Дзейны прэзыдэнт ЗША Барак Абама даў першую прэс-канфэрэнцыю пасьля выбараў, на якіх перамог Дональд Трамп. Напярэдадні свайго апошняга замежнага візыту на пасадзе Абама адказаў на пытаньні журналістаў, якія ў асноўным тычыліся перадачы ўлады Трампу, піша «Голас Амэрыкі».
Як заявіў Абама, ён пакідае краіну ў лепшым стане, чым яна была ў час яго прыходу да ўлады. Ён падкрэсьліў, што ў Трампа будзе час і месца для прыняцьця разумных рашэньняў, але славуты тэмпэрамэнт Трампа, магчыма, часам будзе замінаць яму, мяркуе Абама. Ён дадаў: Трамп — «не ідэоляг, а прагматык».
«Ён выказаў глыбокую зацікаўленасьць у працягу нашых ключавых стратэгічных альянсаў, — казаў Абама пра Трампа. — Таму адно з пасланьняў, якія я змагу перадаць [замежным лідэрам], — яго прыхільнасьць NATO і трансатлянтычнага альянсу».
Паводле яго словаў, Трамп прызнае, што гэтыя альянсы патрэбныя ня толькі Эўропе, але і ЗША, і ўсяму сьвету. Ніякага паслабленьня прыхільнасьці ЗША да NATO пры Трампу ня будзе, паабяцаў Абама, спаслаўшыся на асабістую размову з Трампам.
Адказваючы на пытаньне пра тое, ці лічыць ён па-ранейшаму, што Трамп непадрыхтаваны належным чынам да прэзыдэнцкай дзейнасьці, Абама падкрэсьліў, што «амэрыканскі народ сказаў сваё слова», і Дональд Трамп «будзе наступным прэзыдэнтам ЗША».
Абама казаў, што, тыя, хто не галасаваў за Трамп і цяпер рэагуе на яго абраньне, мусяць усьвядоміць, што так пабудаваная амэрыканская дэмакратыя. Ён таксама адзначыў, што для Дэмакратычнай партыі параза на прэзыдэнцкіх выбарах — добрая нагода абдумаць, што трэба зрабіць, каб дамагчыся палітычнага посьпеху.
«У нас лепшы ідэі, але яны ня маюць значэньня, калі людзі пра іх ня ведаюць», — заявіў пра Дэмакратычную партыю Абама. Разам з тым ён нагадаў, што сытуацыя ў палітыцы «можа мяняцца вельмі хутка».