Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маніфэст. Кірыл Руды абгрунтаваў, чаму і якія эканамісты не патрэбны Беларусі


Кірыл Руды
Кірыл Руды

На Кастрычніцкім эканамічным форуме з дакладам «Чаму нам не патрэбны эканамісты» выступіў былы дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях эканомікі, а цяпер амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

Спадар Руды прыгадаў, што летась на Кастрычніцкім форуме ён выступіў з дакладам «Чаму рэформы не атрымаюцца»; выступ атрымаўся рэзанансным, і сёньня патрабуецца спакойнае тлумачэньне. Справа не ў рэформах, не ў эканоміцы, справа ў дачыненьнях эканамістаў. Таму сёньня ён вырашыў працягнуць тэму ў фармаце роздуму, бо, як сам прызнаўся, мае шэраг сумневаў, якімі хоча падзяліцца.

Эканамісты не патрэбны эканоміцы

Нашы эканамісты «заточаныя» не на рост эканомікі, а на захаваньне яе структуры. Але калі эканоміка не расьце, не дае дадатковага прадукту, то за кошт чаго яе захоўваць? Адказ вельмі просты: за кошт займаў.

«Такім чынам, каму і чаму не патрэбны эканамісты? Па-першае, на мой погляд, эканамісты не патрэбны самой эканоміцы, бо яны не ўплываюць на яе рост. У нас эканоміка расла з ростам ценявых рынкаў, рынку калію, рынку нафты і расейскага рынку. Калі гэтыя рынкі ўпалі, і ў нас ня стала эканамічнага росту. Значыць, справа не ў эканамістах. Верагодна, нам проста шанцавала ў той пэрыяд. Калі ў 2014 годзе пачаўся адток капіталу ў разьвітых краінаў, і ў нас стала горш, у нас стала менш грошай. У Беларусі зь 2015 году стала больш закрывацца прадпрыемстваў з замежным капіталам, чым адкрывацца, памер іх статутных фондаў пачаў скарачацца.

Больш за тое, нашы эканамісты «заточаныя» не на рост эканомікі, а на захаваньне яе структуры. Але калі эканоміка не расьце, не дае дадатковага прадукту, то за кошт чаго яе захоўваць? Адказ вельмі просты: за кошт займаў. Таму сёньня нашы эканамісты — проста «прадаўцы дзяржаблігацый». Але нават у гэтым выпадку дзяржаўныя пазыкі павінны стымуляваць эканамічны рост і, паводле ідэі, рост эканомікі павінен перавышаць рост дзяржаўнага доўгу. У нас доўг расьце, як унутраны, так і зьнешні, а эканоміка падае. Значыць, эканамісты не ўплываюць на эканамічны рост.

Эканамісты не патрэбны грамадзтву і палітыкам

Калі няма агульнага адчуваньня крызісу, няма і палітычнай волі зь яго выходзіць. Таму і няма попыту на эканамістаў. Але гэта калектыўная памылковая думка, таму што ўжо сёньня крызіс робіць нэгатыўны ўплыў на грамадзтва.

Па-другое, эканамісты не патрэбны грамадзтву, значыць, не патрэбны палітыкам. Гэта азначае, што няма адчуваньня крызісу ў эканоміцы. У нас другі год падае ВУП, падаюць прыбыткі насельніцтва і вытворчасьць. У сваіх тэорыях эканамісты называюць гэта эканамічным крызісам. Але на практыцы ў грамадзтве сваё разуменьне крызісу — зыходзячы з уласнай памяці і разуменьня сытуацыі. Наколькі я разумею, для старэйшага пакаленьня галоўнае ня грошы, а каб не было вайны; сярэдняе пакаленьне адштурхоўваецца ад 1990-х — маўляў, бывала і горш, заробак 30 даляраў быў; малодшае пакаленьне параўноўвае з эўрапейскімі краінамі і кажа, што горш ужо няма куды. У прынцыпе, калі няма агульнага адчуваньня крызісу, то няма і палітычнай волі зь яго выходзіць. Таму і няма попыту на эканамістаў. Але гэта калектыўная памылковая думка, таму што ўжо сёньня крызіс робіць нэгатыўны ўплыў на грамадзтва. Таму што, паводле дасьледаваньняў, рост беспрацоўя на 1% прыводзіць да росту самагубстваў на 1,3%.

