Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.
Гурневіч: У Менску ў аўторак адбыўся зьезд Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Ён зьявіўся 18 лістапада 2005 году, калі шэраг чальцоў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выйшлі зь яго і ўтварылі новую арганізацыю. Прычынай для выхаду яны назвалі «палітызацыю СБП, яе барацьбу з уладай, якая суправаджалася шалёнай спэкуляцыяй на культуры, праблеме беларускай мовы і г. д., адсутнасьці дэмакратычных прынцыпаў»
Пасланьне дэлегатам ад Лукашэнкі прачытаў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Бузоўскі. Гэта сухое пасланьне, якое няма чаго абмяркоўваць. Цікавейшым быў выступ расейскага пасла Сурыкава. Ён казаў, што заходняя мас-культура спрабуе зьнішчыць «нашыя традыцыйныя духоўныя каштоўнасьці і таму вельмі важнай зьяўляецца праца пісьменьнікаў». Сама цікавае было напрыканцы: «мы чакаем ад беларускай пісьменьніцкай супольнасьці канкрэтных прапановаў па ўзьдзеяньні на грамадзтва дзеля павышэньня маральнасьці, духоўнасьці і патрыятызму».
Пра зьезд агенцтва БелТА дало ляканічную інфармацыю:
«Старшынём Саюза пісьменьнікаў Беларусі абраны Мікалай Чаргінец, Прапанову аб абраньні Мікалая Чаргінца прынялі дэлегаты зьезду адзінагалосна. Ён падзякаваў за давер і сказаў, што наперадзе шмат плянаў. У цяперашні час у шэрагах Саюза пісьменьнікаў Беларусі 606 літаратараў.»
Чаргінец адзначыў, што ў Беларусі актыўна выдаецца дэтэктыўная літаратура, гістарычная. Тэма Вялікай Айчыннай вайны застаецца важнай з пункту гледжаньня паказу гераізму савецкага народа. Старшыня СПБ адзначыў, што беларускім пісьменьнікам атрымалася прарваць маўчаньне вакол песеннага жанру. На зьезьдзе таксама абмяркоўвалася пытаньне стварэньня інстытута крытыкі.
Чаргінец казаў, што прапрацоўваецца пытаньне выдачы гэтым аўтарам арэнднага жыльля і пэнсій, але пытаньне: за што?
Я чытаў і слухаў усё гэта паціраючы вочы. Хто ўсе гэтыя 606 чалавек? Ну пару дзясяткаў я ў стане пазнаць, пры тым, што чытаю беларускую літаратуру і праглядаю кніжныя паліцы. Амаль усе прозьвішчы чальцоў саюзу нічога ня кажуць. Чаргінец расхвальваў саюз, што многія аўтары атрымалі мэдалі Скарыны і іншыя ўзнагароды. Але я не магу прыгадаць кніжак, якія б выклікалі ажыятаж, цікавасьць чытача. Чаргінец казаў, што прапрацоўваецца пытаньне выдачы гэтым аўтарам арэнднага жыльля і пэнсій, але пытаньне: за што? Дзе «Каласы пад сярпом тваім», дзе «Знак бяды»?
Цыганкоў: Ніколі яшчэ такіх цяжкіх пытаньняў не было ў нашай перадачы. Мы чулі прозьвішча самога Чаргінца, і не з пункту гледжаньня літаратуры, а яго грамадзка-палітычнай дзейнасьці на ніве змаганьня за мараль і г. д.
Гэты Саюз пісьменьнікаў ствараўся тады, калі ўлада актыўна на пачатку 2000-х займалася драбленьнем грамадзянскай супольнасьці, стварала паўсюль альтэрнатыўныя арганізацыі, каб і аслабіць існуючыя, і стварыць праўладную грамадзянскую супольнасьць. Гэта рабілася ня толькі з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, але і зь некаторымі іншымі структурамі. На той момант улада гэтую задачу выканала, і на гэтым спынілася. Падзел пайшоў тут не па прынцыпу рускамоўны ці беларускамоўны. І ў афіцыйным Саюзе пісьменьнікаў дастаткова беларускамоўных творцаў. Падзел пайшоў па прынцыпу адданасьці дзяржаве і дзяржаўнай палітыцы. Гэта нават многія людзі, якія відавочна і па сваёй творчасьці, і па перакананьнях не хацелі б там быць, але займалі свае пасады ў дзяржаўных выданьнях, напрыклад часопісах «ЛіМ», «Нёман», «Маладосьць». Для іх быў выбар, альбо застацца ў гэтай дзяржаўнай структуры, альбо пайсьці на вольныя хлябы ў неафіцыйны Саюз пісьменьнікаў. Для многіх гэты выбар быў адназначны, нават насуперак сваім перакананьням. Гэта пра тое, хто гэтыя людзі.
