Паводле яго, асабліва ў расейскай кіна- і тэлеіндустрыі цэняцца беларускія сцэнарысты. «Я шмат гадоў працаваў у Маскве і ведаю, хто гэтыя людзі, хоць яны паводле кантракту і ня могуць паставіць сваё імя ў тытрах, — сказаў ён. — На каналах „СТС“, „ТНТ“ каля 70% аўтараў — беларусы, у тым ліку нашы КВЗшнікі. Таму беларускае кіно заўжды існавала, таленавітыя людзі таксама».
Поршнеў паведаміў, што цяпер у рэдактуры «Беларусьфільму» ляжаць 15 сцэнароў маладых беларускіх рэжысэраў, сем зь іх будуць адабраныя для стварэньня на базе нацыянальнай кінастудыі кароткамэтражак у новы беларускі альманах. Рашэньне ўзгодненае на ўзроўні Міністэрства культуры.
«Тут я сутыкнуўся з заяваю Міністэрства культуры пра тое, што адабраныя рэжысэры павінны быць абавязкова выпускнікамі Беларускай акадэміі мастацтваў», — распавёў Поршнеў і падкрэсьліў, што ён дакладна выказаў свой пункт гледжаньня: «Гэта павінны быць любыя людзі з профільнай адукацыяй, якія жадаюць зьняць кіно».
«Цяпер я запрашаю маладых рэжысэраў прыходзіць да нас са сваімі праектамі, інакш як мы знойдзем тых, хто складзе будучыню нашага беларускага кіно», — сказаў ён.
Акрамя гэтага, ён расказаў, што ўпершыню за апошнія чатыры-пяць гадоў на студыі «Летапіс» студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў будзе дадзеная пляцоўка для здымак курсавых працаў.
Дырэктар «Беларусьфільму» дадаў, што цяпер на кінастудыі здымаюцца тры мастацкія фільмы, якія фінансуюцца як з бюджэту, так і прыватных сродкаў. Поршнеў разьлічвае, што беларускі глядач убачыць карціны вясной.
Кіраўнік «Беларусьфільму»: Больш за палову пасьпяховых фільмаў для расейскіх тэлеканалаў робяць беларусы
- БелаПАН
Каля 60% пасьпяховых фільмаў, якія ідуць на расейскіх тэлеканалах, робяць беларусы, заявіў генэральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў 12 лістапада на сустрэчы, прысьвечанай вынікам XXIII Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад».
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1