Па-другое, падзеньне эканомікі ў краіне пры росьце яе ў іншых краінах вядзе да непераадольнага адставаньня на дзясяткі гадоў, што адаб’ецца і на наступных пакаленьнях.

Эканамісты не патрэбны бізнэсу

Па-трэцяе, эканамісты не патрэбны бізнэсу. Эканамісты ўносяць хаос, таму што спрабуюць заняцца не сваёй справай, а менавіта дзяржаўным бізнэсам, і выступіць на боку прапаноў. Замест дырыгаваньня спрабуюць самі граць у аркестры, стараюцца здагадацца, што будзе запатрабавана, зыходзячы з уласнага здаровага сэнсу, і туды накіраваць бюджэтныя сродкі. Напрыклад, у інфраструктуру са стэрэатыпу даўгавечнасьці, у сельскую гаспадарку ці машынабудаваньне — па інэрцыі, у іншыя сфэры — як даніна модзе.

Альбо выбіраецца звыклае, камфортнае рашэньне для захаваньня статус-кво, альбо выбіраецца кампраміс, непрадказальны і складаны для ўспрыняцьця. Так зьяўляецца няпэўнасьць, нявызначанасьць, якая дэзарыентуе, скажае стымулы, вядзе да непатрэбных інвэстыцый.

Ну і па-другое, чаму эканамісты ўносяць хаос і не патрэбныя бізнэсу — таму што ў іх няма рэальных паўнамоцтваў і яны ня могуць паслаць дакладныя сыгналы бізнэсу... Калі няма паўнамоцтваў, яны патанаюць сярод несупастаўных альтэрнатыў. У выніку альбо выбіраецца звыклае, камфортнае рашэньне для захаваньня статус-кво, альбо выбіраецца кампраміс, непрадказальны і складаны для ўспрыняцьця. Так зьяўляецца няпэўнасьць, нявызначанасьць, якая дэзарыентуе, скажае стымулы, вядзе да непатрэбных інвэстыцый і ў выніку — да хаосу.

Эканамісты не патрэбны самі сабе

У прынцыпе, яны ўжо ўсё прапанавалі. Так ці інакш, яны заўсёды прапануюць адно і тое ж. І ў 1990-х, і ў 2000-х, і ў 2010-х імі ўжо распрацаваныя розныя «тэорыі»: «дарожныя мапы», пяцігодкі, стратэгіі да 2030 году. Здавалася б, цяпер патрэбны практыкі-тэхнакраты, здольныя ўзяць на сябе адказнасьць і часам непапулярнасьць за тэхнічную рэалізацыю. Але і яны не запатрабаваныя. Праходзяць гады, яны адчуваюць сваю непатрэбнасьць, перастаюць верыць (найперш у сябе) і сыходзяць у іншую самарэалізацыю.

Таму, каб сёньня аднавіць эканамічны рост, патрэбныя не эканамісты.

Хто сёньня патрэбен замест эканамістаў? Бізнэсоўцы, юрысты, сацыёлягі

Па-першае, патрэбны бізнэсоўцы. Мы часам параўноўваем праблемы ў эканоміцы з вайной. Але як перамагчы ў вайне? Расейскія навукоўцы назвалі важную прычыну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне: «асабістая ініцыятыва, якая зьявілася дзякуючы паслабленьню рэпрэсій перад тварам агульнага ворага. Менавіта яна кампэнсавала параліч і бездапаможнасьць кіраўніцтва. Усьлед узьнікла пачуцьцё асабістай адказнасьці за лёс краіны, і сталі напрацоўвацца навыкі свабоды».

Эканаміст на вышэйшай пасадзе мае менш стымулаў вырашаць праблемы бізнэсу, чым сам бізнэс. Таму ў пэрыяд спаду, каб вярнуць рост, патрэбны найперш бізнэсоўцы.

Таксама і падчас эканамічных крызісаў многія краіны, як, напрыклад, Кітай, Паўднёва-Ўсходняя Азія, Цэнтральная і Усходняя Эўропа, спынілі падзеньне і выратаваліся, перайшоўшы да прагматызму і да свабоднага бізнэсу. Відавочна, што эканаміст на вышэйшай пасадзе мае менш стымулаў вырашаць праблемы бізнэсу, чым сам бізнэс. Таму ў пэрыяд спаду, каб вярнуць рост, патрэбны найперш бізнэсоўцы.

