Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сымбаль нашых змарнаваных грошай» — работнікі МТЗ пра помнік Леніну


Каля прахадной Менскага трактарнага заводу па просьбе камуністаў паставяць адрэстаўраваны помнік Леніну, які раней стаяў на тэрыторыі заводу. Урачыстае адкрыцьцё — 7 лістапада.

Пастамэнт будучага помніка накрыты тэнтам з плёнкі, пад якім, нягледзячы на кепскае надворʼе, працягваюцца падрыхтоўчыя працы.

Свабода спыталася ў мінакоў і супрацоўнікаў заводу пра тое, як яны ставяцца да ўсталяваньня помніка ў людным месцы.

Супрацоўніца жыльлёва-камунальнай службы Ала Леанідаўна, якая прыбірала пляцоўку побач, разважае, навошта сёньня ў Беларусі яшчэ адзін помнік Леніну.

— Гэта ж раней быў для нас цар і бог! У школе вывучалі адзіную гісторыю — правільную. Вельмі добра, што ставяць гэты помнік, — кажа Ала Леанідаўна.

— У суседніх краінах іх зносяць, а мы ставім. Чаму так атрымалася?

— Ну, у іх свой шлях, зусім іншыя каштоўнасьці. Там бандэраўцы пануюць. Ім Ленін цяпер не патрэбны. А нам ад яго горш дакладна ня будзе.

Каля прахадной некалькі рабочых, якія выйшлі адпачыць.

— Што сымбалізуе помнік Леніну? Па-першае, раней жа завод называўся «імя ордэна Леніна». Па-другое — гэта гісторыя краіны. Ня вельмі разумею, як так — «імя ордэна», але што зробіш з гісторыяй... — кажа Андрэй.

— У Прыбалтыцы і Ўкраіне Леніных разбурылі. А мы, наадварот, новых ставім?

— Ну і што? Вось у Кітаі ж ня зносяць!

Супрацоўніца МТЗ Зінаіда на пытаньне карэспандэнта Свабоды, навошта помнік камуністу ў некамуністычнай краіне, адказала:

— Ну, мы заўжды як бы пасярэдзіне, паміж рознымі ідэалёгіямі... У прынцыпе, правільна, што зьявіцца яшчэ адзін помнік, варта шанаваць мінулае. Кажуць, вэтэраны папрасілі паставіць. А я думаю: якія вэтэраны? Прапрацавала 40 гадоў на МТЗ, але мяне вось ніхто не запытаў ані пісьмова, ані вусна, ці хачу я яшчэ аднаго Леніна.

Дзьве жанчыны выйшлі з будынку і па дарозе да мэтро загаварылі пра будучы помнік: «Вось, нагарадзілі абы-што...»

— Ды як можна ставіцца да гэтага?! У заводу і так амаль няма грошай. Ці можна ў такі час забіраць адтуль грошы на помнік? Матэрыял каштуе, цэмэнт таксама, праца людзей... Усё жыцьцё ён стаяў ва ўнутраным двары. Не, трэба сюды было! Гэта агідна! — абураюцца Алена і Галіна.

— Што сымбалізуе Ленін у Беларусі?

— Для нас — сымбалізуе змарнаваныя грошы зь бюджэту МТЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG