Галоўная палітычная падзея мінулага тыдня — нечаканая перамога кандыдата-рэспубліканца Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. За амэрыканскімі выбарчымі баталіямі ўважліва сачылі і многія беларусы — справядліва мяркуючы, што ад вынікаў выбараў у самай магутнай дзяржаве сьвету шмат у чым залежыць і будучыня постсавецкай прасторы, у тым ліку Беларусі.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, дасланага Мікалаем Кавальковым зь Менску. Слухач піша:
«Вось цікава: усе СМІ, усе сацыёлягі і палітолягі дружна прадказвалі перамогу Гілары Клінтан — а перамог Дональд Трамп. Атрымліваецца, на Захадзе таксама прадажная сацыялёгія? Ці як гэта яшчэ патлумачыць?
Калі даводзіцца выбіраць паміж паліткарэктнасьцю і парадкам, людзі, відавочна, выбіраюць парадак. Гэтым, дарэчы кіраваліся і беларусы, выбіраючы Лукашэнку ў 1994 годзе. Але хто ж тады думаў, што гэты парадак выльецца ў пажыцьцёвую дыктатуру.
Асабіста я не прадбачу ніякіх асаблівых узрушэньняў у сьвеце ў сувязі зь перамогай Трампа. Наадварот, будзе болей парадку. Надта ўжо клапаціліся дэмакраты пра тое, каб, крый Божа, якую меншасьць не пакрыўдзіць. Вось у выніку і маем некантраляваную міграцыю з ісламскага сьвету ды расьперазаных баевікоў так званай „Ісламскай дзяржавы“. А Трамп проста абяцае зрабіць тое, чаго хоча большасьць амэрыканцаў ды эўрапейцаў. Магчыма, гэта гучыць непаліткарэктна... Але тая паліткарэктнасьць, падобна, на Захадзе большасьці насельніцтва ўжо надакучыла. Калі даводзіцца выбіраць паміж паліткарэктнасьцю і парадкам, людзі, відавочна, выбіраюць парадак. Гэтым, дарэчы кіраваліся і беларусы, выбіраючы Лукашэнку ў 1994 годзе. Але хто ж тады думаў, што гэты парадак выльецца ў пажыцьцёвую дыктатуру.
У ЗША, праўда, такога не адбудзецца: там палітычная сыстэма даўно адладжаная, перапісваць Канстытуцыю пад „хацелкі“ таго ці іншага палітыка ніхто ня будзе...».
Ня думаю, што сацыёлягаў цяпер трэба дружна абвінавачваць у ангажаванасьці ці непрафэсіяналізьме. Людзі не заўсёды бываюць шчырыя з тымі, хто праводзіць апытаньні (нават калі апытаньні гэтыя ананімныя). Іншая справа — таемнае галасаваньне... А рэйтынгі Гілары Клінтан і Дональда Трампа былі вельмі блізкія аж да асноўнага дня галасаваньня. Што праўда, найчасьцей сацыёлягі паведамлялі пра тое, што Клінтан нязначна апярэджвае суперніка.
Ну, але мала хто сумняецца, што галасы на амэрыканскіх выбарах лічылі сумленна і празрыста.
Пра што сьведчыць перамога Трампа? Відавочна, пра тое, што амэрыканцы хочуць пераменаў, у тым ліку і ў такой балючай тэме, як кантроль за міграцыяй.
Дарэчы, да гэтага ж імкнуцца і эўрапейцы. І зусім ня будзе вялікай неспадзяванкай, калі і ў заходнеэўрапейскіх краінах усё большую палітычную вагу пачнуць набываць правыя палітыкі з досыць радыкальнымі поглядамі на гэтую праблему.
Аўтар наступнага ліста Алесь Косьцін з Маладэчанскага раёну дзеліцца назіраньнямі пра сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць. Ён піша:
«Успамінаю, як дваццаць два гады таму Лукашэнка абяцаў запусьціць заводы. Ну што тут сказаць? Запушчаны яны цяпер так, што далей няма куды. Калі параўноўваць з тым, што было ў 1994 годзе, дык тады тыя заводы проста квітнелі і працавалі на поўную моц.
Што цікава: цяпер ужо, бадай, усе ў Беларусі (у тым ліку і тыя, хто галасаваў за Лукашэнку) перакананыя, што краіна зайшла ў тупік, што трэба нешта мяняць. Але ж сам прэзыдэнт, мяркуючы па ягоных выказваньнях, нічога мяняць ня хоча.
Што цікава: цяпер ужо, бадай, усе ў Беларусі (у тым ліку і тыя, хто галасаваў за Лукашэнку) перакананыя, што краіна зайшла ў тупік, што трэба нешта мяняць. Але ж сам прэзыдэнт, мяркуючы па ягоных выказваньнях, нічога мяняць ня хоча. Паводзіць сябе так, нібы нічога асаблівага наўкол не адбываецца. Адпачывае недзе ў Эміратах, гойсае па сьвеце — прычым па той ягонай частцы, адкуль ні дапамогі, ні вялікіх інвэстыцыяў мы ніколі ня мелі.
Цікава, як доўга гэта яшчэ можа працягвацца? І дзе тая сіла, якая здольная прымусіць уладу нарэшце азірнуцца, адумацца, пачаць нешта рэальна мяняць у краіне, каб людзі адчулі паляпшэньне?».
Як доўга гэта можа працягвацца — залежыць толькі ад самога беларускага грамадзтва, спадар Алесь. Аўтарытарныя рэжымы, разбэшчаныя дзесяцігодзьдзямі непадзельнай і некантраляванай улады, заклапочаныя, як правіла, найперш тым, каб гэтую ўладу ніколі са сваіх рук не выпускаць. А паколькі любыя рэформы пагражаюць устойлівасьці пажыцьцёвага прэзыдэнцтва — усё робіцца дзеля таго, каб нічога не мяняць.
Сёньняшнія беларускія рэаліі такія, што ніхто не чакае масавых грамадзкіх пратэстаў, здольных паўплываць на зьмену палітыкі. Але, зь іншага боку, і не мяняцца такая сытуацыя ня можа: дзяржава ўсё глыбей залазіць у даўгі, эканоміка не расьце, людзі працягваюць бяднець... І зьмены рана ці позна ў любым выпадку адбудуцца — хоча гэтага Лукашэнка ці не.
__________________________________________________________________
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by