Па-другое, нам патрэбны юрысты. Менавіта яны могуць абараніць бізнэс, пакуль ён не адужэў і расьце. Але абараніць ад каго? Ад сілавога ціску дзяржавы! У гэты складаны час мы самі сталі пагаршаць сытуацыю. У нас колькасьць адміністрацыйных спраў паводле эканамічных артыкулаў за 2015 год вырасла з 9 тысяч да 13 тысяч. А спагнаньні накладаюцца ў 9 зь 10 спраў, якія трапілі ў суд. Можна спрабаваць абскардзіць сілавыя дзеяньні. Але такіх спробаў кожны год усё менш, і задавальняюцца адзінкі. Напрыклад, у 2015 годзе са 112 абскарджаньняў рашэньняў мытні задаволеныя толькі 6, зь 78 пазоваў супраць падатковай — таксама толькі 6. Таму, каб эканоміка аднавілася, яна павінна абараняцца.

Па-трэцяе, патрэбны сацыёлягі. Нам трэба «раскадаваць» грамадзтва. У нас ёсьць культурныя бар’еры, якія тармозяць эканоміку: спажывецкае стаўленьне да інвэстараў, да дзяржавы, прыярытэт роўнасьці над багацьцем, арыентацыя на савецкае мінулае, гігантаманія, матывацыя пагрозамі (заклік да інстынктаў, а не да разумнага сэнсу), ухіленьне ад адказнасьці і балючых рашэньняў.

Для зьмены мысьленьня трэба мяняць фармат СМІ, а ў паводзінах выкарыстоўваць мэханізмы, якія ўплываюць на несьвядомыя паводзіны людзей.

З-за мяжы Беларусь часам здаецца дзіўнай краінай, але сёньня мы ў трэндзе. Ідзе адраджэньне расейскіх традыцыйных каштоўнасьцяў, кітайскага нацыянальнага гонару, эўрапейскага нацыяналізму, лацінаамэрыканскага папулізму, брытанскага кансэрватызму. Усе гэтыя культурныя матрыцы падобныя. Напрыклад, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя Ф. Хаек называў наступныя характарыстыкі брытанскага кансэрватызму: цяга да ўлады, патэрналізм, традыцыяналізм, антыінтэлектуалізм і містыцызм. Раскадаваньне з дапамогай сацыялёгіі неабходнае, але недастатковае. Для зьмены мысьленьня трэба мяняць фармат СМІ, а ў паводзінах выкарыстоўваць мэханізмы, якія ўплываюць на несьвядомыя паводзіны людзей.

«Ня трэба зафарбоўваць вочы цмоку», альбо якія эканамісты Беларусі патрэбныя

На леташняй канфэрэнцыі быў зроблены прагноз, што рэформы не атрымаюцца ў Беларусі ў 2016 годзе. Вядома, яшчэ год не скончыўся, і спробы былі, і штосьці цішком праведзена, але сыстэмных рэформаў не атрымалася, клімат не зьмяніўся. Эканоміка сёньня падае ўжо дакладна не праз рэформы, а хутчэй праз тое, што іх няма. Сілавая рэакцыя на крызіс пагаршае яго. Зьяўляюцца новыя праблемы, выкліканыя ўжо ня вонкавымі фактарамі, а нашымі ўласнымі дзеяньнямі. Здавалася б, менавіта тут і цяпер патрэбны эканамісты. Але калектыўная памяць і вера ў свае сілы не дазваляюць паглядзець на праблемы вачамі эканамістаў і пакорліва дазволіць эканоміцы самой аднавіцца.

Усё гэта нагадвае кітайскую прыпавесьць, калі мастак намаляваў на сьцяне прыгожага цмока, але ўвесь час баяўся, што той паляціць. Таму вырашыў зафарбаваць цмоку вочы.

Таксама і нашай эканоміцы, як вочы, патрэбны эканамісты. Але не такія, якія маўчаць і лічаць гэта ляяльнасьцю, а якія папярэджваюць і лічаць гэта патрыятызмам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG