Беларусы ня раз заўважалі выпадкі, калі тэлефанаваньні ў Беларусь з-за мяжы даходзяць не да патрэбнага абанэнта, а да незнаёмых людзей, якія просяць проста пачакаць, пакуль паклічуць да слухаўкі знаёмага.
З такім сутыкнуўся і журналіст Свабоды. Як выявілася, з гэтым часта маюць праблемы абанэнты ў розных краінах, і ня толькі тады, калі тэлефануюць у Беларусь. Званкі не даходзяць да адрасатаў і праз мабільных апэратараў, і праз праграмы кшталту Skype і Viber, калі выклік ідзе з праграмы на мабільны ці гарадзкі нумар (VoIP-тэлефанію).
Міністэрства сувязі Беларусі, Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце і апэратар «Белтэлекам» ня раз казалі пра барацьбу з «шэрым трафікам», калі тэлефанаваньні адбываюцца не наўпрост між двума апэратарамі. Нядаўні ўказ Лукашэнкі, празь які маглі заблякаваць у Беларусі Skype і Viber, быў скіраваны на барацьбу з парушэньнямі парадку пропуску трафіку.
Калі выпадкі злучэньняў з махлярамі (гэта завецца фродам) працягваюцца, то ці не праваленая тая барацьба і ці не «зламалася» сыстэма барацьбы празь дзеяньні, да якіх абавязаў нядаўні ўказ?
Сьцісла: беларускія апэратары не вінаватыя, вінаватыя замежныя, якія давяраюць нядобрасумленным партнэрам (але не парушаюць закону). Калі сутыкнуліся з такім, кідайце слухаўку і спрабуйце патэлефанаваць зноў. А лепей карыстайцеся бясплатнай сувязьзю ў праграмах кшталту Facebook Messenger, FaceTime, Skype ці Viber.
Што гавораць дзяржаўныя органы?
«Белтэлекам» перанакіраваў Свабоду з такімі пытаньнямі ў Міністэрства сувязі. А Мінсувязі і ААЦ далі Свабодзе разгорнутыя адказы, якія зводзяцца да аднога.
Мінсувязі і ААЦ не назіраюць росту колькасьці такіх выпадкаў (фроду) з часу публікацыі ўказу. «Белтэлекам» жа «займае актыўную пазыцыю ў галiне барацьбы з фродам і з парушэньнем вызначанага заканадаўствам парадку пропуску міжнароднага тэлефоннага трафіку».
Ва ўсіх выяўленых выпадках фроду з уваходным міжнародным тэлефонным трафікам віна беларускіх апэратараў сувязі адсутнічае
«Ва ўсіх выяўленых выпадках фроду з уваходным міжнародным тэлефонным трафікам віна беларускіх апэратараў сувязі адсутнічае, — запэўнівае міністэрства. — „Шэры“ трафік нелегальна дастаўляецца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь пры дапамозе інтэрнэту і праз адпаведныя тэхнічныя сродкi неправамерна накіроўваецца на сеткі электрасувязі беларускіх апэратараў. Выявіць віну нейкага замежнага апэратара сувязі ў фродзе не ўяўляецца магчымым, але можна сказаць адназначна, што тэлефонны трафік трапляе ў „шэрыя“ маршруты за межамі Рэспублікі Беларусь».
ААЦ ж дадае, што ў такіх выпадках замежныя апэратары перадаюць тэлефанаваньні не празь беларускіх апэратараў наўпрост, а праз асобаў, якія ня ёсьць апэратарамі сувязі:
«Такія асобы прывабліваюць замежных апэратараў нізкімі тарыфамі на тэрмінацыю галасавых выклікаў на сетцы электрасувязі Рэспублікі Беларусь, але могуць не забясьпечваць дапушчальных парамэтраў якасьці злучэньня, не даводзіць выклікаў да абанэнтаў або перанакіроўваць іх на іншых абанэнтаў», — піша ААЦ.
Ці сапраўды вінаватыя не беларусы?
Спэцыяліст у галіне сувязі пацьвярджае Свабодзе, што віны беларускіх апэратараў у гэтым няма: трафік адхіляецца ад прамога маршруту да Беларусі ў іншых краінах — да таго, як даходзіць да беларускага апэратара. Гэта найчасьцей легальная апэрацыя (якая лічыцца крыміналам у Беларусі, але за мяжой часта цалкам законная): замежны апэратар, калі ня мае дамовы зь беларускім, перадае тэлефанаваньні пасярэдніку, які абяцае перадаць іх беларускаму абанэнту па ніжэйшых тарыфах, чым было б наўпрост. А ўжо такія кампаніі могуць быць нядобрасумленнымі. Калі замежны апэратар атрымлівае частыя скаргі, то проста спыняе супрацу з пасярэднікам.
Раней такіх пасярэднікаў, кажа спэцыяліст, у Беларусі было болей, цяпер ім стала цяжэй. Мабільныя апэратары блякуюць тых, хто перанакіроўвае выклікі ў Беларусь, адсочваючы падазроную актыўнасьць у міжнародных тэлефанаваньнях. Але асобныя пасярэднікі выкарыстоўваюць не адну і ня дзьве, а сотні SIM-картаў, каб замаскаваць частыя выклікі з-за мяжы, якія затым перадаюцца беларускім абанэнтам. Спэцыяліст кажа, што кампаніі, што гэтым займаюцца, былі б і радыя працаваць у Беларусі легальна і перадаваць міжнародныя званкі па нізкіх тарыфах, але сумняваюцца, што атрымаюць ліцэнзіі.
Супрацоўнік адной з VoIP-кампаніяў распавядае, што такі від махлярства завецца «нядобрасумленнай тэрмінацыяй галасавога трафіку», альбо FAS (анг. False Answer Supervision):
«Звычайна такое хутка адлоўліваецца, бо сярэдні час размовы ўсіх кліентаў моцна падае, — тлумачыць прадстаўнік кампаніі. — Калі мы пускалі званкі не наўпрост у „Белтэлекам“, а на кампаніі-пасярэднікі, бо іхныя маршруты таньнейшыя за прамыя, то вельмі часта сутыкаліся з праблемай, калі адбываліся злучэньні не з патрэбным абанэнтам, а з фэйкавым.
Як пазней высьветлілася, гэта самыя звычайныя кол-цэнтры. Іх агенты прымаюць уваходныя тэлефанаваньні і спрабуюць трымаць кліента як мага даўжэй на лініі. Напрыклад, зарплата апэратара кол-цэнтру ў невялікім мястэчку Ўкраіны ці Расеі ня будзе большай за 10 даляраў за працоўны дзень, а кошт хвіліны перахопленай размовы — у раёне 30 цэнтаў. Кампаніі, якія адсылаюць тэлефанаваньні ў такія кол-цэнтры, плацяць па 20 цэнтаў.
Дык заробак агента кол-цэнтру акупляецца менш як за гадзіну размовы, далей ідзе чысты прыбытак. А калі ўявіць абʼём усіх такіх тэлефанаваньняў, то добра зарабляе і VoIP-кампанія, якая купіла гэты маршрут. Тут цэлая схема!»
І што рабіць?
Сам абанэнт ня можа наўпрост змагацца з махлярамі, якія «просяць пачакаць», — хіба не чакаць, пакласьці слухаўку і паспрабаваць патэлефанаваць зноў. Ды яшчэ можа папярэдзіць апэратара, зь якога рабіў выклік.
«У выпадку выяўленьня фактаў парушэньня парадку пропуску трафіку рэкамэндуем у найкарацейшы тэрмін паведаміць пра гэта свайму апэратару электрасувязі дзеля магчымасьці апэратыўнага рэагаваньня на інцыдэнт», — піша Мінсувязі.
Але ж можна параіць і па магчымасьці карыстацца бясплатнай аўдыё- і відэасувязьзю, якую прапануе цэлы шэраг праграмаў, калі абодва абанэнты карыстаюцца адной праграмай. Гэта магчыма і ў папулярных у Беларусі Skype і Viber, і ў інтэграваным у iPhone FaceTime, і ў Facebook Messenger, і нават у забытым многімі ICQ.