Знакамітая фраза пра «слугі гасударавы», якую сказала калісьці віцэ-прэм’ер Натальля Качанава пра беларускіх чыноўнікаў, адносіцца і да гэтых пісьменьнікаў.
Дзяржава, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, падзяліла пісьменьнікаў на сваіх і не. Гэта адбываецца і сярод журналістаў. Знакамітая фраза пра «слугі гасударавы», якую сказала калісьці віцэ-прэм’ер Натальля Качанава пра беларускіх чыноўнікаў, адносіцца і да гэтых пісьменьнікаў. Яны павінныя адчуваць сябе прыхільнікамі дзяржаўнай улады, ідэалёгіі хаця б фармальна. Бо можа на кухнях большасьць з іх і не згаджаюцца, але вымушаны знаходзіцца ў гэтым Саюзе.
Глод: Раскол сярод беларускіх пісьменьнікаў, пра які пачаў гаварыць Дзьмітры Гурневіч, а затым разьвіў Віталь Цыганкоў, адбыўся менавіта праз палітычныя прычыны. І гэта дае падставу вярнуцца да адвечнага пытаньня: ці павінны літаратары займацца палітыкай, ці павінны літаратары заўжды быць у апазыцыі да ўлады, якой бы гэта ўлада (добрай ці кепскай) не была?
Гісторыя паказала, што беларускія пісьменьнікі заўсёды мелі вельмі выразную грамадзянскую пазыцыю. І сярод заснавальнікаў БНР і пазьней БССР былі літаратары. Калі ў час перабудовы пачаўся грамадзкі ўздым, пісьменьнікі таксама былі ў першых шэрагах.
Учора на нашым сайце Анатоль Вярцінскі вельмі цікава і шчыра распавёў, як ён, будучы галоўным рэдактарам «ЛіМа» змагаўся за тое, каб абавязкова надрукаваць на старонках выданьня знакаміты артыкул пра Курапаты. Калі б гэты чалавек абыякава ставіўся да палітыкі, хіба б ён так рабіў?!
А калі ж на рэфэрэндум вынесьлі зьмены ў Закон аб мовах, калі насельніцтву ўлада навязвала так званае дзьвюхмоўе, хто першым выступіў супраць гэтага? Літаратары. Яны былі сярод тых, хто найбольш актыўна выступіў супраць такога падыходу. Тады многія беларускія пісьменьнікі адкрыта выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю. Праўда, ня ўсе. Вось тыя, хто ўчора зьбіраўся на зьезд, як раз яе і не выказвалі.
Улада пачала ціснуць на пісьменьнікаў, якія не пагадзіліся ёй служыць.
З гэтай прычыны ўлада пачала ціснуць на пісьменьнікаў, якія не пагадзіліся ёй служыць: забралі будынак Дома літаратара, пісьменьніцкую паліклініку, пазбавілі дзяржаўнага фінансаваньня...
Я калі рыхтаваўся да гэтай перадачы, знайшоў у архівах некаторыя цытаты з выступу расейскага паэта Ёсіфа Бродзкага. З таго самага выступу 1987 году, калі ён атрымліваў літаратурны Нобэль. Мне падаецца, яны добра кладуцца на цяперашнюю беларускую сытуацыю:
«Мова і, думаецца, літаратура — рэчы больш старажытныя, непазьбежныя, даўгавечныя, чым любая форма грамадзкай арганізацыі. Абурэньне, іронія ці абыякавасьць, якія выражаюцца літаратурай у адносінах да дзяржавы, ёсьць, па сутнасьці, рэакцыя ўвесь час, лепш сказаць — бясконцага, у адносінах да часовага, абмежаванаму».
І што, на мой погляд, асабліва важна, Бродзкі адзначаў:
«Прынамсі, да таго часу, пакуль дзяржава дазваляе сабе ўмешвацца ў справы літаратуры, літаратура мае права ўмешвацца ў справы дзяржавы».
І гэта выразна бачна на дачыненьнях пісьменьнікаў і палітыкаў сучаснай Беларусі.