Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Расея можа быць зьвязаная з хакерскай атакай на Цэнтральную выбарчую камісію Баўгарыі падчас правядзеньня рэфэрэндуму і мясцовых выбараў у кастрычніку 2015 году. Пра гэта заявіў баўгарскі прэзыдэнт Росэн Плеўнэліеў. Паводле яго, дзеяньні Масквы маюць на мэце дэстабілізацыю Эўропы.
У нядзелю 6 лістапада ў Баўгарыі праходзіў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, па выніках якога наперадзе генэрал у адстаўцы Румэн Радэў, які балятуецца ад Баўгарскай сацыялістычнай партыі, што выступае за шчыльнейшыя сувязі з Масквой.
Нагадаю, некалькі тыдняў таму ў Чарнагорыі адбылася спроба дзяржаўнага перавароту. За спробай захопу ўлады на парлямэнцкіх выбарах у мінулым месяцы стаялі расейскія нацыяналісты, яны мелі намер забіць прэм’ер-міністра Міла Джуканавіча. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву пракурора Чарнагорыі Мілівоя Катніча. Як паведамлялі раней СМІ, некалькі грамадзянаў Расеі былі дэпартаваныя з Сэрбіі «за ўдзел у падрыхтоўцы тэрарыстычных акцыяў у Чарнагорыі».
ЭЗ сутыкаецца з усё больш актыўнымі расійскімі спробамі ўкараніцца ў палітычныя працэсы і грамадзкія адносіны шляхам масіраванай прапаганды і дапамогі крайнім палітычным партыям. «Расейскі ўрад выкарыстоўвае цэлы шэраг інструмэнтаў, каб аспрэчыць дэмакратычныя каштоўнасьці і раскалоць Эўропу, і робіць гэта агрэсіўна, — аналітычныя цэнтры, розныя ўстановы, тэлеканалы, агенцтвы навінаў, трансгранічныя сацыяльныя і рэлігійныя групы, сацыяльныя сеткі, інтэрнэт-тролі», — гаворыцца ў адным з аналітычных дакумэнтаў, падрыхтаваных эўрапейскімі структурамі.
Без усялякага «фармальнага абвяшчэньня вайны» Крэмль, згодна з дакладам, «ўзмацніў прапагандысцкую вайну, у рамках якой Расея адыгрывае асаблівую ролю ў эўрапейскіх сродках масавай інфармацыі, спрабуючы забясьпечыць палітычную падтрымку сваім дзеяньням і падарваць адзінства зьнешняй палітыкі ЭЗ».
«У некаторых краінах расейскі ўплыў укараніўся і стаў настолькі усёабдымным, што ператварыўся ў пагрозу празаходняй арыентацыі, а таксама нацыянальнай і эўраатлянтычнай стабільнасьці», — гаворыцца ў дасьледаваньні The Kremlin Playbook Цэнтра стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне і Цэнтра вывучэньня дэмакратыі ў Сафіі. Дасьледаваньне праводзілася на працягу 16 месяцаў.
У Эўропе Расея інстынктыўна падтрымлівае любыя сілы, якія процістаяць цяперашняму эўрапейскага істэблішмэнту, любыя антысыстэмныя рухі.
Зазначу, што антыэўрапейская і антыдэмакратычная расейская прапаганда дзейнічае для кансалідацыі свайго ўласнага расейскага насельніцтва вакол расейскай улады і цяперашніх каштоўнасьцяў. У Эўропе Расея інстынктыўна падтрымлівае любыя сілы, якія процістаяць цяперашняму эўрапейскага істэблішмэнту, любыя антысыстэмныя рухі.
І дарэчы, у гэтым сэнсе для Расеі часам нават няма нейкай канкрэтнай палітычнай выгады — больш за тое, у некаторых выпадках Масква сутыкаецца з моцным расчараваньнем. Пэўныя час, напрыклад, расейская прапаганда прыхільна ставілася да Борыса Джонсана, былога мэра Лёндану, цяпер міністра замежных справаў Брытаніі. Расеі падабалася найперш тое, што Джонсан выступаў за Брэксіт.
Аднак ён ня так даўно заклікаў брытанцаў прыходзіць да расейскай амбасады і выказваць пратэст супраць дзеяньняў Расеі ў Сырыі. Але гэта ўжо драбяза, бо стратэгічная задача Масквы — падтрымліваць любыя сілы, якія могуць дэстабілізаваць сытуацыю ў эўрапейскі краінах, аслабіць іх палітычна. Асабліва ў краінах Усходняй Эўропы, дзе традыцыя дэмакратыі не такія моцныя, нацыянальныя інстытуты не настолькі трывалыя.
Карбалевіч: Тое, што Расея моцна актывізавала дзейнасьць па стварэньню і падтрымцы прарасейскіх сілаў у замежжы — відавочна. Масква пачала актыўна падтрымліваць ня толькі левыя сілы у Эўропе, што паўтарае практыку СССР, але і правыя партыі. Вядома, што РФ фінансавала Нацыянальны фронт у Францыі. Напрыклад, у Славаччыне зьявілася некалькі дзесяткаў грамадзкіх арганізацый, якія прапагандуюць палітыку Расеі.
Таксама не сакрэт, што расейская дзяржава фінансуе інстытут троляў, якія актыўнічаюць у сацыяльных сетках. Таксама ідзе лабіраваньне празь бізнэс, які зацікаўлены у эканамічным супрацоўніцтве з Расеяй. Тое, што ў Чарнагорыя гэты вылілася ў нейкую змову — гэта новая зьява, якая паўтарае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне у 2014 годзе.
Расея спэкулюе на тых крызісных зьявах, якія існуюць у ЭЗ і іншых краінах Усходняй Эўропы.
Зразумела, што Расея спэкулюе на тых крызісных зьявах, якія існуюць у ЭЗ і іншых краінах Усходняй Эўропы. Але тут існуе адна праблема. СССР прыцягваў людзей з усяго сьвету сваёй ідэалёгіяй, якая была досыць папулярная ў сьвеце. У сучаснай Расеі такой папулярнай ідэалёгіі няма. Акцэнт на традыцыйныя хрысьціянскія каштоўнасьці, якіх, маўляў, пазбавілася цяперашняя Эўропы зь яе палітыкай мультыкультуралізму і ляяльнасьці да сэксуальных меншасьцяў, ня цягне на нейкую альтэрнатыўную ідэалёгію.
Дракахруст: Як сытуацыя апошніх гадоў адлюстроўваецца ў сьвядомасьці расейскага істэблішмэнту? Як ні парадаксальна, нягледзячы на анэксію Крыму, на неабвешчаную вайну ў Данбасе, Масква адчувае сябе ў аблозе, адчувае краінай, на якую напалі.
Там шмат гадоў лічылі, што «каляровыя рэвалюцыю» — гэта напад на саюзьнікаў Расеі і на самую Расею. Пратэсты на Балотнай плошчы у 2011-2012 гадах Крэмль успрымаў як амэрыканскую спробу зьмяніць уладу ў Расеі.
І матывацыя цяперашніх расейскіх дзеяньняў у Эўропе — мы ўдарым у адказ, мы пачастуем вас той стравай, якой вы частавалі нас.
Адсюль і ўся гэтая палітыка «халоднай гібрыднай вайны» — падрыўныя дзеяньні ў інфармацыйнай, эканамічнай, палітычнай і ў іншых сфэрах, а ў Чарнагорыі — дык і ў ваеннай.
У стратэгічным пляне мэта Масквы — ня ўзяць пад кантроль пэўную краіну ці групу краінаў, а прымусіць Захад заключыць з Масквой чарговую «Ялту»
Я ня думаю, што гэта дакладная пакрокавая стратэгія. У нядаўна зьлітых у Сеціва дакумэнтах памочніка Пуціна Суркова ўтрымліваецца плян дэстабілізацыі сучаснай Ўкраіны пад назвай «Шатун». Дык там няма дакладнай схемы крокаў і вынікаў, да якіх яны павінныя прывесьці. Гэта набор ўдараў па ўкраінскай уладзе: а вось мы будзем распаўсюджваць кампрамат на цяперашнюю ўкраінскую ўладу, а вось мы будзем спрыяць выступам пратэсту і г. д. Не расьпісана канкрэтна, як гэтыя крокі прывядуць да мэты, скажам, да датэрміновых выбараў.
Па вялікім рахунку мэта — спарадзіць беспарадак, а ўжо да чаго ён прывядзе... прынамсі ў пляне «Шатун» гэтага няма.
Мяркую, што і адносна Эўропы ў Крамлі няма пляну дэстабілізацыі, дакладна пралічанага як ваенная кампанія — спачатку мы захопім Чарнагорыю, потым Баўгарыю і г. д. Хутчэй інакш — ёсьць набор дзеяньняў па дэстабілізацыі, Масква паспрабуе іх у адным месцы, ў іншым месцы, раптам недзе атрымаецца.
Я мяркую, што ў стратэгічным пляне мэта Масквы — ня ўзяць пад кантроль пэўную краіну ці групу краінаў, а прымусіць Захад заключыць з Масквой чарговую «Ялту», прызнаць выключную расейскую сфэру ўплыву. Магчыма, атрымаўшы гэта, Крэмль і стрымае сваіх агентаў, бо яму ўжо гэта будзе непатрэбна. Ён наступае ў Эўропе, каб Эўропа і ЗША прызналі яго выключныя прэрагатывы ў расейскім «блізкім замежжы».