.

Мне падаецца, што Беларусі дапамогуць. Гэта няшмат каштуе для Захаду.

Ужо ня першы год Беларусь вядзе з МВФ перамовы па праграме пашыранага фінансаваньня. Яна ўвязваецца з рэформамі, якія Беларусь павінна правесьці: абмяркоўваецца лібэралізацыя цэн, павышэньне тарыфаў у ЖКГ і грамадзкім транспарце, правядзеньне гнуткай курсавой палітыкі, павелічэньне долі прыватнага сэктара. Відовішчных працэсаў ня бачна, але нешта з гэтага робіцца. І лібэралізацыю ўнутры краіны многія зьвязваюць з жаданьнем атрымаць чарговыя крэдыты. І мне падаецца, што Беларусі дапамогуць. Гэта няшмат каштуе для Захаду. Лепш мець пад бокам бедную і стабільную краіну, чым бедную і нестабільную. Таму я думаю, што знойдуцца і грошы для пазыкаў Беларусі, якімі б яна магла сплаціць ранейшыя пазыкі. Для Масквы Беларусь важнейшая, чым Курская альбо Тамбоўская вобласьці. Дык, калі трэба будзе, забяруць ад сваіх і дадуць Менску.

Карбалевіч: Справа ў тым, што асноўны крэдытор Беларусі — гэта Расея. А Масква не зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі адбыўся дэфолт. Бо Беларусь — галоўны саюзьнік Расеі. Толькі што створаны Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС). І дэфолт Беларусі моцна ўдарыў па іміджу і гэтай арганізацыі. і самой Расеі як галоўнага інтэгратара постсавецкай прасторы. Бо ўсё будзе выглядаць так: вось вам вынік дзейнасьці ЭАЭС.

Таму, думаю, Расея дапаможа Беларусі. Тут магчымы тры варыянты. Першы: Масква пагодзіцца з адтэрміноўкай выплаты доўгу Беларусьсю.

Другі варыянт: РФ дасьць новы крэдыт, каб Беларусь магла выплаціць старыя даўгі, як было зроблена гэтым годам.

Хутка на Беларусі павісьне доўг за АЭС у памеры 10 млрд даляраў. Я ўвогуле не ўяўляю, як можна яго будзе выплаціць.

Трэці варыянт, на які, дарэчы разьлічвае афіцыйны Менск: Расея ўвогуле сьпіша беларускія даўгі і Беларусі ўвогуле ня трэба будзе плаціць. Бо хутка ж на Беларусі павісьне доўг за АЭС у памеры 10 млрд даляраў. Я ўвогуле не ўяўляю, як можна яго будзе выплаціць. Расея неаднаразова сьпісвала даўгі іншым краінам, Манголіі, Паўночнай Карэі — гэта факт, ну а Беларусь жа больш блізкі саюзьнік!

Ёсьць і чацьвёрты варыянт. Беларусь адмовіцца плаціць без усялякай згоды Масквы. А кіраўніцтва РФ закрые на гэта вочы, бо не абʼяўляць жа дэфолт найбліжэйшаму саюзьніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG