Грамадзкая палата Расеі выдаткуе 4,5 млн рублёў на даклад аб правах чалавека ў Расеі. Пры гэтым конкурс на падрыхтоўку гэтага дакладу выйграла фірма, якая спэцыялізуецца на шыцьці адзеньня, паведамляе расейская «Независимая газета».
Паводле дадзеных газэты, да распрацоўкі дакладу не былі дапушчаныя «Мэмарыял», Маскоўская Хэльсынская група (МХГ), «Камітэт за правы чалавека». Адзіным канкурэнтам фірмы шыцьця адзеньня аказалася рэклямнае агенцтва, зьвязанае з пахавальнымі бюро.
Кіраўнік Цэнтру антыкарупцыйнай палітыкі «Яблока» Сяргей Мітрохін заявіў, што яго, вядома, радуе, што даклад рыхтуе не пахавальнае бюро, хоць яго перамога на конкурсе «маляўніча прадэманстравала б становішча з правамі чалавека ў Расеі».
Мітрохін ўжо зьвярнуўся з заявай у Фэдэральную антыманапольную службу. Палітык перакананы, што ніводнае агенцтва ня зможа падрыхтаваць даклад, ня маючы ніякага ўяўленьня пра праваабарончую дзейнасьць. Акрамя таго, ён асьцерагаецца, што заданьне даручаць прадстаўнікам калянавуковых структур, якія напішуць тэкст, які адпавядае фармальным патрабаваньням конкурсу і пажаданьням уладаў.
У сувязі з гэтым «Яблоко» запатрабавала ад сакратара Грамадзкай палаты Аляксандра Брэчалава даць інфармацыю пра аўтараў дакладу, у прыватнасьці, іх імёны і пасады.
Прадстаўнік Маскоўскай Хэльсынскай групы Валерый Баршчоў лічыць, што незалежных праваабаронцаў наўмысна не дапускаюць да грошай Грамадзкай палаты, каб яны «не напісалі нічога лішняга».
Намесьнік старшыні камісіі Грамадзкай палаты па грамадзкім кантролі Дзьмітрый Галачкін зьдзівіўся такім абвінавачаньням. Паводле яго слоў, палата ніколі не ігнаравала пазыцыю праваабарончых структур, даклад рыхтуецца штогод і ў ім негалосна ўлічваюцца пазыцыі многіх экспэртаў.