Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Допыт прэзыдэнта можа стаць рэальнасьцю


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Зьяўленьне былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча перад судом кінутай ім дзяржавы — хай нават і ў віртуальным рэжыме — стала адной з найбольш абмеркаваных тэмаў у расейскіх і ўкраінскіх мэдыях. Абмяркоўваюць галоўным чынам тое, што Януковіч сказаў, а таксама пра што палічыў лепшым змаўчаць. Пра што «успомніў», а пра што «забыўся».

Зьмест выступу, вядома ж, цікавы з пункту гледжаньня паліталёгіі або юрыспрудэнцыі. Але куды важнейшы сам факт удзелу былога кіраўніка дзяржавы ў судовых слуханьнях, хай і ў якасьці сьведкі. Так, схаванаму ад украінскага правасудзьдзя дзяржаўнай мяжой і абаронай расейскіх спэцслужбаў Януковічу нічога не пагражае — прынамсі, пакуль. Аднак ён вымушаны апраўдвацца, даваць тлумачэньні сваім дзеяньням, выслухоўваць пытаньні судзьдзі і пракурора.

Для сучаснай Украіны ў гэтым няма нічога асаблівага. На допыты ў Генэральную пракуратуру ходзяць і дзейны прэзыдэнт краіны, і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Гэта і ёсьць шлях да той новай якасьці дэмакратыі, на які Ўкраіна ўстала тры гады таму, пасьля перамогі народу на Майдане. Так што ў большасьці ўкраінцаў зьдзіўленьне выклікае ня сам допыт Януковіча, а, скажам больш мякка, маштаб асобы чалавека, якому некалькі гадоў таму даверылі кіраўніцтва вялікай эўрапейскай краінай. Украінцы спрачаюцца паміж сабой галоўным чынам пра тое, ці варта ўвогуле супрацоўнічаць з Расеяй у пытаньні пра юрыдычную дапамогу. Ці спрабуюць зразумець сапраўдныя прычыны непрыхаванай нянавісьці, якую Януковіч цяпер адчувае да былога кіраўніка сваёй адміністрацыі Сяргея Лёвачкіна і «алігарха» Дзьмітрыя Фірташа, двух слупоў яго аўтарытарнага рэжыму.

Прэцэдэнт допыту Януковіча важны найперш не для Ўкраіны, а для Расеі. Грамадзянам гэтай краіны прадэманстравалі зусім неспасьціжны для іх узровень адказнасьці прэзыдэнта перад дзяржавай і грамадзтвам. Яны пераканаліся, што прэзыдэнту — хай нават былому — можна і трэба задаваць пытаньні, якія маюць прынцыповае значэньне.

А цяпер давайце проста ўявім сабе Пуціна — хай нават не прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, а пэнсіянэра Ўладзіміра Пуціна — які вымушаны адказваць у расейскім судзе на пытаньні, зьвязаныя з гібельлю закладнікаў у тэатральным цэнтры на Дуброўцы. Ці пра тое, што прывяло да гібелі дзяцей Бэслану. Ці пра тое, хто прымаў рашэньні аб бамбаваньнях Грознага. Уладзіміру Пуціну можна задаць незьлічоную колькасьць пытаньняў — нават не як падсуднаму, а як сьведку. Такая сытуацыя, праўда, выглядае зусім фантастычнай. Недатыкальнасьць Пуціна — адно з найважнейшых абяцаньняў нават такіх апазыцыянэраў, як Навальны і Хадаркоўскі. Толькі сыдзі па-добраму, бацька родны! — Вось, уласна, і ўвесь зьмест, які яны ўкладаюць у свае прапановы. Зразумела, што такі сыход не прадугледжвае наступных візытаў у суд. У сьвядомасьці кожнага расейца зь цьвярозым розумам прэзыдэнт і суд — рэчы несумесныя.

Допыт Януковіча, які асьвятляе ў тым ліку і расейскае тэлебачаньне, даказвае, што гэта лёгка сумясьціць. Прычым забясьпечыў магчымасьць такога допыту менавіта расейскі бок. Чаму? Думаецца, гэта чарговая памылка, зьвязаная з неразуменьнем псыхалёгіі жыхароў суседняй краіны. Меркавалася, што зьяўленьне на экранах Януковіча прымусіць успомніць украінцаў, якіх хвалююць эканамічныя праблемы, аб «даляры па 8 грыўняў» і адноснай стабільнасьці часоў кіраваньня былога прэзыдэнта. Адбылося, зрэшты, нешта зусім супрацьлеглае: украінцы ўспомнілі ня толькі пра эканоміку, але і пра палітыку. Пра часы, калі кіраўнік дзяржавы быў недатыкальным і непадсудным, як цяпер у Расеі.

А ў расейцаў зьявілася чарговая нагода задумацца. Дэмакратыя — гэта ня толькі магчымасьць абраць кіраўніка дзяржавы і шанец адмовіцца ад яго паслуг на наступных выбарах (у большасьці краінаў постсавецкай прасторы, зрэшты, практычна нерэальны). Дэмакратыя — гэта яшчэ і магчымасьць задаць кіраўніку дзяржавы непрыемныя пытаньні і атрымаць на іх адказы. У тым ліку і ў судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG