Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па абароне. Будзе аб’яднанае войска Эўропы?


Эўрапейскі парлямэнт прыняў 22 лістапада рэзалюцыю, у якой прапануецца выдаткаваць на абарону 2% ВУП і самастойна дзейнічаць у крызісных сытуацыях там, дзе NATO ня хоча ці ня можа браць удзел, праз штаб кіраваньня шматнацыянальнымі войскамі.

Сытуацыя зь бясьпекай у Эўропе значна пагоршылася ў апошнія гады праз тэрарызм, гібрыдныя пагрозы, кібэрпагрозы і энэргетычныя пагрозы, гаворыцца ў рэзалюцыі. Ніводная краіна ня можа процістаяць ім у адзіночку, таму парлямэнтарыі хочуць хуткага і супольнага адказу на пагрозы.

Эўрапарлямэнт заклікаў краіны Эўразьвязу ўзмацніць каардынацыйную ролю Эўрапейскага агенцтва абароны, праводзіць супольныя закупы абарончых рэсурсаў, дзяліцца тэхнікай. Раду Эўропы заклікаюць прыняць агульную абарончую палітыку і даць фінансаваньне на ейнае выкананьне.

Рэзалюцыя ня мае дырэктыўнага характару, яна не загадвае краінам Эўропы стварыць аб’яднанае войска. Але падобныя ідэі гучаць ужо даўно, загучалі з новай сілай пасьля заяваў Дональда Трампа пра тое, што ён «ня супраць» развалу NATO ў цяперашняй форме саюзу.

У верасьні стварыць пастаяннае супольнае войска Эўропы прапаноўвала Італія, а Францыя і Нямеччына прапаноўвалі ўтварыць эўрапейскі вайсковы камандны цэнтар, ды іншыя краіны вырашылі абмежавацца меншымі мерамі.

Вялікая Брытанія адкрыта выступіла супраць аб’яднанага войска Эўропы. Ідэя таксама не падабаецца Швэцыі, Аўстрыі і Ірляндыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG