Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Вярцінскі: Я павінен быў зрабіць усё, каб матэрыял пра Курапаты быў апублікаваны АНОНС


Анатоль Вярцінскі: Я павінен быў зрабіць усё, каб матэрыял пра Курапаты быў апублікаваны АНОНС
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:06 0:00

Удзельнік цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — паэт, колішні галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва», дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Анатоль Вярцінскі, які застанецца ў гісторыі Беларусі як чалавек, які паспрыяў таму, каб сьвет даведаўся пра трагедыю ў Курапатах.

Прапануем фрагмэнт інтэрвію.

Ганна Соўсь: Анатоль Ільліч, вядома, што калі ў ліпені 1990 году ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня прымалі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, менавіта вы настаялі на фармулёўцы, што гэта будзе «поўны сувэрэнітэт», бо фармальна і ў Канстытуцыі БССР быў прапісаны сувэрэнітэт. Вы імкнуліся да сапраўднай незалежнасьці...

Анатоль Вярцінскі: Удакладню, чаму выступіў наконт паняцьця «сувэрэнітэт». Якраз па гэтай пазыцыі на сэсіі, якая прымала дэклярацыю, узьніклі спрэчкі. Нават разышліся галасы. Некаторыя сьцьвярджалі, што Беларусь і без таго сувэрэнная, і нашто ў гэтым дакумэнце зноў гаварыць пра нейкую незалежнасьць і нейкі сувэрэнітэт. Мне прыйшлося тады шукаць нейкае кампраміснае рашэньне. Размова ішла пра тое, што, калі нейкі артыкул не прымаўся, то не прымалася і ўся дэклярацыя. Я прапанаваў, што павінна быць у тэксьце фармулёўка наконт таго, што сувэрэнітэт быў няпоўны, а з прыняцьцем дэклярацыі Беларусь робіцца паўнапраўным суб’ектам міжнароднага права і міжнароднай супольнасьці.

Соўсь: Я добра знаёмая з Маяй Тодараўнай Кляшторнай, дачкой расстралянага паэта Тодара Кляшторнага. Яна расказвала, як 3 чэрвеня 1988 году ехала ў грамадзкім транспарце і раскрыла газэту «ЛІМ», якую вы рэдагавалі, прачытала артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Вы можаце прыгадаць, як прымалася рашэньне пра публікацыю гэтага артыкулу? Бо гэта быў сапраўдны выбух. Ці раіліся вы зь кімсьці наверсе? Ці рашэньне было прынятае вамі асабіста? Бо праўда пра Курапаты стала падмуркам для здабыцьця незалежнасьці Беларусі...

што тычыцца наступнай публікацыі Зянона Пазьняка «Шумяць над магіламі сосны», то гэта быў мой загаловак, разам мы зь ім шукалі назву

Вярцінскі: У нейкай меры гэта так. Нават гісторыкі сьведчаць пра тое, што і гэты артыкул, і некаторыя іншыя публікацыі, зьмешчаныя на старонках «ЛіМа» ў тыя часы, спрыялі разьвіцьцю грамадзка-палітычных падзеяў у Беларусі. Калі коратка адказаць на ваша пытаньне, то скажу так. Калі я пазнаёміўся з публікацыяй, у мяне ня ўзьнікла ніякага сумненьня ў тым, што гэта ня толькі трэба друкаваць, але што я павінен зрабіць усё для таго, каб гэты матэрыял быў апублікаваны. Для таго, каб нейкім чынам падстрахавацца, я зьвярнуўся да Васіля Быкава і папрасіў яго напісаць некалькі слоў у форме прадмовы да артыкулу Пазьняка і Шмыгалёва.

Соўсь: Ці ўзгаднялі вы гэта з партыйным начальствам? Хто ведаў пра тое, што вы будзеце гэта друкаваць?

Вярцінскі: Ніякага ўзгадненьня з начальствам я не рабіў. Што тычыцца наступнай публікацыі Зянона Пазьняка «Шумяць над магіламі сосны», то гэта быў мой загаловак, разам мы зь ім шукалі назву. Гэты артыкул мне ўжо прыйшлося нейкім чынам узгадняць спачатку ў ЦК КПБ з загадчыкам аддзелу, нават двума загадчыкамі — культуры ды ідэалёгіі, агітацыі і прапаганды. Яны мяне адправілі да тагачаснай намесьніцы старшыні Саўміну Ніны Мазай. Пасьля публікацыі Пазьняка і Шмыгалёва на самім высокімі ўзроўні, не бязь ведама ЦК КПБ, зразумела, была створаная спэцыяльная камісія па гэтай публікацыі і па ўшанаваньні памяці загінулых. І кіраўніком гэтай камісіі была прызначаная Ніна Мазай. Мы з Пазьняком ішлі да яе, каб яна нам дала дабро на публікацыю наступнага арытыкулу — «Шумяць над магіламі сосны».

Цалкам інтэрвію на нашым сайце неўзабаве.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG