Аштрафаваў Рыгора Кастусёва на 20 базавых велічыняў Савецкі суд Менску за сьвяткаваньне Дня волі. Пазьней Менскі гарадзкі суд пакінуў гэты вырак у сіле.
Сёньня да фронтаўца ў ягоную кватэру ў Шклове наведаліся судовыя выканаўцы, але пакуль адтэрмінавалі апісаньне маёмасьці. Аказалася, што яму не даслалі дакумэнты на аплату штрафу.
«Як высьветлілася, судовыя выканаўцы ўжо прыходзілі да мяне ня раз і перад сёньняшнім візытам яны пасьпелі зрабіць запыты ў банкі, ці ёсьць у мяне рахункі. Тое ж зрабілі ў дзяржаўную аўтаінспэкцыю па маёй машыне. А таксама дазналіся, якая ў мяне ёсьць маёмасьць. Спраўдзілі, якія я маю тэлефоны», — сказаў Свабодзе Рыгор Кастусёў.
Палітык мяркуе заплаціць штраф, бо іначай, тлумачыць ён, улады могуць забараніць яму выезд за мяжу. А гэта недапушчальна з улікам ягонай пасады ў партыі. Таксама судовыя выканаўцы могуць абмежаваць яму магчымасьць карыстацца ўласным аўтамабілем.
Кастусёў кажа, што ня мае жаданьня разьвітвацца з маёмасьцю. Судовыя выканаўцы, адзначыў палітык, найперш зьвярнулі ўвагу, патрапіўшы ў кватэру, на кампутар.
Рыгора Кастусёва судзілі за Дзень волі некалькі разоў. Спачатку Савецкі суд Менску пакараў палітыка 30 базавымі велічынямі. Гарадзкі суд Менску, у якім фронтавец абскардзіў вырак, пастанавіў перагледзіць рашэньне раённага суда. Урэшце Кастусёва пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў, і гарадзкі суд пакінуў вырак у сіле.
Сваёй віны адзін з арганізатараў дазволенага Менскім гарвыканкамам сьвяткаваньня Дня Волі не прызнае. Ён заяўляе, што заўвагаў з боку праваахоўных органаў да ўдзельнікаў шэсьця і яго асабіста не было.
Рыгор Кастусёў кажа, што ўлада, караючы апазыцыянэраў, зарабляе грошы, «але зарабляе дужа брудна».
«Тое, як шукалі маю віну, як быў аформлены пратакол (з мноствам памылак), ды і цяпер, не даслаўшы мне дакумэнтаў, што я мушу плаціць і куды плаціць, пацьвярджае, што ўзровень кампэтэнцыі людзей, якія працуюць на адказных дзяржаўных пасадах, дужа нізкі. Гэты ўзровень нізкі ўва ўсіх галінах дзяржаўнай улады, таму ўладу трэба мяняць», — заяўляе фронтавец.