Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг: «Расеі варта расслабіцца адносна пашырэньня NATO»


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Сытуацыя з пашырэньнем NATO на ўсход «напружвае» Пуціна, а Пяскоў «больш не адчувае сябе ў бясьпецы». Генэральны сакратар NATO Столтэнбэрг іх не разумее.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг выступіў з кароткай прамовай пра сваё бачаньне альянсу ў сёньняшніх умовах у Оксфардзкім унівэрсытэце, што ў Вялікай Брытаніі.

Столтэнбэрг падкрэсьліваў, што ні Расея, ні іншыя краіны ня маюць права вырашаць лёс суседніх дзяржаваў. Ён перакананы, што кожная нацыя мусіць сама абіраць свой шлях.

«Не, я не разумею, калі ў Расеі выказваюць меркаваньне, што пашырэньне NATO ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе гэта правакацыя, — казаў Столтэнбэрг. — Гэта ня NATO пашыраецца, гэта Польшча, Эстонія, Латвія, Літва, Вугоршчына самі выказалі жаданьне далучыцца».

Ён заявіў, што NATO не магло адмовіць гэтым краінам у далучэньні да альянсу проста таму, што Расеі гэта не падабаецца. Расеі жа, мяркуе ён, «варта бы расслабіцца і прыняць тое, што суседзі самі могуць абіраць свой шлях».

Галоўнай прычынай зьмены (фактычна, спыненьня) стасункаў NATO і Расеі ён назваў анэксію Расеяй украінскага Крыму: выкарыстаньне вайсковай сілы супраць суседа непрымальнае, кажа Столтэнбэрг. NATO мусіла на гэта адказаць, даць сыгнал усходнеэўрапейскім краінам альянсу, што не дапусьціць такога адносна іх, таму і павялічвае вайсковую прысутнасьць ва ўсходніх краінах NATO.

Тым ня меней, генэральны сакратар NATO заявіў, што «пакідае адкрытай» магчымасьць палітычнага дыялёгу з Расеяй.

Як ён заяўляў на пачатку месяцу, што час рэагаваньня будзе паскораны для 300 тысяч жаўнераў NATO, якіх маглі б накіроўваць у зону канфлікту цягам двух месяцаў. Сёньня іх поўная мабілізацыя займае нават шэсьць месяцаў.

У Расеі на тое адрэагавалі з турбаваньнем. Спачатку прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея «не адчувае сябе ў бясьпецы», калі сілы NATO становяцца «болей і болей, і бліжэй і бліжэй» да межаў Расеі. Потым і Ўладзімір Пуцін заявіў, што сытуацыя яго «напружвае», а таксама што ў сувязі з пашырэньнем NATO на ўсход Расея мусіць «мусіць ужываць контрамеры, то бок ставіць пад удар ракетных сыстэмаў тыя аб’екты, якія, на нашу думку, пачынаюць нам пагражаць».

Тым часам у Чарнагорыі, якая мае далучыцца да NATO, расейцы спрабавалі зладзіць дзяржаўны пераварот, рыхтавалі замах на прэм’ера.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG